Спіс каштоўнасцей расце

Апублiкавана: 29 студзеня 2024 Стужка Архітэктура Мінск Спадчына

Аўтар: РУДАК Антон

Напярэдадні новага года Беларускай рэспубліканскай навуковаметадычнай радай па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны былі ўхваленыя прапановы па наданні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці шэрагу помнікаў архітэктуры і элементаў нематэрыяльнай спадчыны. Варта адзначыць, што, паводле новаўвядзенняў у Кодэксе аб культуры, канчатковае рашэнне аб уключэнні ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей прымае менавіта навукова-метадычная рада. Пазнаёмімся бліжэй з новымі аб’ектамі і элементамі ў спісе.

ГІСТОРЫЯ ДАЛЁКАЯ І БЛІЗКАЯ 

Капліца святога Яна Хрысціцеля, размешчаная паміж Вішневам і Краснаазёрным Смаргонскага раёна, была збудаваная ў другой палове XVIII стагоддзя. Яна знаходзілася ў паўразбураным стане да 2021 года, а пасля была адноўленая намаганнямі мясцовых вернікаў і мецэнатаў. У адрэстаўраванай капліцы змясцілі новую фігуру святога Яна, і 27 чэрвеня 2021 года яна была нанова асвечаная. Цяпер помнік заняў пачэснае месца ў шэрагу капліц Смаргоншчыны, уключаных у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей — а такіх тут налічваецца ўжо амаль два дзясяткі. 

Касцёл Святога Лаўрэна ва Ушачах быў збудаваны ў 1913 годзе ў папулярным у той перыяд стылі неаготыкі. Менавіта ў гэты час на беларускіх землях былі ўзведзеныя шматлікія каталіцкія храмы, што звязана з адменай у 1905 годзе забароны на іх будаўніцтва. Фасад касцёла раней быў упрыгожаны дзвюма бакавымі званіцамі, якія, на жаль, не захаваліся. У 1932-м храм быў зачынены і прыйшоў у занядбанне, а аднаўленне яго распачалося толькі на пачатку нашага стагоддзя, і ў 2004 годзе адбудаваная святыня была асвечаная нанова. 

Вікторыя Фядзяй са сваімі выхаванцамі

Вікторыя Фядзяй са сваімі выхаванцамі

Яшчэ адзін новы аб’ект у Дзяржспісе з Віцебскай вобласці — касцёл Святога Апостала Андрэя ў Лынтупах Пастаўскага раёна. Ён будаваўся ў стылі неабарока з 1908 па 1914 гады пад кіраўніцтвам тагачаснага ўласніка мястэчка Юзафа Бішэўскага, які сам быў паводле адукацыі архітэктарам. Для патрэб будаўніцтва з усяго наваколля збіралася шкарлупінне ад яек, якое дадавалі ў раствор для трываласці. Сёння ў касцёле захоўваецца мясцовы рарытэт — кніга рэгістрацыі шлюбаў з 1753 года, а на правай сцяне ў інтэр’еры знаходзіцца мемарыяльная шыльда з прозвішчамі жыхароў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчынай вайны. 

Трагічныя старонкі звязаныя з гадамі ваеннага ліхалецця і ў гісторыі самога храма. Перад адступленнем у ліпені 1944 года гітлераўцы ўмацаваліся за каменнай касцельнай сцяной, а на вежах усталявалі каля дзясятка кулямётаў. Падчас вызвалення мястэчка вызначыўся адвагай сяржант Аляксей Галубкоў, які прабраўся за касцельную агароджу і ліквідаваў некалькі агнявых кропак, што дазволіла яго падраздзяленню прарвацца да касцёла. Падчас бою ён асабіста знішчыў 18 салдат і афіцэраў праціўніка, але загінуў ужо ўсярэдзіне храма ад выбуху варожай гранаты. За свой подзвіг Аляксей Галубкоў у 1945 годзе быў удастоены звання Героя Савецкага Саюза. 

ШТО ТАКОЕ БЕРАСЦЯНІКІ? 

Статус нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці атрымала тэхналогія аплятання бяростай ганчарнага посуду ў Віцебскай вобласці. Матэрыялы аб наданні статусу былі падрыхтаваныя супрацоўнікамі аддзела традыцыйнай культуры Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці пры кансультацыйна-метадычнай падтрымцы спецыяліста Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Алены Каліноўскай, а экспертнае заключэнне падрыхтаваў вядучы навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар мастацтвазнаўства, прафесар Яўген Сахута. Практыка аплятання ганчарнага посуду бяростай была распаўсюджаная яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя на поўначы Расіі, у Карэліі і краінах Скандынавіі, а ў Беларусі — на Паазер’і. Аплятанне берасцянымі стужкамі рабілася з практычнымі мэтамі — для павышэння трываласці і цеплаёмістасці гліняных пасудзін або прадаўжэння іх бытавога выкарыстання ў выпадку пашкоджання. Абгортвалі бяростай нават чарапкі разбітых гаршкоў альбо збаноў, якія потым служылі ў якасці сальніц. Увесь гэты посуд, акрамя сталовых місак, прызначаўся для захавання і транспарціроўкі прадуктаў, а найперш вадкасцей. 

Касцёл Святога Апостала Андрэя

Касцёл Святога Апостала Андрэя

Бяросту пачалі ўжываць у якасці матэрыялу для рамонту разбітага альбо трэснутага керамічнага посуду яшчэ ў эпоху неаліту, калі на нашых землях толькі з’явілася ганчарства. Кару з абодвух бакоў накладалі на месцы пашкоджанняў і замацоўвалі шнурком, які прасоўваўся праз загадзя прасвідраваныя ў чарапку адтуліны. Пасля гэтага пасудзіну можна было выкарыстоўваць далей, але толькі для захавання сухіх рэчываў. З цягам часу змянілася як тэхналогія вырабу керамікі, так і спосабы яе рамонту. Пашкоджаны посуд пачалі змацоўваць з дапамогай перапляцення тонкіх берасцяных стужак, што пазбавіла ад неабходнасці ў свідраванні адтулін для шнуркоў. Характэрныя для паазерскага рэгіёна ёмістыя, масіўныя формы керамікі вызначаюцца архаічнай суровасцю, якая згладжваецца і ажыўляецца касым або спіральным узорам з залацістых стужак бяросты, што ўкрывае тулава пасудзіны ад донца да венчыка. Сёння тэхналогія аплятання ганчарнага посуду працягвае існаваць і развіцца. Няспынная работа ў гэтым напрамку вядзецца Віцебскім абласным метадычным цэнтрам народнай творчасці, умельцы ладзяць майстар-класы для ўсіх ахвочых падчас правядзення фестываляў і кірмашоў. 

МЯСЦОВАЯ ЧАСТКА АГУЛЬНАЙ ТРАДЫЦЫІ 

Таксама ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей уключаная культура беларускай дуды на Гомельшчыне. Музыкі гэтага рэгіёна далучыліся да агульнанацыянальнай хвалі адраджэння дударскага майстэрства і пераймаюць веды праз асабістыя кантакты з музыкамі і майстрамі іншых куткоў краіны. Навучаюць граць на дудзе і ў дзіцячым аматарскім калектыве — узорным фальклорным ансамблі “Найгрыш” гомельскай сярэдняй школы №30, якім кіруе Вікторыя Фядзяй. 

Помнік заняў пачэснае месца ў шэрагу капліц Смаргоншчыны, уключаных у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей.

Для заахвочвання распаўсюджвання і папулярызацыі культуры дуды Гомельскаму абласному выканаўчаму камітэту рэкамендавана ўключыць гэты элемент у рэгіянальныя комплексы мерапрыемстваў на 2021—2025 гады па захаванні нематэрыяльных праяўленняў творчасці чалавека, арганізаваць спецкурс па прадмеце “Дуда” ў якасці дадатковай дысцыпліны на базе драўляных духавых інструментаў, прадугледзець мерапрыемствы па набыцці інструментаў і навучанні ігры на традыцыйнай беларускай дудзе, праводзіць фестывалі ды святы, а таксама арганізаваць фіксацыю твораў, што выконваюцца на дудзе. 

Антон РУДАК 

Паводле матэрыялаў аб наданні статусу