Дзе і як шукаюць страчаную спадчыну

Апублiкавана: 05 лютага 2024 Стужка Афіцыйна Мінск Тэма

Аўтар: РУДАК Антон

З дакладам аб выніках работы камісіі ў 2023 годзе выступіў намеснік міністра культуры Сяргей Саракач. Ён адзначыў, што дзейнасць органа наладжана на падставе палажэння, створанага Міністэрствам культуры і зацверджанага пастановай Савета Міністраў № 904 ад 22 снежня 2022 года. Гэтае палажэнне з’явілася ў выніку выканання даручэнняў Урада, рэалізацыі прапаноў Генеральнай пракуратуры і карпатлівай працы ўсіх зацікаўленых. Дакумент замацаваў паўнамоцтвы, рэгламент работы камісіі, парадак правядзення і перыядычнасць яе пасяджэнняў, функцыі экспертнай групы і сакратарыята. 

Орган каардынуе вызначэнне прыярытэтных напрамкаў па выяўленні, вяртанні, сумесным выкарыстанні і ўвядзенні ў навуковы і культурны абарот каштоўнасцей беларускага паходжання. Гэтыя захады ажыццяўляюцца пастаянна ў музеях, архівах, бібліятэках краіны і замежных установах. Работа Міністэрства культуры і Міністэрства замежных спраў была арганізавана згодна з планам камісіі на 2023 год, які ўключаў 34 мерапрыемствы. 

Пасяджэнне камісіі

Пасяджэнне камісіі

У дакуменце прадугледжваліся наступныя кірункі дзейнасці: наладжванне дзелавых кантактаў і правядзенне перамоў з замежнымі ўстановамі па пытаннях культурных каштоўнасцей беларускага паходжання, захады па выяўленні і вывучэнні культурных каштоўнасцей, якія знаходзяцца за межамі Рэспублікі Беларусь, па вяртанні арыгінальных культурных каштоўнасцей беларускага паходжання або вытворчасці іх копій, а таксама па ўвядзенні ў навуковы ды культурны абарот і папулярызацыі культурных каштоўнасцей беларускага паходжання. Рэалізацыя плана забяспечвалася Міністэрствам культуры ў цесным узаемадзеянні з Міністэрствам замежных спраў, 33 установамі культуры рэспубліканскага і рэгіянальнага падпарадкавання, замежнымі арганізацыямі, архіўнымі і навуковымі ўстановамі, а таксама мясцовымі органамі ўлады. 

СУПОЛЬНЫМІ НАМАГАННЯМІ 

Міністэрства культуры ў рамках работы камісіі ў мінулым годзе прыняло шэраг арганізацыйных і прававых мер. Так, 29 жніўня 2023-га шляхам пісьмовага апытання ўнесены дапаўненні ў план работы камісіі ў мэтах выканання плана мерапрыемстваў, зацверджанага намеснікам Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь, па рэалізацыі прапаноў Генеральнай пракуратуры па ўвекавечанні памяці ахвяр генацыду беларускага народа. Падрыхтаваны і накіраваны ў Савет Міністраў праект пастановы аб змяненні складу камісіі. У яе мяркуюць уключыць намеснікаў старшынь аблвыканкамаў, Мінскага гарвыканкама. 

Мясцовым органам і музеям абласнога ды раённага падпарадкавання дадзены рэкамендацыі, звязаныя з планаваннем фінансавых сродкаў на мерапрыемствы па вяртанні культурных каштоўнасцей беларускага паходжання пры фарміраванні і зацвярджэнні мясцовых бюджэтаў на 2024 год. Пашырана садзейнічанне Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі айчынным музеям у наладжванні дзелавых кантактаў, правядзенні перамоў з замежнымі ўстановамі па пытаннях выяўлення, вяртання і вырабу копій прадметаў мастацтва беларускага паходжання. Расійскі бок, у тым ліку Міністэрства культуры Расійскай Федэрацыі, выказаў гатоўнасць адрасна спрыяць пошуку культурных каштоўнасцей па прад’яўленых копіях уліковых дакументаў, якія пацвярджаюць, што прадметы належалі даваенным музеям БССР. 

Кнігі з бібліятэк Іаана Кармянскага і роду Храптовічаў, фота з прэзентацыі

Кнігі з бібліятэк Іаана Кармянскага і роду Храптовічаў, фота з прэзентацыі

Таксама хацелася б адзначыць цеснае ўзаемадзеянне Міністэрства культуры і Міністэрства замежных спраў: праз МЗС накіравана восем запытаў у Пасольства Расійскай Федэрацыі і адзін — у Пасольства Грузіі. Дзякуючы мерам, што прыняло Міністэрства культуры, значна актывізавалася работа па вяртанні ў краіну культурных каштоўнасцей беларускага паходжання і іх копій — кніг, твораў мастацтва і іншых прадметаў. За 2023-і прывезена 318 арыгінальных культурных каштоўнасцей (для параўнання: за 2021 і 2022 гады — 24 арыгіналы). Такім чынам, за справаздачны год у 13 разоў павялічылася колькасць вернутых культурных каштоўнасцей, што пацвярджае эфектыўнасць працы камісіі. 

Пры садзейнічанні МЗС былі атрыманы правы на факсімільнае выданне Жухавіцкага Евангелля, арыгінал якога захоўваецца ў Літоўскай Рэспубліцы. Дзякуючы перамовам, што правёў дырэктар замкавага комплексу “Мір” Аляксандр Лойка і супрацоўнікі МЗС, кошт электроннага варыянта кнігі стаў у пяць разоў меншым за першапачатковы. З улікам цікавасці беларускага боку да электроннай копіі ў Літве на працягу 2021—2022 гадоў была праведзена комплексная рэстаўрацыя пісьмовага помніка.

НОВЫЯ ЗДАБЫТКІ 

А 12 чэрвеня 2023 года Музей Марка Шагала ў Віцебску прыняў у дар ад унучак майстра Мерэт і Бэлы Меер выданні з яго асабістага збору. Гэта 66 кніг, некаторыя з якіх змяшчаюць арыгінальную графіку аўтара. Прадметы папоўнілі музейную бібліятэку, у фондах якой цяпер больш за 5000 выданняў пра Марка Шагала і мастакоў еўрапейскага авангарду. 

Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва атрымаў 45 дакументаў Антона і Івана Луцкевічаў з калекцыі беларускай грамадскай арганізацыі “Фонд Крачэўскага ў Нью-Ёрку” за 1907—1915 і 1938 гады, 120 дакументаў Юліяны Вітан-Дубейкаўскай ад Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку за 1915—1994 гады, а таксама 20 дакументаў музыказнаўцаў Ізідара і Сімы Нісневічаў. 

Лявон Вітан-Дубейкаўскі з настаўнікамі і навучэнцамі Дзяржаўнай школы муляраў у Вільні, 1928 год

Лявон Вітан-Дубейкаўскі з настаўнікамі і навучэнцамі Дзяржаўнай школы муляраў у Вільні, 1928 год

З Германіі ў Нацыянальную бібліятэку Беларусі вернуты два выданні са збору Храптовічаў. Перадача артэфактаў адбылася пры садзейнічанні дыпламатычнага прадстаўніцтва Беларусі на тэрыторыі заходняй краіны. Таксама фонд Нацыянальнай бібліятэкі папоўніўся яшчэ двума стараабрадніцкімі кнігамі “Часоўнік” і “Псалтыр”, выпушчанымі ў 1830-я магілёўскай друкарняй. Прадметы перададзены ў дар прадстаўнікамі найстарэйшага ў Беларусі мотаклуба Harley-Davidson. 

Артэфакты трапляюць у нашу рэспубліку і дзякуючы іншым зацікаўленым. Так, 7 чэрвеня 2023 года Гомельскай епархіяй у краіну вернуты 59 кніг Іаана Кармянскага (Гашкевіча), кананізаванага Беларускай праваслаўнай царквой. Іх паднесла жыхарка Санкт-Пецярбурга Таццяна Бойкава. За сродкі абласнога бюджэту, а таксама за пазабюджэтныя сродкі Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф. Р. Шклярава куплены абраз Мікалая Цудатворца і створкі-навершы царскіх варот “Дабравешчанне” ХІХ стагоддзя. Гэтыя аб’екты пашыраюць веды аб рэгіянальнай культуры і гісторыі веткаўскіх стараабрадніцкіх храмаў, а таксама даюць імпульс распрацоўцы тэматычнай экспазіцыі, запланаванай на 2024-ы, якая будзе прадстаўлена ў адной з зал гомельскага філіяла ўстановы. Віцебскі абласны краязнаўчы музей вярнуў план горада 1904 года з фондаў Новакузнецкага краязнаўчага музея Кемераўскай вобласці. 

Таксама за 2023 год планава і пазапланава здабыта каля 40 электронных і лічбавых копій культурных каштоўнасцей беларускага паходжання. Нацыянальная бібліятэка Беларусі атрымала 10 копій друкаваных кніг XVII—XVIII стагоддзяў з калекцыі Нацыянальнай бібліятэкі Польшчы, Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры — якасныя электронныя копіі фотапартрэтаў Уладзіміра Самойлы 1904 і 1912 гадоў з Цэнтральнага дзяржаўнага гістарычнага архіва Санкт-Пецярбурга. Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа цяпер мае 12 новых копій прадметаў, звязаных з жыццём і творчасцю паэта. 17 лічбавых копій фатаграфій з выявамі гарадоў Беларусі перадаў музейна-выставачны цэнтр “Расфота”. 

ПЛАНЫ І ПЕРСПЕКТЫВЫ 

Музеі і Нацыянальная бібліятэка Беларусі праводзяць мноства мерапрыемстваў, якія папулярызуюць айчынныя артэфакты, прывезеныя з-за мяжы. У якасці прыкладу можна згадаць праект Нацыянальнага мастацкага “Вернутыя шэдэўры”: у пастаяннай экспазіцыі музея адзначаны творы, забраныя нацыстамі ў Германію і вернутыя на радзіму. Таксама гэтая ініцыятыва прэзентавана ў спецыяльным раздзеле на сайце ўстановы. 

Нацыянальная бібліятэка Беларусі сумесна з Дзяржаўнай публічнай гістарычнай бібліятэкай у Маскве запланавала праект на тэму прыватных кніжных калекцый. Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф. Р. Шклярава правёў перамовы аб магчымасці арганізацыі ў 2024—2025 гадах супольнай часовай выставы з Расійскім этнаграфічным музеем. 

Факсімільнае выданне Жухавіцкага Евангелля

Факсімільнае выданне Жухавіцкага Евангелля

Асобна хацелася б спыніцца на вяртанні культурных каштоўнасцей, перамешчаных у гады Вялікай Айчыннай вайны. Па прапанове Генеральнай пракуратуры пратаколам даручэнняў Міністэрства замежных спраў па выніках сёмага пасяджэння Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа прадугледжана падрыхтоўка пералікаў культурных каштоўнасцей, перавезеных у гады Вялікай Айчыннай вайны, для далейшага апублікавання на сайтах nationalcultures.by і viartanne.by. У адпаведнасці з даручэннямі Міністэрства замежных спраў і Міністэрства культуры Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў падрыхтаваў электронныя спісы такіх прадметаў на аснове выпускаў зборніка “Вяртанне”. У пераліках культурных каштоўнасцей, перамешчаных у гады Вялікай Айчыннай вайны, згадваецца 764 прадметы. На жаль, у Міністэрства культуры пакуль не паступіла інфармацыі ад устаноў культуры, архіваў, навуковых арганізацый і іншых зацікаўленых аб лёсе гэтых артэфактаў у цяперашні час, у тым ліку нават прыблізных звестак аб краіне, дзе тыя аб’екты могуць знаходзіцца. 

Намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь Вікторыя Кузьміна распавяла аб мерапрыемствах па вяртанні карціны Леаніда Саламаткіна “Рэпетыцыя ў хляве (Сцэна з дзіцячага жыцця)” 1867 года, якая захоўвалася ў фондах Дзяржаўнай карціннай галерэі БССР. Работа была вывезена ў Германію ў 1944-м, а затым перамешчана ў Маскву. Дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь Аляксандр Храмой расказаў аб дзейнасці экспертнай групы камісіі ў 2023 годзе. Таксама камісія зацвердзіла план работы на 2024-ы. 

Антон РУДАК