Здзей­сненае застанец­ца

Апублiкавана: 29 студзеня 2024 Стужка Традыцыі не указан Гістарыёграф

Аўтар: ЮРКЕВІЧ Зміцер

На пачатку года мы традыцыйна складаем планы. І дзеля гэтага на хвіліну спыняем бег, каб азірнуцца на мінулае: падсумаваць зробленае, пацешыцца дасягненням, пасумаваць аб няздзейсненым. Каб убачыць сцяжкі на мапе Беларусі, якія лунаюць у мясцінах, дзе мы яшчэ не былі. І каб пачуць прызыўныя галасы тых, каму мы яшчэ не надалі належнай увагі, — дзеячам беларускай культуры далёкай і блізкай Мінуўшчыны.

З “ГІСТАРЫЁГРАФАМ” ПА СТАГОДДЗЯХ 

Рубрыка “Гістарыёграф” існуе ў “К” ад самага першага нумара. Мяняліся яе назвы, але заставалася галоўнае — запаўненне белых плям нашай гісторыі. І ў першую чаргу, натуральна, гэта датычыцца мастакоў і паэтаў, кампазітараў і пісьменнікаў. І як і раней, так і сёння мы тут шмат у чым з’яўляемся піянерамі. Нездарма другая назва рубрыкі — “Вяртанне імёнаў”. Дарэчы, дзякуючы працы ў архівах мы даём чытачам эксклюзіўную інфармацыю. І калі вы хочаце першымі атрымліваць гістарычныя цікавосткі, варта падпісацца на газету і сацыяльныя сеткі “К”. 

А пакуль згадаем прамінулы, як адно імгненне, 2023 год, які быў насычаны архіўнымі знаходкамі. 

“Ёган Давід Голанд, або Правім біяграфію знакамітасці разам” (№ 3). Імя гэтага кампазітара выдатна вядома беларускім музыказнаўцам з тае прычыны, што ён два стагоддзі лічыўся (на жаль, памылкова) аўтарам музыкі да адной з першых нацыянальных беларускіх опер “Агатка, або Прыезд пана” (1784). Мы выявілі памылку і далі чытачам дапоўненую біяграфію майстра. 

“Першая публічная” (№ 4). У 1783 годзе ў Нясвіжы адбылася выстава, якая, без сумневу, прэтэндуе на тытул Першай публічнай выставы ў гісторыі Беларусі. Нагодай для яе стала святкаванне 100-годдзя бітвы пад Венай, у якой, як вядома, войска ВКЛ удзелу не брала. Вось такі гістарычны кур’ёз. 

“Мікалай Гусоўскі. «Песня пра зубра»” (№ 6). Ці маглі мы абмінуць увагай 600-годдзе сусветна вядомай паэмы, напісанай нашым земляком? Не. Як не маглі не падзяліцца новымі і малавядомымі фактамі з жыцця Гусоўскага. 

“Якую каву любіў Вітаўт” (№ 10). У гэтай публікацыі мы распавялі пра “з’яўленне на свет” гэтага дзівоснага напою і пра тыя пакручастыя шляхі, якімі кава спярша трапіла ў Заходнюю Еўропу, а потым завітала і да нас. І згаданая вышэй бітва пад Венай, што, як прынята лічыць, стала весніцамі, праз якія кава трапіла ў Еўропу (і Рэч Паспалітую Абодвух Народаў), зусім тут ні пры чым. Усё значна цікавей. 

“Тэатральны клан Кажынскіх” (№ 11). Гэта гісторыя пра знакамітую тэатральную сям’ю, главу якой — акцёра Мацея Кажынскага — па праве лічаць заснавальнікам Першага мінскага сталага тэатра, які месціўся ў будынку Мінскай гімназіі на плошчы Свабоды. 

“Дамінік Стэфановіч” (№ 12). Імя мінскага піяніста і педагога вядомае многім з той акалічнасці, што ён быў настаўнікам музыкі юнага Станіслава Манюшкі, будучага славутага кампазітара, і дзяцей літаратара Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Жыццярыс піяніста і кампазітара напоўніўся новымі фактамі. У тым ліку высветлілася, што Дамінік і яго брат (кіраўнік музычнага жыцця Мінска цягам дзесяцігоддзяў) былі пахаваныя на сталічных могілках на Залатой Горцы. 

“Аляксандр Здановіч. Наперадзе часу” (№ 14). Ураджэнец Міншчыны, Здановіч увайшоў у гісторыю як педагог-наватар, распрацоўшчык эксперыментальных адукацыйных праграм. Дбаў ён шмат і пра адукацыю для дзяўчат, што ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя зусім не было мэйнстрымам. 

“Атэнэй ты наш, Атэнэй!” (№20). Беларусь — краіна феноменаў. Сярод іх — альманах “Атэнэй” (Athenaeum), які, нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы, дзесяць гадоў заставаўся фактычна адзіным рупарам культасветы на землях былога Вялікага Княства Літоўскага. Рэдактарам яго быў знакаміты пісьменнік, наш зямляк Юзаф Крашэўскі. “Чэмпіёнам гусінага пяра”, за колькасць напісанага, ён названы ў Кнізе рэкордаў Гінэса. 

“Шляхам Сыракомлі” (№№ 21-22). З нагоды 200-годдзя з дня нараджэння яшчэ аднаго славутага беларускага літаратара, паэта Уладзіслава Сыракомлі, мы распрацавалі новы гістарычна-турыстычны маршрут, які прайшоў у ваколіцах колішняга мястэчка Новы Свержань (Стаўбцоўшчына). Знайшлося ў маршрутным лісце месца і паэту Янку Лучыне, аднаму з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры. А пра выпуск Белпоштай юбілейнай маркі, прысвечанай Сыракомлі, мы пісалі ў № 42. 

“Станіслаў Жукоўскі” (№ 23). Знакаміты мастак, ураджэнец Ваўкавышчыны і культавая асоба на Пружаншчыне, Жукоўскі так заблытаў даследчыкаў, што яго 150-годдзе мы святкуем двойчы. Сёлета — памылковае, а налета сапраўднае, бо нарадзіўся мастак, як сведчыць метрыка хросту, у 1875-м. Тым не менш у Беларусі прайшла выдатная выстава яго твораў, а Белпошта выпусціла юбілейную марку. Мы ж апублікавалі новыя цікавыя факты з жыцця сям’і Жукоўскіх. 

“Гараўскія і Шэмешы. Гістарычна-турыстычная вандроўка” (№ 24). Чарговая юбілейная вандроўка адбылася ў Бярэзінскі раён. Прысвяцілі мы яе цэламу сузор’ю творцаў — братам-мастакам Гараўскім (з якіх Апалінарый у 2023-м адзначыў 190-годдзе з дня нараджэння: у Нацыянальным мастацкім музеі да канца месяца працуе юбілейная выстава) і братам Шэмешам — мастаку Адаму і паэту Юзафу. Аказалася, што маёнткі творцаў былі па суседстве, блізу маляўнічага берага Беразіны. 

“Шляхам Міцкевічаў і Семірадскіх” (№№ 26-27). Яшчэ адна вандроўка адбылася ў ваколіцах Свіцязі, на Наваградчыне. Нагодай для яе сталі два юбілеі сусветна вядомых творцаў — 225 гадоў з дня нараджэння паэта Адама Міцкевіча і 180-годдзе з дня нараджэння мастака Генрыха Семірадскага. Абодва маюць беларускае паходжанне і шчыльна звязаныя з гэтым кутком Беларусі. Што ж яшчэ іх яднае? Адказ у публікацыях. Згадаем, што сёлета Дом-музей Адама Міцкевіча ў Наваградку правёў некалькі важных мерапрыемстваў з нагоды юбілею паэта (у тым ліку і гашэнне марак) (гл. № 36, 40 і 47). У музеі-сядзібе Міцкевічаў у Завоссі (Баранавіцкі раён) з небывалым размахам прайшоў чарговы фестываль “Восень у Завоссі”. Не засталася ў баку і Навамышская бібліятэка імя Яна Чачота, якая правяла чарговыя краязнаўчыя чытанні, прысвечаныя Адаму Міцкевічу. На некаторых з іх “К” была толькі не гледачом, але і ўдзельнікам. 

“Казімір Бахматовіч. Мастак без біяграфіі” (№ 29-30). 220-годдзе аднаго з піянераў беларускай літаграфіі, таленавітага мастака мы адзначылі міні-серыялам, які стаў першай цэльнай біяграфіяй Бахматовіча. Аказалася, што мастак паходзіў з дробнай чыншавай шляхты з ваколіц Плябані (Маладзечанскі раён). Выправілі мы і некаторыя іншыя памылкі яго жыццярыса. 

“Прыгоды італьянца ў Беларусі” (№№ 31, 37, 40). Здараецца так, што некаторыя асобы літаральна “не адпускаюць”. Такім з’яўляецца рымлянін Алясандра Данэзі, музыкант і кампазітар. Аўтар музыкі да згаданай вышэй оперы “Агатка, або Прыезд пана”, якая сёлета адзначыць 240-годдзе, не раз бываў на старонках “К”. Але гэтым разам мы прадставілі яго жыццярыс найбольш поўна, выкарыстаўшы вядомыя і не вядомыя раней звесткі. 

“У пошуку каменя для літаграфіі” (№ 45). Гэта расповед пра вандроўку на Смаргоншчыну, па мясцінах Казіміра Бахматовіча і літаратаркі Габрыэлі Пузыні, яго вучаніцы. Мэтамі былі распрацоўка новага турыстычнага маршрута, пошук магілы Бахматовіча (на каталіцкіх могілках у мястэчку Свір) і мясцовага вапняку, які, па сведчанні Тамаша Зана, Бахматовіч выкарыстоўваў для стварэння літаграфій. 

“Артур Бартэльс. Талент, народжаны на беларускай зямлі” (№ 46 і 50). 205-годдзе з дня нараджэння паэта і мастака, публіцыста і кампазітара, “першага барда” і аўтара “першых беларускіх коміксаў” мы адзначылі двойчы. Спярша ў “К” выйшла публікацыя з новымі біяграфічнымі звесткамі пра Бартэльса, ураджэнца Мінскай губерні (а не Вільні, як памылкова сцвярджаюць у Літве). А 23 снежня, сумесна з Інстытутам літаратуразнаўства імя Янкі Купалы і Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеем Якуба Коласа, мы зладзілі вечарыну памяці Артура Бартэльса, падчас якой упершыню творца быў прадстаўлены ўсебакова. 

“К”УЛЬТУРНЫ АДПАЧЫНАК, АБО СУБОТНІКІ З “К” 

Другім важным кірункам нашай дзейнасці з’яўляецца дагляд месцаў апошняга спачыну дзеячаў беларускай культуры. Дагляд вядомых месцаў і выяўленне забытых. І таму, як толькі з зямлі зыходзіць снегавое покрыва, мы выпраўляемся ў дарогу. Бяром у заплечнікі пальчаткі, крэйду, шчоткі, знічкі і запальнічкі, у рукі — грабкі і рыдлёўкі ды шыбуем па Беларусі. 

Адным з традыцыйных месцаў з’яўляюцца вясковыя могілкі блізу в. Пекалін (Смалявіцкі раён), дзе пахаваныя бацькі кампазітара Станіслава Манюшкі. Капліца Манюшкаў была дазвання знішчаная ў часы вайны (як і вёска Радкоўшчына). Побач узнік сметнік. Сёння ж там намі створаны сімвалічны мемарыял з камянёў падмуркаў капліцы. Але здаецца, што гэта месца патрабуе больш грунтоўнага падыходу. І думкамі на гэты конт мы падзяліліся ў публікацыі “Паляўнічы сезон адкрыты” (№ 15). 

“Суботнік: з Мінска да Менска” (№ 17). Чарговым выездам за межы сталіцы стаў удзел “К” разам з кіраўніцтвам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь у Рэспубліканскім суботніку на слынным гарадзішчы на Менцы, месцы, адкуль, на думку даследчыкаў, пачалася гісторыя сталіцы нашай краіны. 

“Ды ўсё ж — кропля ў моры” (№ 29). Тут размова вядзецца пра два суботнікі. Адзін з іх адбыўся на дзень памяці паэта Янкі Лучыны на мінскіх Кальварыйскіх могілках. Другі ж прайшоў у Дудзічах пад Мінскам, дзе захаваўся некропаль старога беларускага роду Ельскіх, з якіх выйшла нямала творчых асоб. Дарэчы, там жа пахаваная сястра знакамітага кампазітара Міхала Грушвіцкага, пра якога мы пісалі раней. 

“У Крашын да Паўлюка Багрыма” (№ 35 і 38). Паўлюк Багрым лічыцца адным з імаверных аўтараў беларускага верша “Зайграй, зайграй, хлопча малы” (1828?). Вандроўка ў Крашын на дзень памяці Багрыма займела важны працяг. Сёлета клопатам мясцовых уладаў надмагілле паэта-каваля будзе адрэстаўраванае. 

“Да Фларыяна Бохвіца ў Дарава” (№ 36). Штогод прыязджаем мы ў вёску Дарава, дзе на старых могілках калісьці знайшлі апошні спачын стрыечныя сёстры Адама Міцкевіча, а таксама сваякі — Бохвіцы, з якіх самы вядомым з’яўляецца філосаф і пісьменнік Фларыян. Нашы суботнікі і папулярызацыя яго асобы далі важны вынік — кнігі філосафа перакладаюцца на беларускую мову. 

“Да Рэйтанаў у Ляхавічы” і “Лесвіца ў неба. Грушаўка” (№ 40 і 42). З Баранавіцкага раёна мы перабіраемся ў Ляхавіцкі. Дзесяць гадоў у сферы цікавасці “К” знаходзяцца месцы пахаванняў роду Рэйтанаў, з іх самым вядомы з’яўляецца Тадэвуш Рэйтан, грамадска-палітычны дзеяч, імя якога — сінонім слова “патрыёт”. З гэтага роду ў ХІХ стагоддзі выйшла нямала годных людзей, напрыклад — Станіслаў Рэйтан і Ганна Герыч (літаратары). У № 42 мы распавялі пра навуковую канферэнцыю ў Нясвіжы, падчас якой падзяліліся звесткамі пра сяброўства Рэйтанаў і Радзівілаў, якому шмат стагоддзяў. 

“Альгерд Абуховіч. З пакалення пачынальнікаў” (№ 48). Запланаваны суботнік на магіле знакамітага паэта Абуховіча, у гонар якога ў Слуцку названыя вуліца і праезд, атрымаў важны працяг. У той самы дзень на Случчыне, блізу вёскі Гарадзішча, адбылося ўрачыстае адкрыццё памятнага знака не менш вядомага беларускага пісьменніка, заслужанага работніка культуры Яна Скрыгана (1905—1992). 

Што ж, Год якасці пачаўся. Наперадзе нас чакае чарговы марафон добраўпарадкавання месцаў, звязаных з гісторыяй нашай культуры, ды хваля цікавых публікацый пра беларускіх творцаў далёкага і блізкага мінулага. 

Зміцер ЮРКЕВІЧ 

Фота аўтара