З гісторыі і геаграфіі аднаго абраза

Апублiкавана: 18 лютага 2024 Стужка Выяўленчае мастацтва Мiнская вобласць

Аўтар: Аўтары

Акурат пад святыя калядныя дні атрымала ад Івана, сына мастака-самавука Юзіка Мысліцкага з нясвіжскіх Сейлавічаў, абраз Прасвятой Дзевы Марыі. Гэты падарунак дарагі не толькі паводле вартасці. Ён знакавы, памятны, бо паднесены ў юбілей — на 100-годдзе ад нараджэння аўтара.

Творчая спадчына Юзіка Мысліцкага яркая, квяцістая, з букетамі ў кошыках ці вазах, паўлінамі сярод руж і бэзу, аленямі, вавёркамі, тыграмі і львамі сярод зелені, дагледжанымі хаткамі пад чырвонымі дахамі. Толькі зрэдчас, не дзеля заробку, а па клічы душы ці пільнай патрэбе на замову, ён ствараў абразы. На сёння іх выяўлена ўсяго тры, сярод якіх і гэты, падараваны пад Каляды. 

Намаляваная алейнымі фарбамі на шчыльным даўнейшым кардоне, аздобленая фольгай, узятая пад шкло, у драўляную рамку ікона, падаецца, добра захавалася і далікатных колераў аніяк не страціла: шанавалася невядомымі гаспадарамі. А вось апошнія 10 — 15 гадоў ці, можа, крыху больш, як сцвярджае Іван Мысліцкі, абраз месціўся на куце пад столлю ў баковачцы сейлаўскай… канюшні. Даведацца пра ранейшых гаспадароў, як і пра тое, чаму ікона апынулася ў стайні, пры ўсіх стараннях не ўдалося. Схіліліся да наступнай версіі: так распарадзіўся нехта са спадчыннікаў ці, мабыць, новых гаспадароў хаты, калі сталыя ўладальнікі абраза пакінулі гэты свет. 

Ды як бы там ні было — і тое няблага: абраз ацалеў, яго не выкінулі, не спалілі (падчас краязнаўча-этнаграфічных пошукаў з падобнымі прыкрымі фактамі шмат каму даводзілася сутыкацца). А яшчэ разважалі і так: усякай істоце на зямлі патрэбнае заступніцтва. Конь! Ён жа спрадвеку — надзейны сябар і памочнік чалавека! Яго насцярожаныя вочы нібыта адлюстроўваюць трывогі ўсяго свету. А людзі, што даглядаюць коней, зазвычай улюбёныя ў сваіх дужых і грацыёзных гадаванцаў, па-набожнаму клапатлівыя. Ліхога чалавека, што не мае шкадавання да жывёлы, абраз, мусіць, крыху стрымае, не раўнуючы, як тая аброць наравістага каня. 

…Толькі нядаўна, калі не стала апошняга коніка і стайню рыхтавалі пад знос, Іван забраў бацькаў твор дадому. 

Час з’яўлення іконы — пасляваеннае дзесяцігоддзе, нават больш верагодна, яго першыя гады. У такога сцвярджэння ёсць падставы. Менавіта тады Юзік Мысліцкі пабраўся шлюбам з сейлаўскай прыгажуняй і, пакінуўшы сваё Чарнагубава, што на Капыльшчыне, распачаў сталае жыццё непадалёк ад Нясвіжа. Адразу сям’я не мела ўласнага кута. Прытуліў маладых жончын брат, што жыў на хутары пад Сейлавічамі каля пагорка-ўрочышча з пракаветнай назвай Літанка. Калісьці ў тым месцы нашы прашчуры ладзілі карагоды, клікалі вясну і жаваранкаў, віталі першыя промні сонца, прасілі Божай міласці, узносілі да неба літанні аб шчасці і долі. Святая ласка і спрыянне патрэбны былі і маладой сям’і: яна чакала дзяцей, загойвала нядаўнія раны. Мысліцкі вярнуўся з вайны з асколкам у лёгкіх — не мог цяжка працаваць, як усе сяляне, а трэба было неяк жыць. Юзік шчыра аддаўся таму, да чаго ляжала, чаго прасіла душа, — маляванню. 

— Бацька крыху вандраваў, — кажа Іван, — часам на які тыдзень пакідаў Сейлавічы. Часцей такое надаралася зімой. А для сейлаўцаў, суседзяў адрушоўцаў маляваў дома. Мы бачылі ўсю працу, часта падбягалі паглядзець, клаліся спаць і прачыналіся побач з маляванкамі. А вось гэтай не памятаю. Значыць, бацька стварыў яе раней, пэўна, хутка пасля вайны, калі мяне яшчэ не было або калі быў зусім малы. 

На ўдакладняльнае пытанне наконт аўтарства абраза Іван упэўнена адказвае: 

— Бацька маляваў! Яго рука, яго колеры-фарбы! Нават яго рамка. На пазнейшых бацька рабіў яшчэ напыленне серабрыстым парашком. Прыдумаў ці падгледзеў дзе такі спосаб: набіраў парашок у звычайную спрынцоўку, а пасля выдзімаў яго струменьчыкам на толькі-толькі пафарбаваную рамку. Той серабрысты пылок сам сабою і прыклейваўся. 

“Найсвяцейшае Сэрца Ісуса” — другі з ацалелых абразоў Мысліцкага. Наконт гэтай іконы шмат сведчанняў старэйшых жыхароў Сейлавічаў, бо з ранняга пасляваеннага часу артэфакт дапаўняў убранства касцёла, быў навідавоку ў набожных людзей. Калі ж у святыні размясцілі склад, ікону забрала на захаванне шчырая верніца Юзэфа Пражэнік. Толькі праз чвэрць стагоддзя абраз зноў вярнуўся ў храм, над аднаўленнем якога шчыраваў і сейлаўскі мастак — падбіраў колеры, фарбаваў па сваёй тэхналогіі сцены. 

Трэцяя ікона пад умоўнай назвай “Дабравесце” да гэтых дзён займае пачэснае месца на покуці адной з вясковых хат. Гаспадыня, а ёй мінуў ужо шосты дзясятак, кажа: “Колькі жыву — столькі абраз перад вачыма. Застаўся ад бацькоў”. На іконе жанчына бачыць Дзеву Марыю, пры яе нагах — прытомленую нябеснай дарогай галубку-вястунку, што п’е ваду з жывой ручаіны. Такое ўяўленне было і ў мяне. Толькі пасля добрай падказкі журналісткі, краязнаўца, даследчыцы народнага мастацтва Галіны Антонавай са Смаргоні даведалася пра абразы з выявай святой Тарэсы. І не засталося сумненняў, што растыражаваная папяровая копія адной з тых ікон і паслужыла падмогай сейлаўскаму мастаку: навідавоку падабенства і кампазіцыі, і гармоніі колераў. Ды ёсць адметнасць. Вобраз, намаляваны Мысліцкім, паставай і абліччам вельмі нагадвае вясковую беларускую дзяўчыну, загарэлую на сонцы ад штодзённай працы ў полі. Тая асаблівасць, можа, і ёсць самае істотнае, чым найперш кранаюць іконы самавукаў і наіўны народны жывапіс увогуле. У падобных работах у кошыку сярод руж — палявыя рамонкі і васількі, выносныя кіпарысы суседнічаюць з наскімі бярозамі… Сваё, роднае няўлоўна прасочваецца на даматканае палатно, кардон, фанеру, шкло — і малюе, забыўшыся, рука. 

Так супала ці з Божай ласкі атрымалася, што менавіта ў год векавога юбілею работы Юзіка Мысліцкага ўпершыню паказваліся ў сталіцы на тэматычнай выставе беларускага народнага роспісу па шкле ў галерэі “Цэнтр”. Але, вядома, угодкі Мысліцкага — гэта падзея перадусім для землякоў, жыхароў Нясвіжчыны, а музеі і іншыя ўстановы культуры і адукацыі ў ваколіцах, дзе жыў і вандраваў мастак, — самыя пачэсныя экспазіцыйныя пляцоўкі для яго твораў. 

Наталля ПЛАКСА

г. Нясвіж