Аснова нашай будучыні – зберажэнне традыцый

Апублiкавана: 22 студзеня 2024 Нам пішуць Традыцыі Гродна і вобласць

Аўтар: Аўтары

На Слонімшчыне ў вёсках Бярдовічы і Шышкі ў гэты дзень зладзілі яшчэ і абрад “Падсаджванне Каляды на дуб”, які сімвалізуе заканчэнне ўсіх калядных свят, як у народзе кажуць “Святое Хрышчэнне и Калядам прашчэнне”. 

Разам з Галінай Уладзіміраўнай Захарчук, галоўным носьбітам і знаўцам мясцовых традыцый, народныя калектывы Слонімскага раённага цэнтра культуры, народнай творчасці і рамёстваў правялі рэканструкцыю гэтага абраду. 

Па навучэнні Галіны Уладзіміраўны гурт калядоўшчыкаў  сабраўся ў цэнтры вёскі. Тут і знаёмая нам з маленства Козачка, і матыў любімай калядкі “Го-го-го, каза”, і сама баба-Каляда і пах святочнай кашы. Далей усе разам рушылі да дуба. Наперадзе ішоў мужчына, што нёс Калядную зорку з іконай і свячой, далей крочыла Баба-Каляда, што цягнула на саначках маленькага хлопчыка, які трымаў посуд з куццёй. Ішлі з музыкай, спявалі. Галіна Ўладзіміраўна кажа, што абавязкова спявалі песню “Учора звячора”, а як падышлі да дуба – музыкі заводзілі “Неба і Зямля”.

Дуб асвячалі вадой, пасля чаго падсаджвалі на яго маленькага хлопчыка, які ставіў сярод вецця кашу, каб ушанаваць вялікае свята Хрышчэння, папрасіць перад Богам заступніцтва на будучы год і багаты ўраджай. Рассыпалі куццю і вакол дуба на добры ўраджай. Далей танчылі, спявалі, варажылі на наступны год, а пасля вярнуліся ў вёску святкаваць Хрышчэнне.