Традыцыі: дзеля яднання і развіцця

Апублiкавана: 08 лютага 2024 Стужка Афіцыйна Мінск Тэма

Аўтар: Аўтары

Зацвярджэнне Канцэпцыі развіцця нацыянальнай культурнай прасторы ва ўсіх сферах жыцця грамадства на 2024—2026 гады сталася адной з найважнейшых падзей апошняга часу. “К” працягвае збіраць меркаванні пра актуальнасць дакумента і напрамкі яго рэалізацыі.

Як адзначыла начальнік упраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Ірына Карповіч, Канцэпцыя выявілася вельмі глыбокім ідэалагічным дакументам, які ахоплівае шырокі спектр дзейнасці. 

— Важна, што, арыентуючыся на спадчыну, не адмаўляючыся ад добрай класікі, мы канцэнтруем усё найлепшае, што ствараецца ў дадзены момант. Мы звяртаем увагу на работы нашых сучасных артыстаў, пісьменнікаў, музычных дзеячаў, — падкрэсліла Ірына Карповіч. — Таксама варта памятаць, што кожны з нас сёння піша гісторыю, кожны робіць унёсак у фарміраванне нацыянальнай культурнай прасторы. А гэта значыць, кожны мусіць рабіць максімум на сваім працоўным месцы, каб наш час увайшоў у гісторыю беларускай дзяржаўнасці як этап развіцця. 

АЙЧЫННЫЯ ШЭДЭЎРЫ — РЭГІЁНАМ 

Важнымі напрамкамі рэалізацыі Канцэпцыі з’яўляюцца захаванне і папулярызацыя гісторыка-культурнай спадчыны, а таксама прасоўванне і развіццё нацыянальнага мастацтва. Значную ролю ў гэтай справе адыгрываюць музеі. Нацыянальны мастацкі сёння валодае найбуйнейшай у свеце калекцыяй беларускага мастацтва. Яго зборы налічваюць звыш 33 тысяч адзінак, якія паходзяць з розных пунктаў планеты і храналагічна ахопліваюць каля 12 стагоддзяў гісторыі. 

Намеснік генеральнага дырэктара па навуковай і асветніцкай рабоце Нацыянальнага мастацкага музея Вікторыя Кузьміна ўпэўнена, што ў цяперашні час асабліва востра адчуваецца неабходнасць захавання традыцыйных каштоўнасцей і нацыянальнай культуры, надання ім новага гучання. Па словах прадстаўніцы ўстановы, у рамках рэалізацыі Канцэпцыі запланаваны шэраг культурна-асветніцкіх мерапрыемстваў для шырокай аўдыторыі. 

— Аддаючы даніну памяці героям Вялікай Айчыннай вайны, музей далучыцца да святкавання 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. З мэтай папулярызацыі нацыянальнага мастацтва, а таксама падзей і асоб, што зрабілі значны ўклад у станаўленне дзяржаўнасці, адбудуцца персанальныя выставы выдатных айчынных мастакоў-юбіляраў. Плануецца ўцягненне дзіцячай аўдыторыі. Упершыню будзе арганізавана экспазіцыя, інтэрактыўная праграма, экскурсіі і майстар-класы, прысвечаныя гісторыі нацыянальных свят, — паведаміла Вікторыя Кузьміна. 

У Канцэпцыі вызначаны механізмы і для культурнага развіцця рэгіёнаў. У сувязі з гэтым упершыню запланавана рэалізацыя перасоўнага выставачнага праекта “Шэдэўры беларускага жывапісу з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея”. Для прадугледжанага дакументам уцягнення адрэстаўраваных і закансерваваных гісторыка-культурных каштоўнасцей у культурны і турыстычны ўжытак адной з прыярытэтных задач стане павелічэнне колькасці рэстаўрацыйных работ. 

Для пашырэння міжнароднага супрацоўніцтва запланаваны шэраг праектаў у музеях Расійскай Федэрацыі, а таксама падрыхтоўка выдання, прысвечанага творам мастацтва Кітая з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. 

НАША ВІЗІТОЎКА НА МІЖНАРОДНЫМ УЗРОЎНІ

Сярод іншага, у Канцэпцыі нададзена ўвага захаванню, памнажэнню і папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны, нацыянальных традыцый і звычаяў. Гэта паспрыяе ўстойліваму развіццю нацыянальнай культурнай прасторы, умацаванню прэстыжу дзяржавы ў міжнароднай супольнасці. І ў гэтым кірунку ўжо зроблена нямала. 

Як адзначае намеснік начальніка ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Марыя Нецвятаева, актыўная праца ў галіне нашых матэрыяльных і нематэрыяльных набыткаў закладвае падмурак для добрай прэзентацыі краіны на міжнародным узроўні.

Па словах Марыі Валянцінаўны, у 2024 годзе UNESCO мусіць разгледзець пытанне ўключэння ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны беларускага мастацтва выцінанкі. Таксама падрыхтавана і накіравана ў міжнародную арганізацыю дасье па неглюбскай народнай тэкстыльнай традыцыі. Зараз Мінскі аблвыканкам рыхтуе дакументы па элеменце “Культура беларускай дуды”. Ідзе рупная дзейнасць і па матэрыяльных аб’ектах. У папярэднім спісе UNESCO ўжо знаходзяцца гродзенская Каложская царква, а таксама аб’екты сакральнай архітэктуры абарончага тыпу: цэрквы ў Сынкавічах і Мураванцы, касцёл у Камаях. Рыхтуецца да вяртання ў гэты пералік Брэсцкая крэпасць. 

ЦІ З’ЯВЯЦЦА НОВЫЯ МЕЛЕЖЫ І ШАМЯКІНЫ? 

Начальнік упраўлення выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці Міністэрства інфармацыі Уладзімір Андрыевіч адзначае важнасць міжведамаснага і міжгаліновага ўзаемадзеяння, грамадска-дзяржаўнага партнёрства. На думку Уладзіміра Уладзіміравіча, Канцэпцыя тычыцца не толькі тэатральнай ці музейнай прасторы, а ўсіх сфер нашага жыцця, бо на фарміраванне асобы ўплывае мноства фактараў: напрыклад, сямейнае выхаванне і культура чытання. 

У межах рэалізацыі Канцэпцыі чакаюцца новыя адметныя творы, што паспрыяюць кансалідацыі грамадства і фарміраванню патрыятызму. І на падтрымку літаратурнага працэсу накіравана дзейнасць Міністэрства інфармацыі, Саюза пісьменнікаў Беларусі. Важным апірышчам Уладзімір Андрыевіч называе Нацыянальную літаратурную прэмію. 

Шмат увагі ў краіне надаецца ўзрошчванню маладых талентаў. Прыкладам такога клопату служыць рэспубліканскі літаратурны стартап LitUP. Ён мае на мэце пошук, падтрымку і прасоўванне перспектыўных беларускіх аўтараў. Паўдзельнічаць могуць як прафесіяналы з важкай біяграфіяй, так і пачаткоўцы. Колькасць заявак на стартап штогод расце, а за час існавання ініцыятывы ў вядучых выдавецтвах нашай рэспублікі пабачылі свет больш за 40 кніг пераможцаў LitUP. 

НАВУКА ДЛЯ ШЫРОКАЙ АЎДЫТОРЫІ 

На патэнцыял міжведамаснага і міжгаліновага супрацоўніцтва паказвае вялікая цікавасць да Канцэпцыі з боку навукоўцаў. Намеснік дырэктара Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Аляксандр Бараноўскі зазначыў, што ў рэалізацыі новага дакумента будуць задзейнічаны розныя структуры Нацыянальнай акадэміі навук. 

Прыкладам, Інстытут філасофіі сёлета прэзентуе новыя выданні ў серыі, прысвечанай традыцыйнаму светапогляду беларусаў. Ранейшыя кнігі з гэтага шэрагу карыстаюцца попытам у кнігарнях і бібліятэках. Акадэмічныя ўстановы запланавалі тэматычныя канферэнцыі, семінары, лекцыі, дыялогавыя пляцоўкі. Іх асноўнай аўдыторыяй мусяць стаць студэнты і школьнікі, настаўнікі, работнікі ўстаноў культуры і іншыя зацікаўленыя. Задуманы адмысловыя праекты ў супрацоўніцтве з Беларускай праваслаўнай царквой. 

Алесь ДАНІЛОВІЧ 

Фота Уладзіміра ШЛАПАКА