З любоўю да роднага

У мінулую пятніцу ў Канцэртнай зале “Мінск” знакамітыя “Харошкі” адсвяткавалі паўвекавы юбілей разам з гледачамі. Дата ўрачыстасці абраная не выпадкова: менавіта 26 студзеня 1974 года ў Белдзяржфілармоніі пачалася праца над стварэннем калектыву народнага танца, які будзе праслаўляць традыцыі роднай зямлі. Мы наведалі рэпетыцыю Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага заслужанага харэаграфічнага ансамбля “Харошкі” і даведаліся, якія сюрпрызы падрыхтавалі артысты для сваіх прыхільнікаў.

БЯСКОНЦА ЎДЗЯЧНЫЯ 

Ужо 50 гадоў мастацкім кіраўніком і пастаноўшчыкам усіх праграм ансамбля з’яўляецца Валянціна Гаявая — лаўрэат прэміі “За духоўнае адраджэнне”, кавалер Ордэна Францыска Скарыны, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь. За гады працы яна стварыла мноства ўнікальных народных танцаў і на аснове фальклорнага матэрыялу рэалізавала больш за 80 арыгінальных пастановак. 

Ва­лян­ці­на Га­явая, 2019

Ва­лян­ці­на Га­явая, 2019

— Жадаю свайму роднаму калектыву далейшага росквіту. “Харошкі” — гэта знакаміты брэнд, здольны праслаўляць Беларусь на ўвесь свет. Я бясконца ўдзячная нашым артыстам і публіцы за тое, што ніколі не бачыла пустых залаў і заўсёды чула авацыі! Няхай так будзе заўжды! — павіншавала сваіх калег і прыхільнікаў народная артыстка Беларусі Валянціна Гаявая. 

ВЯЛІКАЯ ГАМА ПАЧУЦЦЯЎ 

Летась у лістападзе мастацкім кіраўніком калектыву стала Ірына Анатольеўна Грушова, якая 24 гады аддана служыць “Харошкам” у якасці артысткі. Прыадкрыўшы заслону святочнага выступлення, яна распавяла, што ўбачыць глядач: 

— Мы прадставім два аддзяленні — зімовае і вясновае, заснаваныя на эпічнай праграме “Беларусы”, пабудаванай на гадавым коле абрадаў. Парадуем прыхільнікаў такімі нумарамі, як “Калыханка”, “Завеі”, “Дзед і баба”, “Юр’я”, “Гуканне вясны”, “Заліпуха”. Мы прымусім гледача і пасмяяцца, і задумацца, і расплакацца. Зачэпім нават тыя струны душы, якія ўжо даўно не трымцяць. Пакажам шмат розных прыгожых пастановак, аб’яднаных адной нашай стылістычнай музычнай і харэаграфічнай рысай, таму ўсё гэта будзе ўспрымацца як спектакль. 

На пытанне пра новую пасаду Ірына Анатольеўна адказвае: 

— Мая мэта — захаваць тое, што за 50 гадоў стварыла, назапасіла, зберагла Валянціна Іванаўна. Гэта трэба перадаць наступнаму пакаленню і імкнуцца развівацца далей. На мне ляжыць адказнасць не толькі за сябе як за артыста, але і за калектыў. 

АПЛАДЗІРУЕ ЎВЕСЬ СВЕТ 

“Харошкі” наведалі з гастролямі чатыры кантыненты, аб’ехалі ўвесь Савецкі Саюз, выступалі на найлепшых сцэнах свету. Дэманстравалі сваё майстэрства ў Лондане ў 1979-м падчас выставы дасягненняў народнай гаспадаркі СССР, удзельнічалі ў адкрыцці зімовых Алімпійскіх гульняў у Солт-Лэйк-Сіці ў 2002-м. Летась прадставілі праграму ў рамках святкавання Дня рускай мовы ў штаб-кватэры UNESCO ў Парыжы. Нягледзячы на сусветную папулярнасць, артысты заўсёды з задавальненнем выступаюць і ў вёсках нашай краіны. У 1996-м “Харошкі” былі ўзнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй Рэспублікі Беларусь, а праз тры гады атрымалі званне заслужанага калектыву. 

ЗАЛАТЫ СКЛАД 

Амаль паўстагоддзя ансамблю служыць Святлана Кашталапава-Патаповіч — прыгажуня, на якую прыязджалі паглядзець з усіх куткоў планеты. Так гаварылі аб цяперашнім рэпетытары па балеце “Харошак”. Менавіта яна ўваходзіла ў залаты склад, які стаяў ля вытокаў стварэння ансамбля. Восем пар танцораў і Фёдар Балабайка— душа калектыву. Фёдар Якаўлевіч сёння займае пасаду памочніка балетмайстра і працягвае радаваць гледача сваім танцам. Святлана Аляксандраўна была балерынай і марыла працаваць у Вялікім тэатры. Яе нават клікаў да сябе знакаміты Ігар Майсееў. Але любоў да свайго, роднага заўсёды на першым месцы: 

— Для мяне ўсё жыццё “Харошках” пераліваецца яркімі фарбамі. Памятаю, як мы здавалі першую праграму. Напружана працавалі год. У 1977-м удзельнічалі ва Усесаюзным аглядзе-конкурсе сярод прафесійных калектываў Савецкага Саюза ў Маскве і сталі лаўрэатамі першай прэміі. Гэта была сенсацыя, бо нікому не вядомы беларускі калектыў выступаў нароўні з такім гучным імем, як ансамбль грузінскага Нацыянальнага балета імя Іліко Сухішвілі і Ніно Рамішвілі. Мы сталі адкрыццём! Для мяне самая цёплая і родная сцэна — Белдзяржфілармоніі. Самая значная — канцэртная зала імя П.І. Чайкоўскага. Гэта цяжкая пляцоўка, дзе далёка размешчаны кулісы, але ў той жа час яна самая паважаная. Свайму любімаму ансамблю хачу пажадаць пастаяннага росту! Я паважаю кожнага артыста, які тут працуе і нясе радасць гледачу. Пабольш яркіх выступленняў і запамінальных гастроляў! — зычыць заслужаная артыстка Беларусі Святлана Кашталапава-Патаповіч. 

ВЫРАСЦІЦЬ ЗАМЕНУ 

Калектыў “Харошак” аб’ядноўвае танцавальную і вакальна-інструментальную групы. У арсенале аркестра — класічныя і сучасныя музычныя інструменты: кларнет, флейта, скрыпка, альт, баян, гармонік, бас-гітара, ударная ўстаноўка. Непаўторны нацыянальны каларыт гучанню надаюць ліра, гудок, акарына, жалейкі, кмены. Кампазітар Уладзімір Гінько, аранжыроўшчык і аўтар песень, пастаянна папаўняе рэпертуар новымі творамі. З Валянцінай Гаявой у іх атрымаўся плённы творчы саюз. Разам працавалі над усімі без выключэння праграмамі калектыву. 

Нумар "Беларускае вяселле", 2022

Нумар "Беларускае вяселле", 2022

Вырасціць новых артыстаў на ўласных традыцыях — такая мэта стаіць перад дзіцячай студыяй ансамбля “Харошкі”. Цяпер там займаюцца 120 хлопчыкаў і дзяўчынак. І ўжо адзінаццаты год ёй кіруе артыстка “Харошак” Алена Багданава: 

— Спадзяюся, за час сваёй працы не падвяла Валянціну Іванаўну. Вельмі перажывала, але дзякуючы яе падтрымцы ўсё склалася. Сёння як ніколі важна прывіваць любоў да нацыянальнай культуры. Дзеткі прыходзяць з шасці гадоў і займаюцца да дзявятага класа. Затым паступаюць у каледж і з дыпломам вяртаюцца да нас. Імкнёмся з маленства прывіць любоў да нашага калектыву і нацыянальнага каларыту. Вучні абавязкова наведваюць урокі класічных і народнасцэнічных танцах і растуць на багатым рэпертуары “Харошак”. У нас ёсць некалькі нумароў, дзе дзеці працуюць з намі на сцэне. Для пачаткоўцаў гэта выдатная магчымасць пераняць найлепшае ад сваіх педагогаў, бо ўсе яны артысты ансамбля. 

ЗАХАВАЦЬ СЛАВУТЫ СТЫЛЬ 

У бліжэйшых планах “Харошак” распрацоўка гастрольнай дзейнасці як па рэспубліцы, так і за мяжой. Пры падтрымцы Міністэрства культуры запланаваныя Дні Беларусі ў розных краінах. 

— Мы калектыў з вялікай гісторыяй. Маем залаты фонд нумароў. Але гледача неабходна пастаянна чымсьці здзіўляць. Не менш важна захоўваць самабытнасць, спадчыну Валянціны Гаявой і Мікалая Дудчанкі— заснавальнікаў калектыву. “Харошкі” можна параўнаць з грацыёзнай дзяўчынай. Рамантычная лірыка і спакой — тое, што ўмеем паказваць толькі мы, — падкрэслівае дырэктар калектыву Руслан Вахедавіч Абдул. — У планах — папаўненне ансамбля новымі кадрамі, стварэнне нумароў і захаванне вядомага стылю, які выпрацоўваўся на працягу 50 гадоў. 

Сёння “Харошкі” — айчынны брэнд і візітоўка краіны, дзякуючы якой наш таленавіты і працавіты народ ведаюць ва ўсім свеце! Пажадаем праслаўленаму калектыву здзяйснення мар і доўгага творчага жыцця! 

Настасся ЮРКЕВІЧ 

Фото з архіва ансамбля і Уладзіміра ШЛАПАКА