Развіваючы культурную прастору

Апублiкавана: 25 студзеня 2024 Стужка Афіцыйна Мінск Ёсць пытанне!

Аўтар: Аўтары

У кінапракаце павялічыцца доля айчынных фільмаў, у тэатрах стане больш спектакляў па творах беларускіх аўтараў. Што яшчэ чакае нашу сферу, якім будзе творчае асяроддзе і як гэта паўплывае на соцыум? Уступіла ў сілу Канцэпцыя развіцця нацыянальнай культурнай прасторы ва ўсіх сферах жыцця грамадства на 2024—2026 гады.

Дакумент зацверджаны Пастановай Савета Міністраў ад 28 снежня 2023 года № 961. Ён уяўляе сабой сістэмнае выкладанне падыходаў да мэт, задач, прынцыпаў і асноўных напрамкаў развіцця нацыянальнай культурнай прасторы Рэспублікі Беларусь. 

Згодна з Канцэпцыяй, развіццё нацыянальнай культурнай прасторы накіравана на захаванне гістарычнай памяці беларускага народа, яго нацыянальна-культурнай самабытнасці, рэалізацыю інтэлектуальнага і творчага патэнцыялу нацыі, актыўнае ўцягванне грамадзян у культурнае жыццё краіны пры захаванні культурнай разнастайнасці і адкрытасці да вынікаў творчай дзейнасці іншых народаў, найлепшых узорах сусветнай культуры, якія маюць важнае сацыяльна-культурнае значэнне, носяць высокамастацкі і высокамаральны характар. 

Дакумент распрацаваны на аснове міжгаліновага прынцыпу і арыентаваны на прадстаўнікоў усіх слаёў грамадства і ўзроставых груп насельніцтва нашай краіны. Чакаецца, што ў працэсе рэалізацыі канцэпцыі будзе выбудавана сістэма міжведамаснага, міжгаліновага ўзаемадзеяння і грамадскадзяржаўнага партнёрства ў вырашэнні задач развіцця нацыянальнай культурнай прасторы. 

У дакуменце, у прыватнасці, вызначаны асноўныя прынцыпы развіцця нацыянальнай культурнай прасторы. Да іх аднесены: 

■ захаванне адзінай нацыянальнай культурнай прасторы, уключаючы моўную, адукацыйную, інфармацыйную; 

■ эвалюцыйны шлях развіцця нацыянальнай культурнай прасторы на аснове ўліку сучасных патрэб дзяржавы, грамадства і грамадзян; 

■ апора на традыцыйныя культурныя каштоўнасці і традыцыі нашага народа, гістарычныя і сацыяльна-эканамічныя асаблівасці беларускай дзяржавы; 

■ цэласнасць, сістэмнасць, адзінства і ўзгодненасць культурнай, адукацыйнай, прававой, сацыяльна-эканамічнай і іншых відаў дзяржаўнай палітыкі. 

Канцэпцыя накіравана на ўсебаковую падтрымку развіцця культуры Беларусі; забеспячэнне культурнай бяспекі рэспублікі; абарону нацыянальнай культурнай прасторы; захаванне і зацвярджэнне традыцыйных каштоўнасцей нашага народа; фарміраванне патрыятычных перакананняў і грамадзянскай адказнасці; супрацьдзеянне пагрозам нацыянальнай бяспекі ў інтарэсах беларускай дзяржавы, грамадства і грамадзян. 

Пастаўленыя дакументам мэты павінны дасягацца намаганнямі ўсіх суб’ектаў фарміравання і развіцця дзяржаўнай культурнай палітыкі — дзяржаўных і грамадскіх інстытутаў, а таксама грамадзян Рэспублікі Беларусь. 

Прававым актам устаноўлены механізмы рэалізацыі канцэпцыі па асобных напрамках. Так, для захавання і папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны, нацыянальных традыцый і звычаяў плануецца: 

■ павялічыць ахоп насельніцтва мерапрыемствамі, якія фарміруюць патрыятычныя каштоўнасныя арыентацыі; 

■ папулярызаваць падзеі і асобы, якія ўнеслі значны ўклад у станаўленне беларускай дзяржаўнасці; 

■ рэалізоўваць мерапрыемствы па павышэнні культуры вусных і пісьмовых дзяржаўных моў у дзяржустановах, арганізацыях гандлю, грамадскага харчавання, бытавога абслугоўвання, СМІ; 

■ укараняць у працу ўстаноў і арганізацый усіх формаў уласнасці практыкі святкавання дзяржаўных і сучасных беларускіх свят, праводзіць грамадзянскія рытуалы з выкарыстаннем нацыянальных традыцый; 

■ далучаць адрэстаўраваныя і закансерваваныя гісторыка-культурныя каштоўнасці ў культурны і турыстычны абарот. 

Таксама будуць прасоўвацца і развівацца нацыянальная мастацкая культура і мастацтва праз павелічэнне ўдзельнай вагі спектакляў, канцэртаў па творах беларускіх аўтараў у рэпертуары тэатральна-відовішчных арганізацый; экранізацыі твораў беларускай літаратуры; стварэнне рэсурсаў для папулярызацыі айчыннай культуры, літаратуры і мастацтва ў сетцы Інтэрнэт; распаўсюджванне ў арганізацыях культуры практыкі святкавання народных і сучасных грамадзянскіх свят, памятных дат з выкарыстаннем мясцовых традыцый, адмовы ад свят, навязаных звонку. 

Рэпрэзентацыя нацыянальнай культуры Беларусі ў інфармацыйным і лічбавым асяроддзі будзе дасягацца за кошт: 

■ алічбоўкі музейных калекцый і гістарычных дакументаў, размяшчэння лічбавых копій твораў мастацтва і гістарычных дакументаў на спецыяльнай платформе; 

■ фарміравання лічбавага фонду і электронных калекцый дакументаў у бібліятэках; 

■ фота-, відэа-, аўдыязапісаў значных мерапрыемстваў у сферы культуры і мастацтва, якія адбываюцца ў Беларусі; 

■ стварэння ўстановамі культуры якаснага лічбавага кантэнту; 

■ рэалізацыі ўстановамі культуры і мастацтва мерапрыемстваў у анлайн-асяроддзі (прасоўванне брэндаў у сацсетках, вядзенне афіцыйных сайтаў, распрацоўка мультымедыйных інтэрнэт-праектаў, стварэнне інтэрактыўных экскурсійных маршрутаў, гульнявых праграм для музеяў, тэатраў і інш.); 

■ выкарыстання магчымасцей Сеціва для прэзентацыі культуры, мастацтва і творчасці беларусаў. 

Акрамя таго, плануецца развіваць нацыянальную культурную прастору навукі і адукацыі. Кірунак будзе рэалізоўвацца, у прыватнасці, праз падтрымку нацыянальных навуковых брэндаў, навукоўцаў і арганізацый; праграм і даследаванняў, арыентаваных на захаванне і аднаўленне унікальных экасістэм і прыродных рэсурсаў, якія з’яўляюцца часткай нацыянальнай культурнай прасторы; арганізацыю адукацыйнага працэсу як пастаянна ажыццяўлянай магчымасці самавызначэння і творчасці навучэнцаў на аснове ўзораў нацыянальнай культуры; шырокае ўключэнне нацыянальнага культурнага кантэксту ў змест адукацыі ды іншае. 

Яшчэ дакументам вызначаны механізмы для развіцця культуры побыту, грамадскіх адносін і вытворчасці, а таксама для культурнага развіцця рэгіёнаў. У тым ліку: 

■ стымуляванне вытворчасці тавараў з выкарыстаннем беларускай сімволікі; 

■ стварэнне назваў і распрацоўка сімволікі новых марак і брэндаў тавараў з улікам мясцовых культурных асаблівасцей; 

■ арганізацыя гучання ў аб’ектах гандлю і грамадскага харчавання фонавай музыкі найлепшых твораў беларускіх аўтараў і выканаўцаў; 

■ стварэнне сямейных маршрутаў і праграм, накіраваных на знаёмства з мясцовай культурай і гісторыяй; 

■ падтрымка маладых аўтараў, папулярызацыя іх творчасці ў рэгіёнах; 

■ пашырэнне міжнароднага супрацоўніцтва з дэманстрацыяй дасягненняў нацыянальнай культуры, правядзенне Дзён культуры ў гарадах-пабрацімах і дружалюбных краінах.