“Лялечкі” танцуюць!

Ансамбль “Лялечкі” ўзнік на Гродзеншчыне ў снежні 1977-га. Выступленням артыстаў апладзіруюць не толькі ў Беларусі, але і далёка за мяжой. Сваім майстэрствам калектыў заваёўвае нават самую дасведчаную аўдыторыю літаральна адразу пасля з’яўлення на сцэне.

ІМЯ ДАЛА ПУБЛІКА 

Першым нумарам у рэпертуары тады яшчэ невялікага танцавальнага аб’яднання былі “Лялечкі”. З лёгкай рукі гледачоў ансамбль так і празвалі — нашы лялечкі. Нязменны кіраўнік Надзея Урукіна згадвае, што ў 1982 годзе, калі калектыву прысвойвалі званне “Узорны”, на пытанне “Якое імя мы дадзім нашаму ансамблю?” хлопчыкі і дзяўчынкі дружна адказалі: “«Лялечкі»! Мы ўжо даўно імі сталі”. 

З самага пачатку творчай суполцы вельмі дапамагала мясцовае сельскагаспадарчае прадпрыемства і аддзел культуры Гродзенскага райвыканкама, якія не адмаўлялі ні ў адной просьбе. Так калектыў атрымаў і цудоўныя касцюмы, і фінансаван- не ўсіх гастролей, і падарун¬кі дзецям да Новага года. “Лялечкі” як выступаюць у сябе дома, так і прадстаўляюць раён ды краіну за мяжой. Хлопцы і дзяўчаты заўсёды адчуваюць надзейнае плячо. 

Пералічыць усе дасягненні “Лялечак” немагчыма. Аб’яднанне — шматразовы лаўрэат усесаюзных, рэспубліканскіх і міжнародных фестываляў і конкурсаў, стыпендыят і двойчы ўладальнік спецыяльнай прэміі фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Калектыў мае прэмію Беларускага прафесійнага саюза работнікаў культуры ў намінацыі “Аматарская мастацкая творчасць”, дыплом V Маладзёжных Дэльфійскіх гульняў краін СНД. “Лялечкі” ўдзельнічалі ў святочных канцэртах у Палацы Рэспублікі і Нацыянальнай бібліятэцы, рэспубліканскіх і абласных “Дажынках”. 

СПРАВА СЯМЕЙНАЯ 

Мастацкі кіраўнік калектыву Надзея Урукіна — заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, двойчы стыпендыят фонду Прэзідэнта за высокае прафесійнае майстэрства, ганаровы грамадзянін Гродзенскага раёна, чалавек года Гродзеншчыны. 

Рашэнне стварыць “Лялечкі” ўзнікла ў Надзеі Іванаўны праз любоў да дзяцей і велізарнае жаданне навучыць іх танчыць. Праца складаная, але вельмі цікавая. У кожнага хлопчыка і дзяўчынкі ёсць пэўныя здольнасці, і задача педагога — разгледзець іх, даць дзіцяці паверыць у свае сілы. Паверыць у талент, у тое, што яно можа дабіцца поспеху дзякуючы дапамозе дасведчанага настаўніка і працавітасці. За час навучання Надзея Урукіна літаральна прырастае душой да ўсіх юных артыстаў. Творцу цяжка развітвацца з імі пры выпуску. У калектыў прыходзяць розныя дзеці, і любых трэба падтрымаць, нават залішне актыўных. Надзея Іванаўна заўсёды імкнецца выхаваць паважлівае стаўленне да старэйшых, да таварышаў. Яна кожную няўдачу ўспрымае як сваю: 

— Дзіця павінна давяраць педагогу. Малыя вельмі тонка адчуваюць фальш. Яны заў- сёды ідуць да настаўнікаў па параду, а гэта дарагога варта, часта дзеляцца праблемамі, пра якія не ведаюць нават бацькі. 

Кіраўнік “Лялечак” з цягам часу не страціла энтузіязму: 

— Я люблю працу, якой прысвяціла ўсё жыццё. Гэтыя бясконцыя рэпетыцыі, канцэрты. Адчуванне, калі заміраеш перад кожным выхадам хлопчыкаў і дзяўчынак на сцэну, як у першы раз, і выдыхаеш пад бурныя апладысменты гледачоў. Дзіцячы смех і даверлівыя вочы, якім нельга схлусіць і дзякуючы якім ты жывеш, становішся чысцейшым і дабрэйшым. Усё гэта дае мне сілы, жаданне і магчымасць тварыць для выхаванцаў, для нашага любімага гледача. 

У ансамблі працуе балетмайстрам-пастаноўшчыкам дачка Надзеі Іванаўны — Таццяна. З трох месяцаў яна была з мамай на рэпетыцыях. Таму першыя крокі зрабіла ў ансамблі, у якім пазней танцавала дзевяць гадоў. Затым паступіла ў Гродзенскі дзяржаўны каледж мастацтваў і неўзабаве вярнулася да маці. Дзякуючы Таццяне Алегаўне калектыў набыў новае дыханне. Вельмі таленавітая, творчая, з тонкім эстэтычным густам, малады спецыяліст дала штуршок развіццю і росту ансамбля. Арыгінальныя пастаноўкі педагога атрымліваюць Гран-пры і першыя месцы на шматлікіх міжнародных конкурсах. 

СУНІЧНЫ ЧАЙ 

“Лялечкі” — своеасаблівы брэнд Гродзенскай вобласці. Яны маюць непаўторнае аблічча. Але ў любой рэчы і справы ёсць парадны і адваротны бакі. Публіка не бачыць чарнавой працы, няўдач, зрываў, слёз, не бачыць, як танец шліфуецца да драбнюткіх дэталей на рэпетыцыях, каб потым на канцэртах усё выглядала лёгка і прыгожа. Менавіта таму маленькіх артыстаў з першых заняткаў прывучаюць да адказнасці. Ад памылак аднаго можа парушацца ўся карціна выступлення, таму згуртаванасць так важная ў калектыўнай рабоце. 

Што датычыцца рэпертуару, усе кампазіцыі падбіраюцца з улікам інтарэсаў выхаванцаў, з якімі педагогі часта раяцца. Вельмі разнапланавыя пастаноўкі прысвечаны самым актуальным тэмам. Да прыкладу, ансамбль выконвае нумары “Сунічны чай”, “Цудоўнае далёка”, танецпапуры “Мульці-пульці”, харэаграфічную сюіту “Гуканне вясны”. 

НАЙПЕРШ — ЛЮБОЎ 

Сёння ў аб’яднанні — 45 дзяцей. Яны вучацца не толькі танцаваць, але і сябраваць, паважаць таварышаў і, вядома ж, педагогаў. Хлопчыкі і дзяўчынкі разам адзначаюць дні нараджэння і знамянальныя для ансамбля даты. Існуе добрая традыцыя, якая стала важным правілам і дэвізам: што б ні здарылася, калі справа тычыцца ўдзелу ў канцэрце, калектыў падводзіць нельга. Нават бацькі адчуваюць адказнасць. Закон для ўсіх — любоў да Радзімы, да яе традыцый, добрая вучоба, працавітасць, дысцыпліна, акуратнасць, павага, узаемавыручка і дапамога малодшым, кіраўніку. Дзе б ні былі дзеці, яны заўсёды з гонарам сцвярджаюць: “Мы з Беларусі, з Прынёманскага краю”. Перад кожным выхадам на сцэну юныя артысты становяцца ў круг, бяруцца за рукі і кажуць: “Адзін за ўсіх і ўсе за аднаго!” 

Ганна САКАЛОВА 

Фота з архіва калектыву