Праслаўляючы радзіму і прафесію

Сярод пераможцаў рэспубліканскага конкурсу маладых работнікаў прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў “ЅuperПРОФІ-2023” — Таццяна Осіпава. Настаўніца дзіцячай школы мастацтваў Гарадка імя Івана Серыкава стала найлепшай у намінацыі “ЅuperПРОФІ ўстановы культуры”.

У спаборніцтве ўдзельнічалі маладыя людзі да 31 года — самыя крэатыўныя спецыялісты, якія абралі прафесію па прызванні і ўжо паспелі шмат чаго дасягнуць. Заяўкі падало каля 700 чалавек, ганаровых узнагарод удастоілася 14. Перад фіналам канкурсанты прайшлі чатыры этапы: лакальны, раённы, абласны і рэспубліканскі. Што тычыцца нашай гераіні, то яшчэ маленькай дзяўчынкай яна пачала танцаваць у школе мастацтваў, дзе цяпер працуе выкладчыкам. Аб яркай перамозе, творчым шляху і любові да родных мясцін — у інтэрв’ю з маладым педагогам.

— У які момант вы захапіліся танцамі? 

— У кожнай сям’і ёсць творчыя людзі, і мая — не выключэнне. Мама ў школьныя гады займалася харэаграфіяй, а брат выступаў з заслужаным аматарскім калектывам Рэспублікі Беларусь народным ансамблем песні і танца “Яблынька”. З малых гадоў я разам з братам наведвала рэпетыцыі, на якіх паўтарала рухі старэйшых, а прыходзячы дадому, прыдумвала свае. Таму ў мамы не ўзнікла пытання, дзе дачцэ атрымліваць дадатковую адукацыю. Я стала навучэнкай харэаграфічнага аддзялення дзіцячай школы мастацтваў Гарадка. За шэсць гадоў падрыхтоўкі набыла веды па трох напрамках — класічны, гісторыка-бытавы і народна-сцэнічны танец. 

Таццяна Осіпава з калектывам

Таццяна Осіпава з калектывам

— Калі хобі ператварылася ў прафесію? 

— Пасля дзевяці класаў мой першы педагог па танцах параіла атрымаць адукацыю ў Віцебскім дзяржаўным каледжы культуры і мастацтваў. Важным было тое, што навучальная ўстанова знаходзілася недалёка ад дому. Скончыўшы яе, я пераканалася: у выбары прафесійнага шляху не памылілася. У студэнцтве далучылася да студыі сучаснага танца Ірыны Бухавецкай. З калектывам удзельнічалі ў шматлікіх міжнародных, рэспубліканскіх і абласных конкурсах, станавіліся лаўрэатамі. Кожнае выступленне было для мяне значным: на любой сцэне я пакідала часцінку сябе і заўсёды працавала на максімум. 

— Каму з педагогаў хацелі б падзякаваць? 

— Майму першаму настаўніку з дзіцячай школы мастацтваў Наталлі Міхайлаўне Тарасавай, якая прышчапіла любоў да танца, а таксама выкладчыкам Віцебскага дзяржаўнага каледжа культуры і мастацтваў, што дапамаглі мне раскрыцца як артысту, балетмайстру і педагогу ўжо ў больш свядомым узросце. 

— З Віцебска вы вярнуліся ў родны горад. Чаму? 

— Адпрацаваўшы два гады ў каледжы, я захацела паехаць у сваю дзіцячую школу мастацтваў, на малую радзіму, бо менавіта тут я расла. Шчыра кажучы, з самага пачатку не разглядала іншыя варыянты. 

У нашай установе займаюцца дзеці ад 6 да 15 гадоў. Урокі праходзяць ад двух да пяці разоў на тыдзень. Я навучаю народна-сцэнічнаму танцу і сучаснай харэаграфіі сем груп, таксама з’яўляюся кіраўніком харэаграфічнага калектыву “Задоринки”. 

— Якія парады маглі б даць маладым спецыялістам? 

— Трэба любіць сваю прафесію і справу, якой займаецеся. Тады кожную раніцу вы будзеце прачынацца з радасцю, ісці на працу з задавальненнем, а яна прынясе вынікі! Многія імкнуцца замацавацца ў вялікіх гарадах, але некаторых вабяць родныя ваколіцы, і я не выключэнне. Думаю, да такога рашэння падштурхоўвае любоў да месца, дзе ты вырас. Гэта так прыемна і важна, калі ты праслаўляеш свой горад і прыносіш яму карысць. 

— Як узнікла ідэя паўдзельнічаць у рэспубліканскім конкурсе “ЅuperПРОФІ-2023”? 

— Паступіла прапанова ад дырэктара школы, Дзіны Алегаўны Сцяпанавай, якая сказала: “Танечка, ты ўсё зможаш! Я ў цябе веру!” Я вельмі моцна хвалявалася, бо ніколі ў падобных мерапрыемствах не ўдзельнічала. Разумела, якая адказнасць на маіх плячах. Але падвесці калектыў не магла. 

— Якім быў шлях да перамогі? 

— Першы тур прайшоў у нашым раёне, дзе сярод найлепшых абралі мяне. Другі — у Віцебску, дзе я таксама змагла вылучыцца. Гэта былі неверагодныя эмоцыі, і я яшчэ не разумела, што чакае наперадзе. Заключны этап праводзіўся ў Мінску, куды з’ехаліся ўсе пераможцы абласных тураў. Арганізатары выбралі самыя ўдалыя творчыя нумары і запрасілі нас на гала-канцэрт. 

Таццяна Осіпава з вучнямі пасля ўзнагароджання

Таццяна Осіпава з вучнямі пасля ўзнагароджання

— Чым пакарылі журы? 

— У першай конкурснай праграме “Відэаролік” трэба было расказаць пра ўласную дзейнасць і дасягненні сваёй установы. Далей мы спаборнічалі ў праграме “Прамоўніцкае слова”: я рыхтавала міні-сцэнку з вучнямі на тэму “Чаму мая прафесія найлепшая?”. На апошнім этапе ўдзельнікі прэзентавалі творчыя нумары. Я і мае танцоры паказалі харэаграфічнае выступленне “Сэрца беларуса”. Шчыра, да канца не верыла ў перамогу. Калі на сцэне агучылі маё імя, эмоцыі зашкальвалі. Уся стома ператварылася ў чыстае шчасце. Дрыготкімі рукамі прымала дыплом, а ў галаве круцілася адна думка: “Мы гэта зрабілі!” І цяпер узнікаюць сумневы: тое праўда ці сон? 

— Хто, на вашу думку, варты ганаровага звання “ЅuperПРОФІ”?

— Чалавек, які вельмі любіць уласную прафесію, гарыць ёй, самаўдасканальваецца і валодае такімі якасцямі, як працавітасць, мэтанакіраванасць, упартасць. Гэтая асоба дамагаецца свайго, нягледзячы на перашкоды. 

— Як пачэсны тытул паўплываў на вашы планы? 

— Перамога ў рэспубліканскім конкурсе, безумоўна, дала стымул далейшай рэалізацыі ідэй, што тычацца маёй дзейнасці настаўніка і кіраўніка харэаграфічнага калектыву “Задоринки”. Аднак усе планы — гэта маленькія мары, пра якія я не прывыкла распавядаць, пакуль яны не ажыццявяцца. 

Настасся ЮРКЕВІЧ 

Фота з архіва гераіні