Тут ёсць зварот да чалавека. Інтэрв'ю з Глебам Лапіцкім

Калектыў Цэнтра культуры “Віцебск” — суполка няўрымслівых творцаў, якія ледзь не кожны дзень робяць святочным. Акрамя “Славянскага базару”, які немагчыма ўявіць без гэтых людзей, іх энергіі і крэатыву хапае на мноства іншых фестываляў і працу з самадзейнымі артыстамі. Зараз каманда пачынае новы, 67-ы сезон. З гэтай нагоды ў нашай рэдакцыі адбылася сустрэча з генеральным дырэктарам ўстановы Глебам Лапіцкім.

— Глеб Аляксандравіч, прапаную перад гутаркай аб новым сезоне падвесці творчыя вынікі лета. Пра “Славянскі базар” ведае ўся краіна, але гэта дакладна не адзінае, чым вы можаце пахваліцца…

— Лета лічыцца часам адпачынку, а ў нас гэта вельмі бурлівы творчы перыяд. “Славянскі базар” завяршаецца — і мы пачынаем рыхтавацца да наступнага цікавага праекту пад назвай “Арт-змена”. Сёлета ладзілі яго трэці раз, і штогод далучаецца ўсё больш і больш дзяцей. Удзельнікі нашых калектываў на два тыдні паглыбляюцца ў рэпетыцыйны працэс, пры гэтым займаюцца з кіраўнікамі не толькі сваіх аб’яднанняў, але і іншых. Напрыклад, выхаванцы ансамбля “Зорка”, які робіць акцэнт на народную харэаграфію, засвойваюць падчас праекту і бальныя, і сучасныя танцы. Да таго ж “Арт-змена” ўключае вялікую асветніцкую праграму: дзеці наведваюць музеі, ладзяць бардаўскія вечарыны. За два тыдні дапамагаем зразумець удзельнікам, у якім горадзе яны жывуць і колькі цікавага навокал. Удзел платны, што дазваляе пакрыць кошт уваходных квіткоў. Такім чынам мы не толькі ладзім карысны адпачынак для дзяцей, але дапамагаем калегам з філіялаў і іншых устаноў пашырыць аўдыторыю, знайсці новага гледача. Таму гэта добры карпаратыўны праект.

Далей адбыліся імпрэзы да Дня ведаў. У нас ёсць ужо класічны праект — вялікія канцэрты ў летнім амфітэатры для навучэнцаў пачатковай і сярэдняй школы. Сёлета правялі яшчэ вечарыну для старшакласнікаў і студэнтаў. Асабліва важна гэта для першакурснікаў, якія толькі прыехалі ў Віцебск. Трэба, каб яны пазнаёміліся з горадам, пасябравалі са студэнтамі іншых вну. І ў гэтым рашэнне многіх стратэгічных задач, напрыклад, замацавання маладых людзей у гэтым месцы. Імпрэза добра сябе зарэкамендавала: прыйшло каля трох тысяч наведвальнікаў. Для іх выступалі нашы самадзейныя калектывы, а таксама запрошаныя хэдлайнеры — лаўрэат “Славянскага базару” Ваня Зданюк і SLAME, артыст лэйбла Black Star.

Мы ладзім падобныя імпрэзы, не чакаючы нейкіх даручэнняў. Можна было б радавацца, што ў нас ёсць “Славянскі базар”, і больш нічога не рабіць. Але мы не любім сядзець на месцы, хочам, каб кожны знаходзіў прастору для самарэалізацыі. І нам вельмі важна пазіцыяніраваць Віцебск у тым ліку як маладзёжны горад. Таму акрамя правядзення спецыяльных дзяржаўных мерапрыемстваў абласнога ўзроўню і працы з самадзейнымі калектывамі, актыўна развіваем праектную дзейнасць.

— Мяркуючы па фотаздымках, на вашых імпрэзах заўсёды людна. Якім чынам удаецца заўсёды збіраць поўныя пляцоўкі і трапляць у запыты аўдыторыі?

— Нехта будзе расказваць пра планаванне і прагназаванне, але насамрэч у нашай сферы ўсё на грані інтуіцыі і ўдачы. У наш час здараецца шмат форс-мажораў, якія за гадзіну ці за дзесяць хвілін да пачатку могуць змяніць імпрэзу. Праз тыя ж ковідныя абмежаванні. Калі казаць пра наведвальнасць, тут сакрэт у сваёй сетцы інфармавання. Напрыклад, у мяне не знойдзецца тысяча долараў на таргетаваную рэкламу, але можна данесці да моладзі нешта праз дырэктараў устаноў адукацыі. Я не кажу пра выкарыстанне адміністратыўнага рэсурсу для навязвання і нейкага прымусу. Дастаткова, каб на зборы першакурснікаў кіраўнік перадаў абвестку, і ахвотныя завітаюць на імпрэзу. І самае галоўная — палітыка коштаў. На дзіцячыя мерапрыемствы ў нас квіткі ад пяці да дванаццаці рублёў.

Мы заўсёды заклікаем бацькоў рабіць інвестыцыі ў сваіх дзяцей. Кошт заняткаў у творчым калектыве — гэта не тая сума, якую можна пакласці ў банк пад працэнты, а вось для будучыні дзяцей гэта важны ўнёсак. Неабходна, каб яны выхоўваліся ў творчым асяроддзі з маленства

— Ці ўдалося вам выпрацаваць нейкі рэцэпт, як сумясціць забаўляльныя праекты для моладзі з выхаваннем?

— Варта разумець, што сучаснымі метадамі можна данесці аўдыторыі важную інфармацыю. Мы ставім задачу арганізаваць вольны час так, каб маладыя людзі зразумелі: у нашым горадзе будзе цікава. Тая ж гарадская вечарына да Дня ведаў. Мы не прапанавалі наведвальнікам урок на 45 хвілін, а расказалі ў іншым фармаце, чым славіцца Віцебск.

Трэба рабіць акцэнт на нечым пачуццёвым, інтуітыўным. Вось на патрыятычным форуме 17 верасня ў “Мінск-Арэне” гучала песня “Беларусь Незалежная”. І гэта сапраўдная патрыётыка. Там ёсць зварот да чалавека — “Мы — гэта краіны багацце”. Чалавеку важна пачуць, што найперш ён каштоўны для краіны. А ёсць агрэсіўныя песні. І калі мы будзем спяваць “любі Беларусь” як загад, то патрэбнага эфекту не будзе. — У новым сезоне ваша ўстанова прапануе ахвотным больш за два дзясяткі творчых аб’яднанняў. На якія ўзроставыя катэгорыі яны разлічаны?

— Мы заўсёды заклікаем бацькоў рабіць інвестыцыі ў сваіх дзяцей. Кошт заняткаў у творчым калектыве — гэта не тая сума, якую можна пакласці ў банк пад працэнты, а вось для будучыні дзяцей гэта важны ўнёсак. Неабходна, каб яны выхоўваліся ў творчым асяроддзі з маленства. І дзеля гэтага мы адкрылі і танцавальныя, і музычныя групы для дзяцей ад чатырох гадоў.

А самаму даросламу самадзейнаму артысту ў нашым цэнтры 84 гады. Дзякуючы бюджэтнаму фінансаванню мы маем магчымасць выконваць важную сацыяльную работу — весці калектывы для людзей сталага ўзросту. Гэта стратэгічна важнай дзейнасць. Калі чалавек выходзіць на пенсію, ён нібыта становіцца непатрэбным. А мы бачым, як бабулі і дзядулі збіраюцца на тых жа выставах клуба кветкаводаў, з гонарам дзеляцца дасягненнямі. Або нашы “Віцебскія дзяўчаты”. Здаецца, удзельніцы зусім не юныя. Выходзяць на сцэну — і кожная як Майя Плісецкая! (Усміхаецца). Мы атрымліваем вялікае задавальненне ад гэтага.

— Харэаграфія, вакал, тэатр, інструментальнае выканальніцтва… Кірункаў у вашым цэнтры безліч. Што з гэтага доўгага спіса можна лічыць сапраўдным эксклюзівам для Віцебска?

— Як прыклад, наш тэатр моды. Удзельнікі вучацца не толькі быць мадэлямі, яны асвойваюць поўны працэс ад канструявання і пашыву адзення да дэманстрацыі разам з кіраўніком Юліяй Куцепавай. Для гэтага мы закупілі сучаснае прафесійнае абсталяванне. Да таго выхаванцы шмат працуюць з нацыянальнай тэмай, ладзяць майстар-класы, а зараз рыхтуюць сумесны праект з кітайскімі студэнтамі на мяжы дзвюх культур.

Шырока вядомы наш моладзевы тэатр і яго студыя хадулістаў. Іх можна пабачыць літаральна на ўсіх гарадскіх імпрэзах. З першых дзён працы цэнтра існуе харэаграфічны калектыў “Лявоніха”. Ёсць таксама інтэлектуальны клуб. Сапраўды, можна знайсці варыянт на любы густ.

— Магчымасць удзельнічаць у тым жа “Славянскім базары”, напэўна, нівеліруе разрыў паміж самадзейнымі калектывамі цэнтра культуры і прафесійнымі ансамблямі. Ці сапраўды так?

— Як бы гэта нясціпла ні гучала, у нас працуюць лепшыя кіраўнікі. Магу казаць пра гэта ўпэўнена, бо па мінулай працы добра ведаю стан рэчаў у розных рэгіёнах.

У нашым цэнтры апантаныя людзі, якія адразу ствараюць прадукт, гатовы для сцэны амфітэатра. У іх за гады выпрацаваны такі падыход, што ў любы час яны могуць разгарнуць цэлае сцэнічнае палатно. І склалася такая практыка, што нашы калектывы заўсёды ў падрыхтоўцы да пэўнай імпрэзы. Працы “ў стол” няма. Барды ўдзельнічаюць у “Віцебскім лістападзе”, без нашых гуртоў немагчыма ўявіць “Арт-Парад” — малодшага брата “Славянскага базару”.

Да Новага года мы ствараем маштабныя мюзіклы, якія не саступаюць сталічным. Ёсць нават людзі, якія штогод адмыслова прыязджаюць дзеля іх у Віцебск.

Напрыканцы вясны ладзім справаздачныя канцэрты на вялікай сцэне з тысячнай залай. Акрамя таго, калектывы ўдзельнічаюць у карпаратыўных мерапрыемствах. Цэнтр культуры так уладкаваны, што мае вялікую долю пазабюджэту. І гэта пытанне развіцця калектываў.

Данііл ШЭЙКА

Фота суразмоўцы і Таццяны МАТУСЕВІЧ