Як элемент дыпламатыі

Апублiкавана: 28 студзеня 2024 Стужка Афіцыйна Мінск Культурная дыпламатыя

Аўтар: Аўтары

Прадстаўляючы Айчыну, рабіць усё для ўмацавання аўтарытэту беларускай дзяржавы на міжнароднай арэне. Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка 22 снежня павіншаваў работнікаў дыпламатычнай службы краіны з прафесійным святам. Да міжнароднага дыялогу і супрацоўніцтва прычынілася і культурная дыпламатыя.

АРМЕНІЯ: РЫХТУЕМСЯ ДА ДЗЁН КУЛЬТУРЫ 

Пытанні арганізацыі Дзён культуры Арменіі ў Беларусі абмеркавалі 24 студзеня ў Міністэрстве культуры. Кіраўнік ведамства Анатолій Маркевіч правёў сустрэчу з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Арменія Аляксандрам Канюком. 

Анатолій Маркевіч падчас сустрэчы з Аляксандрам Канюком

Анатолій Маркевіч падчас сустрэчы з Аляксандрам Канюком

Было адзначана, што культурнае супрацоўніцтва як элемент дыпламатыі спрыяе ўмацаванню пазітыўнага іміджу дзяржаў на міжнароднай арэне, павышае ўзровень зацікаўленасці да нацыянальных традыцый абедзвюх краін і папулярызацыі іх культуры. Залогам міжнароднага міру з’яўляецца гарманічнае суіснаванне розных культур, дыялог і супрацоўніцтва ў абстаноўцы даверу і ўзаемаразумення. 

МАЛДОВА: ПРЫМАЕМ ДАРЫ 

Таварыства дружбы Беларусь-Малдова падарыла Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі кнігі, прысвечаныя вывучэнню феномена гагаузскага этнасу, у тым ліку гагаузаў Беларусі — адной з малалікіх і дысперсна пражываючых рэгіянальных груп гэтага этнасу. 

У мерапрыемстве ўдзельнічалі генеральны дырэктар Нацбібліятэкі Вадзім Гігін, старшыня таварыства дружбы Беларусь-Малдова Віктар Сарачан, доктар гістарычных навук Лізавета Квілінкова. У яе кнігах разглядаюцца вектары знешнепалітычнай стратэгіі Гагаузіі і культурна-цывілізацыйныя арыенціры, а таксама спосабы захавання культурнай спадчыны. 

КІТАЙ: СВЯТКУЕМ НОВЫ ГОД 

Урачысты канцэрт “Свята Вясны — 2024”, прымеркаваны да кітайскага Новага года, пройдзе 31 студзеня ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. Сёлета для традыцыйнай імпрэзы нумары падрыхтавалі паўсотні кітайскіх студэнтаў і выпускнікоў беларускіх ВНУ. Задзейнічаны і навучэнцы сталічнай гімназіі № 23. Артысты прадэманструюць яркасць і разнастайнасць нацыянальнага і сучаснага мастацтва КНР: музыку і песні, харэаграфічныя і тэатральныя кампазіцыі. 

РАСІЯ: ЗБІРАЕМ СЯБРОЎ 

Святочны канцэрт “Музыка збірае сяброў”, прымеркаваны да Дня дыпламатычнага работніка Беларусі, зладзілі ў Маскве. Дзелавы і культурны комплекс Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі 25 студзеня стаў творчай пляцоўкай, дзе ўпершыню выступіў народны аматарскі калектыў — аркестр рускіх народных інструментаў Гродзенскага дзяржаўнага музычнага каледжа. Віртуознае выкананне беларусаў паглыбіла гледачоў у цудоўны свет музыкі і атуліла цяплом. 

Цёплую імпрэзу зладзіла і Салігорская раённая цэнтральная бібліятэка сумесна з Арэнбургскім абласным музеем выяўленчых мастацтваў і прадстаўніцтвам Рассупрацоўніцтва ў Рэспубліцы Беларусь — Расійскім цэнтрам навукі і культуры ў Мінску. Выстава “Арэнбурская пуховая хустка”, што адкрылася 24 студзеня, будзе саграваць наведвальнікаў да 21 лютага. 

ІАРДАНІЯ: КАЛЯДУЕМ ПА-БЕЛАРУСКУ 

Нашы традыцыі прыжыліся ў Амане. Падчас зімовых свят беларусы Іарданіі зладзілі Калядкі. Старадаўні абрад прайшоў весела, заўзята, з адмысловымі падарункамі, якія даставілі з роднай зямлі. І дзецям, і дарослым спадабаліся калядныя персанажы, асабліва ўразіла Каза. Удзельнікі дагэтуль з усмешкай успамінаюць, як “пакацілася зорка на Калядкі” ды “падпаліла пяткі”.