Бэзавыя сны і магія шчасця

Восень бязлітасна ўступіла ў свае правы, прымусіўшы людзей схавацца ў шэрыя паліто і страціць свае ўсмешкі. І шэрае неба, нібы адчуваючы настрой гараджан, насупілася, адмаўляецца прапускаць скупыя прамяні, каб сагрэць нас у гэтыя змрочныя дні. Аднак ёсць месцы, дзе ўсё яшчэ свеціць цёплае, амаль веснавое сонейка. І, што куды больш важна, свецяцца людзі!

Прынамсі, менавіта так было ў Брэсцкім абласным грамадска-культурным цэнтры, дзе ладзілася выстава мастачкі Вольгі Данілюк “Сиреневые сны”. А ў кастрычніку змогуць выпраменьвацца тыя, хто пойдзе ў Брэсцкую бібліятэку імя Пушкіна: вырвацца з шэрай рэчаіснасці і трапіць у свет сноў і мараў наведвальнікам дапамогуць “бэзавыя карціны”.

Нават праз фатаграфіі, якімі Вольга актыўна дзеліцца ў сацыяльных сетках, можна адчуць чароўнасць яе мастацтва. Як ёй удаецца так натуральна ўпускаць гледача ў свет сваіх твораў?

САМ-НАСАМ З ФАРБАЙ І ВАДОЙ

Магія ўнутры самой мастачкі, яна праяўляецца нават у тым, як Вольга працуе, з якім трапятаннем ставіцца да сваёй справы.

— Тэхніка акварэлі сама па сабе мяркуе чарадзейства. Мастак ніколі не ведае, што ў яго выйдзе. Якім бы майстар ні быў упэўненым і таленавітым, з наравістым матэрыялам даводзіцца дамаўляцца, дзесьці спадзявацца на волю выпадку, ісці за акварэллю, а не пярэчыць ёй. У моманты працы рэчаіснасць адыходзіць на другі план, усе жыццёвыя бязладзіцы забываюцца, ты застаешся сам-насам з фарбай і вадой, уваходзіш у стан, падобны ці то на транс, ці то на сон, атрымліваеш асалоду і не можаш адарвацца ад палатна, — натхнёна распавядае мастачка.

На карцінах Вольгі намаляваны Брэст. І гэта зусім не той горад, які бачаць турысты. Гэта горад кахання, горад рамантыкі, горад, у якім здзяйсняюцца мары. Маленькія ўтульныя панадворкі, кавярні, схаваныя ў лістоце, восеньскія лужыны і вясновы бэз — усё гэта крыніцы натхнення. Мастачка прызнае, што Брэст для яе асаблівае месца. Менавіта тут прайшлі самыя яркія гады яе жыцця — студэнцтва, першае вялікае каханне, нараджэнне сына... Цяпер Вольга жыве на два гарады. Яе майстэрня знаходзіцца ў Жабінцы, на малой радзіме, у Брэсце — яе сябры, культурнае жыццё, яе сэрца.

— Жабінка — мой куток для творчасці, а Брэст — для натхнення, — з усмешкай дадае Вольга. — Магчыма, мая настальгія па мінулым напаўняе карціны рамантыкай. Нашы ўспаміны накладаюць адбітак на ўсё, што мы робім у будучыні.

АДКУЛЬ ЖАДАННЕ МАЛЯВАЦЬ?

У адказ на пытанне аб тым, ці не складана сумяшчаць ролі мастачкі і мамы, Вольга смяецца. “Я ніколі не ставіла побач са сваім дзіцем слова «цяжка». Сын заўсёды са мной, у нас поўная гармонія ў адносінах”. Не дзіўна, што чалавек з яркай і моцнай душой бачыць асобу нават у немаўляці. Мастачка распавяла пра тое, як важна выбудоўваць з дзіцем паважлівыя адносіны, і тут жа становіцца зразумела, адкуль наогул паўстала жаданне маляваць.

— Мяне часта пыталіся, ці не мастак мой тата, настолькі ён творчы чалавек, — смеючыся прызнаецца Вольга. І сама жа адказвае на сваё пытанне: — Не, не мастак, ён інжынер-будаўнік, але пры гэтым усё жыццё рабіў нешта рукамі: выразаў па дрэве, займаўся чаканкай. У яго прыроджанае пачуццё густу. Нягледзячы на тое, што мы былі звычайнай савецкай сям’ёй, наш дом заўсёды вылучаўся: татава рука ператварала шараговыя рэчы ў асаблівыя.

ЖЫЦЦЁВЫЯ РАЗДАРОЖЖЫ

Адчуваючы вакол сябе прыгажосць і мастацтва, Вольга абрала будучую прафесію і паступіла ў БрДУ імя Пушкіна на мастака-педагога. Больш за дзесяць гадоў яна займалася роспісам тканіны — батыкам, аднак на акварэль перайшла вымушана: падвяло здароўе. У дзяўчыны пачалася алергія на выпарэнні, якія выклікалі фарбавальнікі. У момант гэтага жыццёвага раздарожжа — працягваць ахвяраваць здароўем або шукаць нешта новае — Вольга знайшла каробку з акварэлю са студэнцкіх гадоў у некранутым стане. У юнацтве яна не вельмі любіла празрыстыя фарбы, але, паспрабаваўшы зноўку, зразумела: гэта тое, што зараз патрэбна. Акварэль, як і батык, патрабуе выразнай тэхнікі. Выбіраючы складаныя для выкарыстання матэрыялы, Вольга паказвае сябе як моцную, упэўненую асобу.

Нягледзячы на рамантычнасць і пяшчоту, якія пераважаюць у працах Данілюк, ёсць у яе палотнах сіла, унутраны стрыжань. Асабліва вылучаюцца карціны “Пункт гледжання” і “Чаканне”, яны ўсё яшчэ поўныя магіі, але пры гэтым нейкай іншай, зусім не кранальнай, але магутнай і моцнай, аўтарытэтнай.

“Калі я жанчына, гэта не значыць, што я толькі легкадумны матылёк або страказа”, — мастачка не тое каб супрацьстаіць гендарным стэрэатыпам: яна сваёй творчасцю, сваёй асобай дае зразумець, наколькі яны бессэнсоўныя. Вольга цвёрда перакананая, што сутнасць чалавека ў яго шматграннасці. Спалучаючы ў сабе мяккасць і сілу, яркасць і незаўважнасць, здольнасць пагрузіцца ўнутр сябе ці ператварыцца ў маўклівага назіральніка, Вольга застаецца шчырай і са сваімі прыхільнікамі, і з сабой.

СОНЦА АБАВЯЗКОВА!

Сапраўды зачароўвае тое, як Вольга раскрывае розныя грані сваёй асобы. Вось на выставе яна кранальная і пяшчотная, і, гледзячы на карціны, у якіх так шмат сонца, чараўніцтва і мары, немагчыма падзяліць гэтыя вобразы і тую, хто іх стварыў. Прытым у мастачкі ёсць і іншае захапленне — яна ўласнымі рукамі вырабляе ўпрыгожванні з дрэва. Брошкі, завушніцы, кулоны — і ўсе яркія, маляўнічыя, жыццярадасныя. Сярод вырабаў і жывёлы, і рэпрадукцыі вядомых карцін, і рэчы, якія адлюстроўваюць хобі заказчыка, — гітара, кубак кавы або маленькая вытанчаная балерына. На сваіх старонках у сацыяльных сетках Вольга не проста выстаўляе вырабы, не, яна даносіць да людзей сваю філасофію: “Мае ўпрыгажэнні пра тое, каб ствараць свята”, “Я ўпрыгожваю вас, каб вы ўпрыгожвалі свет”, “За кожным дажджом абавязкова прыйдзе сонца і вясёлка”.

Вольга верыць у тое, што мастацтва павінна выхоўваць у чалавеку лепшае, і сама яна нясе ў свет святло і дабро. Для яе важна, каб яе карціны выклікалі эмоцыі, прымушалі задумацца, асэнсаваць сваё жыццё.

— Не заўсёды людзі могуць зразумець, аб чым я пішу. Хоць часам бывае, падыдуць на выставе, скажуць, што адчулі пры поглядзе на абстракцыю, а ў мяне мурашкі па скуры: гэта ж мае эмоцыі, мае перажыванні. А бывае, што бачаць у карцінах нешта сваё, патаемнае і трапяткое. І гэта таксама выдатна.

ДАСТУКАЦЦА ДА ЛЮБОГА СЭРЦА

Вольга Данілюк — яскравая прадстаўніца сучаснага мастацтва, чые карціны знаходзяцца ў прыватных калекцыях Беларусі, Расіі і дальняга замежжа. «Сиреневые сны» — яе трынаццатая персанальная выстава. Вольга актыўна вядзе сацыяльныя сеткі, за ёй сочаць не толькі жыхары Брэста (для іх яна фея, што прымушае азірнуцца і ўбачыць прыгожае ў штодзённым), на яе выставы прыязджаюць з розных куткоў краіны і нават свету, таму што мастацтва не ведае межаў. Мастацтва здольнае дастукацца да любога сэрца. Асабліва мастацтва, створанае са шчасця і для шчасця.

Ксенія ЗАРЭЦКАЯ

Фота з выставы "Бэзавыя сны"