Каз­кі ста­рыя, ды на но­вы лад

Апублiкавана: 29 студзеня 2024 Арт-блог Тэатры Мінск

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

Амаль адначасова на розных сталічных сцэнах з’явіліся дзве казкі Шарля Пэро і столькі ж — Аляксандра Пушкіна. Што новага мы ўбачылі?

ПАПЯЛУШКА Ў БУЦІКУ 

“Папялушка”, што ўсе зімовыя святы панавала ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі, — чарговы балет-мюзікл Дзяржаўнага акадэмічнага ансамбля танца Беларусі. Першым два гады таму быў “Шчаўкунок” — з неверагоднымі касцюмамі і сцэнаграфіяй, з тонкім, гарманічным спалучэннем класікі і сучаснасці ва ўсім: у апрацоўках музыкі П. Чайкоўскага, што чаргаваліся з нанова напісанымі песеннымі нумарамі, у надзвычай беларускім прачытанні сусветна вядомай казкі Гофмана. Знайшоўшы гэтую нікім не занятую жанравую нішу, калектыў працягнуў працу ў абраным кірунку гэткага “танцавальнага мюзіклу” ці “песеннага балета”, дзе харэаграфія не дапаўняе музычна-вакальны складнік, а, наадварот, кіруе ім: менавіта яна рухае дзеянне. І з’явілася “Папялушка” — можа, у параўнанні са “Шчаўкунком” не такая багатая па знешнім афармленні, але не менш цікавая па ўнутранай сутнасці. Праца над ёй ішла паўтары гады. 

"Папялушка"

"Папялушка"

Аўтарам ідэі новага жанру балета-мюзікла, а таксама лібрэта абодвух спектакляў, уключаючы вершы, і рэжысёрам выступіў мастацкі кіраўнік калектыву, народны артыст Беларусі Валянцін Дудкевіч. Каб патрапіць на баль, Папялушка апранаецца ў буціку, куды выпраўляецца на самакаце. Баль ператварыўся ў конкурс прынцэс з розных казак, але Прынц ужо даўно закаханы ў Папялушку і згодны ўзяць шлюб толькі з ёй. 

Музычны кіраўнік ансамбля Арцём Фралоў удала спалучыў аўтарскія нумары з музыкай С. Пракоф’ева, і спектакль ненавязліва прывучае дзяцей да новага для іх стылю. Харэаграфія Максіма Кашэвіча заснавана на полістылістыцы: тут і неакласіка, і разнастайныя эстрадныя кірункі, усходняя пластыка, элементы народнага танца, пародыі на Танец маленькіх лебедзяў, фітнес (Прынцэса на гарошыне скача на гімнастычным мячы), фігурнае катанне (вядома, на роліках). 

"Папялушка"

"Папялушка"

У планах В. Дудкевіча не толькі новыя канцэртныя нумары, але і працяг працы ў новым жанры, прыдатным як для дзяцей, так і дарослых. Так, ён марыць зрабіць сюіту па “Майстры і Маргарыце”, заснаваную на саўндтрэках з серыяла, гогалеўскі “Шынель” на музыку “Рэвізскай казкі” А. Шнітке. Бліскучыя ідэі! І вельмі харэаграфічныя, разлічаныя на адметнасць пластычных характарыстык і пашырэнне жанравых межаў. 

КОТ І “КОМП” 

У Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры з’явіўся “Кот у ботах”, пазначаны традыцыйным жанрам “музычная казка”. Насамрэч спектакль вельмі блізкі да мюзікла. Музыка Цімура Каліноўскага даволі разнастайная, вершы яркія, кідкія. Маладыя артысты вельмі пластычныя, добра спяваюць. Аўтарам лібрэта і пастаноўшчыкам выступіла рэжысёр нашага Вялікага тэатра Наталля Бараноўская, якой належаць сцэнічна ўвасобленыя раней п’есы “Дамавічок Кузя і куфар казак”, “Навагодні перапалох у казачным каралеўстве”. 

У сюжэце з’явіліся новыя адгалінаванні. Кот у ботах раней жыў у тэатры, там і ўдасканаліў свой прыродны талент, назіраючы за прафесіяналамі і нават паспрабаваўшы замяніць аднаго з іх. Жан прызнаецца Прынцэсе ў падмане, бо не можа ёй хлусіць. А Людаед так і не з’яўляецца на сцэне, бо аказваецца камп’ютарным монстрам: паглынаюць чалавека ягоныя гульні. Кот выцягвае шнур з разеткі — і ўсё вядзьмарства знікае. Актуальна? Яшчэ як! 

"Кот у ботах"

"Кот у ботах"

Праўда, у самім спектаклі, нягледзячы на выкарыстанне відэа, сцэна ў замку Людаеда пададзена неяк няўцямна: надта многа там усяго накручана, шмат постмадэрнісцкіх спасылак, незразумелых дзецям. 

Аднак у цэлым спектакль атрымаўся вельмі прыгожым. Сцэнаграфія Ан¬ дрэя Меранкова дапоўнена надзвычай фантазійнымі касцюмамі Ільі Падкапаева, якія і ствараюць адчуванне сапраўднага цуду. Нават шкада, што сцэны змяняюцца так хутка, бо разглядаць уборы можна да бясконцасці. А галоўнай ідэяй становіцца лозунг “Ніколі не здавайся!”, карысны і для камп’ютарных гульняў, і для рэальнага жыцця. 

БАЛДА НА КАНІ 

“Казкі Пушкіна” ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя М. Горкага вырашаны зусім іначай. У спектаклі таксама шмат музыкі ўсё таго ж Цімура Каліноўскага, яго апрацовак-аранжыровак рускіх народных песень, якія дапамагаюць стварыць выдатны візуальны шэраг, расквеціць дзеянне танцамі, пантамімай (харэограф Дзмітрый Залескі). Але ж літаратурная аснова захавана вельмі беражліва. Партрэт Арыны Радзівонаўны ўзнікае пад каласнікамі, асветлены, быццам абраз у трапяткім мігаценні свечкі. Тэкст “Казкі пра рыбака і рыбку” і “Казкі пра папа і яго работніка Балду” мы чуем нібыта голасам нянькі (Вольга Клебановіч). А на сцэне — візуалізацыя апісаных падзей і вобразаў, дзе героі вымаўляюць толькі тыя фразы, што былі ўкладзены ў іх вусны паэтам. 

Рэжысёр Сяргей Кавальчык не шкадуе цікавых прыдумак, гумару, шчодра дамалёўвае на сцэне схаванае між радкоў. Але і пры такой дакладна перададзенай паэтычнай аснове ўзнікае новы вельмі сур’ёзны сюжэтны паварот — уздзеянне соцыуму на чалавека. Старая (Вікторыя Кавальчык) востра рэагуе на насмешкі суседзяў — і ўсе яе прыхамаці дыктуюцца найперш непераадольным жаданнем паказаць ім, хто тут гаспадар. Гэтак жа пільна сочаць вяскоўцы за інтрыгай Папа і Балды (Аляксей Качан), выведзенага ў спектаклі ўсеагульным улюбёнцам, у якога закахана нават Папоўна (Алена Сцяцэнка). І Старога, і Папа грае Аляксандр Палазкоў, дэманструючы выдатнае пераўвасабленне. А якім запамінальным атрымалася Чарцяня ў Яўгена Еўтушэнкі! 

Шмат прыдумак у сцэнаграфіі і касцюмах мастака Алены Сарокінай. Святлодыёдныя і хвалі марскія, і рыбка залатая. Вынаходліва зроблены конь, на якім скача Балда пад дружны смех залы. А завяршаецца пастаноўка інтэрактывам, калі ўсё дзеянне перамяшчаецца ў залу. Радкі “А с третьего щелка / Вышибло ум у старика” перададзены вельмі проста: звар’яцелы Поп аддае мех з золатам Балдзе — і ўсе ганяюцца за ім, каб адабраць. А ўвесь спектакль — цудоўны ўрок для школьнікаў, як чытаць Пушкіна і папраўдзе “бачыць” ім напісанае. 

Надзея БУНЦЭВІЧ 

Фота Уладзіміра ШЛАПАКА і з сайтаў тэатраў