Сумленнае шоу

Апублiкавана: 03 лютага 2024 Стужка Музыка Мінск

Аўтар: ЮРКЕВІЧ Настасся

Пераможцам трэцяга сезона тэлевізійнага вакальнага праекта “Фактар.by” стаў Данііл Савеня. Срэбра атрымаў Аляксей Будзько — падапечны Вольгі Бузавай. Трэцяе месца заняла Маргарыта Шыбаева з каманды Руслана Аляхно.

Аднак любоў гледачоў суперфіналісты заслужылі яшчэ да ўдзелу ў папулярным забаўляльным шоу. Случчанін Данііл Савеня заваяваў галоўную ўзнагароду Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні “Маладзечна-2023”. За плячыма Маргарыты Шыбаевай з Заслаўя — перамогі ў шматлікіх вакальных спаборніцтвах, у тым ліку трэцяе месца рэспубліканскага радыёконкурсу “Маладыя таленты Беларусі” і дыплом першай ступені “Маладзечна-2023”. Прадстаўнік Століншчыны Аляксей Будзько пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў па размеркаванні трапіў ва ўзорна-паказальны аркестр унутраных войскаў Рэспублікі Беларусь як саліст-вакаліст. 

Феноменам гэтага сезона стаў Данііл Савеня. Пранікшыся талентам і гісторыяй хлопца, амаль 40 % гледачоў прагаласавалі за яго. 

— Ідучы на “Фактар.by”, я разумеў, што гэтую вяршыню вельмі цяжка скарыць, але мне ўдалося. Значыць, усё магчыма. Абмежаванні і рамкі толькі ў нас у галовах. Усё склалася дзякуючы каласальнай падтрымцы блізкіх і гледачоў, а таксама майго найлепшага настаўніка Сярогі. Безумоўна, гэты праект дапамог мне развіцца тэхнічна і духоўна. Я шчаслівы як ніхто! — каментуе трыумф Данііл Савеня. 

Настаўнік, які стаў для слуцкага салаўя надзейнай апорай, падзяліўся сваім меркаваннем: 

— Рады, што беларускі глядач аказаўся такім чулым, самастойным і асэнсаваным. Гэта сумленнае шоу, якое скончылася справядліва. 

Кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант, віншуючы пераможцу, адзначыў: 

— Шоу “Фактар.by” стала лідарам сярод беларускіх забаўляльных праграм. І ўсё гэта дзякуючы камандзе прафесіяналаў. Па адчуваннях, чацвёрты сезон патрэбны ўсім. Многія маладыя людзі ўжо запланавалі ўдзел у праекце, і мы не можам пазбавіць іх гэтай мары!