Па­тры­ёты­ка і крэ­атыў — рэ­чы су­мес­ныя

Апублiкавана: 14 лютага 2024 Арт-блог Тэатры Мінск

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі — творчая пляцоўка, дзе ідэі фантануюць бесперапынна, а таму падзеі і новыя праекты папросту віруюць. Да прыкладу, 19 студзеня сумесна з Цэнтрам беларускай драматургіі адбылася прэм’ера спектакля “Вечар”, а дагэтуль усіх узрушыла “Забалоцце”і, крыху раней, тэатралізаванае чытанне п’есы “Я, бабуся, Іліко і Ларывон”. Прычым усе тры — патрыятычнай тэматыкі.

“Вечар” Аляксея Дударава — гэта наша нацыянальная класіка, што ўвайшла ў школьныя падручнікі. П’еса пра трох старых у закінутай вёсцы ўпершыню была пастаўлена акурат 40 гадоў таму ў колішнім Ленінградзе і абышла ледзь не ўсе беларускія тэатры і многія замежныя. У РТБД яна зайграла новымі сэнсавымі фарбамі, атрымала новае жанравае азначэнне — “размовы ля калодзежа”.

"Вечар"

"Вечар"

“Забалоцце” — фінальная, трэцяя частка трылогіі, створанай паводле беларускага песеннага фальклору. У аснове спектакля — рэальная гісторыя васьмі братоў, што загінулі ў Вялікую Айчынную. Ды і дзеянне “...Іліко...” разгортваецца ў 1941-м.

П’еса Гіга Лордкіпанідзэ паводле вядомага аднайменнага рамана Надара Думбадзэ атрымала папраўдзе бліскучае тэатралізаванае чытанне, рэалізаванае ў рамках праекта “Сучасная класіка” і надзвычай блізкае паўнавартаснаму спектаклю. Беларускі пераклад, зроблены ў свой час знакамітым драматургам Андрэем Макаёнкам, гучаў з сакавітым грузінскім адценнем. Добры, незласлівы гумар літаратурнага арыгінала не толькі не згубіўся, але і быў падкрэслены ўласна тэатральнымі сродкамі, пачынаючы з каларытнай лезгінкі сабакі Мурады. Пры такой сонечнасці ўвасаблення мірнага жыцця яшчэ больш балюча ўспрымалася вестка пра смерць сына Іліко, вырашаная праз кранальныя тэатральныя метафары (рэжысёр — Алена Зміцер). Сцэнаграфія і сцэнічныя строі Марыны Алекна спалучалі грузінскі каларыт з агульначалавечай сімволікай. Развешаная на вяроўцы бялізна падзяляла не проста сцэнічную прастору, а само жыццё — на даваеннае і пасля пачатку Вялікай Айчыннай. Невыпадкова гэты сумесны праект РТБД з Цэнтрам беларускай драматургіі атрымаў цалкам прадказальны працяг: наступны паказ адбудзецца 2 сакавіка ў рамках Тыдня беларускай драматургіі “Канцэнтрацыя”.

“Забалоцце” — гэта назва не толькі трэцяга спектакля ў жанры “песня ў адной дзеі”, прысвечанага тэме смерці ў беларускім фальклоры, але і назва рэальнай вёскі. Само ж гэтае слова — спрадвечна беларускае, звязанае з нацыянальнай міфалогіяй — быццам адлюстроўвае яшчэ і тагасветны пачатак, што ляжыць за жыццёвай дрыгвой, калі тая паглыне чалавека цалкам.

Сцэны са спектакля "Забалоцце"

Сцэны са спектакля "Забалоцце" 

Першы спектакль трылогіі, “Шлюб з ветрам”, быў чорнабелым з рэдкім украпваннем чырвонага. Другі — “Пачупкі” з адмысловым зборам беларускіх калыханак — амаль цалкам чорным па колеравым вырашэнні. “Забалоцце” ж — пераважна белае па сцэнаграфіі, з дадаткам розных адценняў шэрага як крыху забруджанай фарбы зімовага холаду, смяротнага адубення. У гэтай частцы магутнай тэатральнай сімфоніі збіраюцца разам і непарыўна сплятаюцца ўсе заяўленыя раней візуальныя лейтматывы: чорных крумкачоў, сабак, фізічнага і душэўнага гвалту, дзвярэй між сусветамі быцця і небыцця. Ды і сама нябачная (а часам і бачная) прысутнасць смерці лунала над героямі ранейшых частак трылогіі, сцвярджаючы непарыўную повязь жыцця і смерці як двух берагоў аднаго філасофскага рэчышча, немагчымасць іх існавання паасобку.

Пастаноўчая каманда ў складзе рэжысёра Яўгена Карняга, мастака Таццяны Нерсісян, кампазітара і музычнага кіраўніка Каці Аверкавай зрабіла папраўдзе сінтэтычнае, “складана падпарадкаванае” тэатральнае дзеянне. Яркімі жанравымі эпізодамі, надзеленымі глыбокім духоўным сэнсам, становяцца моманты адкрытага звароту да эстэтыкі і прыёмаў тэатра лялек: узрастанне з зямлі свечак, інфернальнае і адначасова шчымлівае з’яўленне постаці бацькі, створанай з рыдлёвак, аблічча каровы, складзенае з галавы і мыліц, сцэна пакладання ў труну, дзе герой супраціўляецца, не хоча ў магілу, але дзверы за ім з грукатам зачыняюцца і зваротнага шляху няма. Пры ўсім сваім трагічным напале спектакль пра смерць, што пачынаецца з абраду Дзядоў і памінання васьмі загінулых братоў, не пакідае змрочнага вэлюму. Бо становіцца гімнам жыццю: “А на гэтым свеце — усё наша багацце”. Гэтыя залатыя словы беларускай народнай песні павінны стаць жыццёвым крэда кожнага з нас.

Тэатралізаванае чытанне п’есы "Я, бабуся, Іліко і Ларывон"

Тэатралізаванае чытанне п’есы "Я, бабуся, Іліко і Ларывон"

Надзея БУНЦЭВІЧ

Фота з архіва тэатра