Сучасны пясняр беларускай красы

Данесці да гледача хараство роднай зямлі — такая мэта ў жывапісца Івана Козела. Вучань славутых айчынных мастакоў атрымаў выдатныя акадэмічныя веды і насуперак модным павевам назаўсёды застаўся адданы традыцыям. Але ж яго палотны самабытныя і арыгінальныя. У іх заўважнае адметнае бачанне беларускай зямлі. Пераканацца ў гэтым можна на персанальнай выставе, што працуе ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў.

Экспазіцыя на Някрасава, 3, для Івана Козела аказалася своеасаблівым вяртаннем у родныя сцены. Цяперашнія выставачныя залы працуюць на месцы Творчых акадэмічных майстэрняў Міністэрства культуры, дзе аўтар у 1997—2000 гадах стажыраваўся пад кіраўніцтвам Міхаіла Савіцкага. Народны мастак накіроўваў маладзейшага калегу на вобразнасць, фундаментальнасць у жывапісе. 

Іван Козел

Іван Козел

Але да таго былі чатыры гады навучання ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў у іншага выбітнага майстра — Мая Данцыга. Трапіць у вучні да сапраўдных волатаў — неверагодная ўдача для хлопца са звычайнай сялянскай сям’і. Але якія толькі цуды ні здараюцца, калі ўпарта ідзеш да мэты. 

Іван Мікалаевіч даволі рана зразумеў, што хоча звязаць лёс з выяўленчым мастацтвам. У 7-м класе напісаў пра сваё жаданне ў рэдакцыю радыёпраграмы “Рамантыкі”. У канверт на адрас “Мінск, Чырвоная, 4” таксама ўклаў некалькі малюнкаў. Хлопцу параілі паступаць у Бабруйскае мастацкае вучылішча, і ён прыслухаўся. 

Атрымаўшы прафесію мастака роспісу па дрэве, спадар Іван пайшоў у войска, а па вяртанні захацеў працягнуць прафесійнае развіццё. Малады чалавек прыехаў у Мінск, пачаў займацца ў студыі Уладзіміра Ткачэнкі ў Палацы культуры МТЗ. Неўзабаве здолеў паступіць на аддзяленне жывапісу ў Акадэмію мастацтваў. Там Май Данцыг звярнуў увагу, як арганічна выхаванец адчувае сябе ў пейзажы. “Гэта твой родны жанр”, — казаў настаўнік Івану Козелу.

ЖАНР-ВІЗІТОЎКА

Хоць Іван Мікалаевіч мае ў партфоліа шэраг якасных нацюрмортаў ды партрэтаў, нязменна засяроджвае ўвагу на пейзажы. Гэты жанр нароўні з кніжнай графікай даўно стаў візітоўкай айчыннага мастацтва. Аўтар прызнаецца, што сама прырода падказвае яму, вядзе па творчай сцяжынцы. “Шмат чаго новага можна прыкмеціць, назіраючы за станам наваколля, вандруючы па роднай Беларусі”, — упэўнены мастак. 

Іван Козел нямала паездзіў па розных кутках краіны. Працаваў з эцюднікам нават у маразы, асабліва ў маладосці. Апранаў валёнкі ды кажух — і ніякая сцюжа не перашкаджала фіксаваць чароўныя краявіды. Дарэчы, усе карціны жывапісец стварае толькі па замалёўках і эцюдах. Ён не любіць сучасную тэхніку і не прызнае працы па фотаздымках, затое нярэдка дастае блакнот у дарозе і робіць накіды, а ўжо ў майстэрні займаецца кампазіцыйным адборам. 

Міншчына. Бабіна лета, 2003 г

Міншчына. Бабіна лета, 2003 г.

Аўтар спрабуе прышчапіць новаму пакаленню любоў да роднай зямлі, навучыць выхаванцаў разумець прыроду. З 2001 года Іван Мікалаевіч выкладае ў гімназіі-каледжы мастацтваў імя І. В. Ахрэмчыка. Шматлікія паездкі па краіне — важная частка жыцця гэтай установы. 

КРАЙ МІЦКЕВІЧА 

Часцей за ўсё ў якасці натуры Іван Козел абірае знаёмыя з маленства краявіды. Творца з’явіўся на свет у вёсцы Нёўда, што пад Навагрудкам, а пазней пераехаў з сям’ёй на Дзятлаўшчыну. На малой радзіме засталася бацькоўская хата — і разам з братам (таксама мастаком) спадар Іван кожнае лета бавіць у гэтых ваколіцах, збірае на паперы далягляды. 

Нярэдка сваякі ладзяць выставы ў Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі. 

Жывапісец сапраўды знітаваны з роднай старонкай. Ён наталяецца тамтэйшым раздоллем, сілкуецца прыродным хараством ды архітэктурнымі багаццямі і шчодра дзеліцца гэтай прыгажосцю з гледачом. “Край Адама Міцкевіча”, “Пагоркі Навагрудчыны”, “Квітнеюць ільны на Дзятлаўшчыне” — кожнае палатно поўнае замілавання дарагімі для Івана Мікалаевіча куточкамі. 

Вясковае дзяцінства наклала свой адбітак. Іван Козел як ніхто разумее прыроду. Загарадныя прасторы вабяць яго значна больш, чым урбаністычныя. Аднак і ў сталіцы мастак знайшоў натхняльныя матывы. Нямала карцін прысвечана Лошыцы, якая таксама стала роднай аўтару. Старадаўняя сядзіба, сады, векавыя ліпы... Ва ўсім гэтым спадар Козел адчувае подых часу, своеасаблівую красу. 

ЧАЛАВЕК СВАЁЙ ЗЯМЛІ 

Творца — адзін з нямногіх, хто ў 1990-я працягнуў працаваць у акадэмічным рэчышчы, не адмовіўся ад рэалістычнага кірунку. Вядома, на выбар шляху паўплывалі выкладчыкі-класікі. Аднак збольшага непахіснасць перад тэндэнцыямі эпохі абумоўлена тым, што Іван Козел сустрэў складаны і цікавы час з дакладна акрэсленай праграмай — “данесці да гледача нашае роднае, блізкае”. 

Выпаў снег, 2014 г

Выпаў снег, 2014 г.

Як адзначае куратар выставы Міхаіл Мірошнікаў, аўтару пашанцавала не трапіць у так званыя “прадукты распаду акадэмічных школ”, што ператварыліся ў салодкі жывапіс. Ім поўніліся майстэрні ды галерэі ў 1990-я і асабліва ў 2000-я гады. 

— Іван адносіцца да мастакоў, чый светапогляд склаўся яшчэ ў 1980-я. Гэта асобы, што не здраджваюць перакананням. Ён чалавек сваёй зямлі, сапраўдны беларус з кагорты тых, хто працягвае традыцыі насамрэч беларускага мастацтва, якое ідзе яшчэ ад Сергіевіча, Сеўрука і Драздовіча, на якое не змаглі паўплываць гістарычныя перыпетыі. Хоць падобныя аўтары часта выстаўляюцца ў краязнаўчых музеях, такія мастакі ведаюць, навошта жывуць і чым варта займацца, — кажа Міхаіл Мірошнікаў. 

Данііл ШЭЙКА 

Фота аўтара