Шчас­це твор­час­ці — не­вы­мер­нае

Віцебская абласная філармонія ладзіць вечарыну “Сто гадзін шчасця”, прысвечаную 15-годдзю творчай дзейнасці сваёй салісткі, лаўрэата міжнароднага конкурсу Алены Паўлянковай. Насамрэч канцэрт, які адбудзецца 16 лютага, з’яднае ўсіх салістаў філармоніі, і гэта добрая традыцыя. 

Віцебская філармонія славіцца цікавымі праектамі і адметнымі калектывамі. У яе складзе не толькі сімфанічны аркестр, але і знакаміты ансамбль танца, музыкі і песні “Талака”, які літаральна месяц таму ўдзельнічаў у канцэрце цырымоніі ўручэння прэмій Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне”, унікальны ва ўсім свеце актэт балалаек “Віцебскія віртуозы”, што справіў летась 50-гадовы юбілей, больш за дзесяць салістаў розных кірункаў. Штогод у снежні філармонія ладзіць Міжнародны музычны фестываль імя І. Салярцінскага (сёлета ён будзе ўжо 35-м па ліку), дзе ў праграме не толькі канцэрты, але і навуковыя чытанні, конкурс музычнай крытыкі. Сярод іншых праектаў філармоніі ёсць не толькі дзіцячыя праграмы, якіх больш як паўсотні (дарэчы, для шматдзетных сем’яў прадугледжана льгота — усяго адзін квіток на цэлую кампанію), але і цыкл для цяжарных жанчын і іх будучых нашчадкаў “Саткаць душу з нот”, што ладзіцца пры партнёрскай падтрымцы віцебскіх медыцынскіх устаноў. А канцэртна-лекцыйны праект “Ad Libitum” кожны сезон змяняе тэматыку і сёлета, да прыкладу, уключае два цыклы: “Музычныя гісторыі”, якія згадваюць знаных дзеячаў мастацтва, ды “Паэзіі і музыкі саюз”, дзе аповед пра паэтаў суправаджаецца інструментальнымі кампазіцыямі. 

Добрай традыцыяй сталі і рэгулярныя вечарыны салістаў, штораз з новымі праграмамі. Для артыстаў яны становяцца і своеасаблівай справаздачай, і дадатковым прыцягненнем публікі. Для той жа Алены Паўлянковай гэта ўжо далёка не першы сольнік. Сярод ранейшых былі такія ўпадабаныя гледачамі, як “Маналог жанчыны”, “Каханне, і песня, і вясна”, “Гэта было вясной”, “Пад небам Парыжа”, “Падарожжа ў Парыж”, “Не запальваючы агню” і іншыя. 

— Алена Міхайлаўна, чаму ваша юбілейная вечарына названая “Сто гадзін шчасця”? Бо таго ж творчага, сцэнічнага шчасця ў вас куды больш — 15 гадоў. 

— Назву я ўзяла з аднайменнай песні Канстанціна Арбеляна на верш Веранікі Тушновай, што, вядома, прагучыць у канцэрце. Там такія словы — акурат пра маё жыццё. А падобныя сольнікі — гэта прафесійная і шчырая патрэба дарыць людзям эмоцыі, усё тое найлепшае, што ёсць у тваёй душы. 

— Мабыць, спявалі з дзяцінства? 

— Так, ужо ў музычнай школе, дзе вучылася па фартэпіяна, займалася пастаноўкай голасу, удзельнічала ў конкурсах. Канчаткова абрала спевы ў 15 гадоў, калі паступіла ў Віцебскае музычнае вучылішча імя Салярцінскага (цяпер гэта каледж). У такім юным узросце на сольны вакал не набіралі, таму спачатку я вучылася як харавік-дырыжор, а потым сумяшчала дзве спецыяльнасці. Скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, потым магістратуру Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Машэрава, выкладала там на кафедры харавога дырыжыравання і вакалу. А 15 гадоў таму Аксана Новікава, з якой мы сябруем, прапанавала перайсці ў Віцебскую філармонію, дзе яна была салісткай і працуе дагэтуль.

Адзін з праектаў філармоніі — калядны канцэрт, 2023

Адзін з праектаў філармоніі — калядны канцэрт, 2023

Я не надта хацела ісці на тое праслухоўванне, бо выкладаць мне падабалася. Але яна была настойлівай, і... так я стала салісткай: як кажуць, ад лёсу не ўцячэш. Так што 15-гадовы юбілей у мяне не ўсёй маёй дзейнасці, а менавіта сцэнічнай. Некаторы час я яшчэ сумяшчала спевы з выкладаннем, але канцэрты зацягваюць: калі ўжо падхапіў “сцэнічную хваробу”, дык яна ад цябе не адчэпіцца. Мне вельмі пашанцавала з выкладчыцай вакалу: гэта Ларыса Рабцава, я з ёй і цяпер раюся. Яна прывіла мне культуру гуку, само стаўленне да спеваў як да высокага мастацтва. 

— Але ж у вашым рэпертуары не толькі акадэмічная класіка? 

— Часцей красовер, дзе класіка спалучаецца з эстрадай. Такім будзе і цяперашні канцэрт, дзе па традыцыі прымуць удзел усе мае калегі. Я шчаслівая, што ў мяне ўсё склалася і на сцэне, і ў калектыве. 

Зараз у Віцебскую філармонію прыйшло шмат моладзі, усе запаленыя цікавымі ідэямі, творчае жыццё віруе. Ці ж гэта не шчасце? 

Вы маеце рацыю: яго немагчыма вымераць у тых ці іншых часавых адзінках, бо яно — невымернае. Шчасце — дзяліцца з публікай тым найлепшым у мастацтве, што назапасілі і збераглі. І што ўзрасце, калі ім падзелішся. Бо культура і мастацтва — тыя вечныя каштоўнасці, якія даюць нам сілы ў жыцці. 

Надзея БУНЦЭВІЧ 

Фота з архіва філармоніі