Як у Беларусі развівалася сістэма аховы помнікаў?

Апублiкавана: 20 лютага 2024 Стужка Архітэктура Мінск Тэма

Аўтар: РУДАК Антон

Летась споўнілася 30 гадоў са стварэння Дзяржаўнага спіса гісторыкакультурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, аднак агулам сістэма ўліку і аховы нацыянальнай спадчыны нашай краіны ахоплівае больш як стагоддзе. За працяглы час заканадаўства ў гэтай сферы прайшло некалькі этапаў развіцця. Аб асноўных вехах распавядае Генадзій Ходар, кансультант упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

ЗДАБЫТАК КРАІНЫ 

Пасля ўтварэння Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі 19 студзеня 1919 года быў заснаваны Народны камісарыят асветы БССР, які ўзяў пад апеку помнікі культуры і мастацтва. Было вырашана арганізаваць асобны мастацка-археалагічны пададдзел, асноўнай задачай якога мусіла стаць ахова помнікаў мастацтва і старажытнасці. 30 студзеня 1919 Часовы рабоча-сялянскі ўрад БССР прыняў пастанову “Аб перадачы культурных каштоўнасцей навукі і мастацтва, якія знаходзяцца ў маёнтках і розных установах, Камісарыяту адукацыі і аб арганізацыі іх уліку, аховы і збору”. 

Мэтанакіраванае вывучэнне культурнай спадчыны Беларусі пачалося пасля 1922 года. Тады быў утвораны Інстытут беларускай культуры (Інбелкульт), спецыяльная камісія якога ўзначаліла краязнаўчы рух у нашай краіне. Сто гадоў таму, 24 снежня 1923, Савет народных камісараў БССР зацвердзіў пастанову “Аб абавязковай рэгістрацыі, прыёме на ўлік і ахове помнікаў мастацтва, даўніны, побыту і мясцовай прыроды”. Гэты дакумент быў першым прававым актам, які паклаў пачатак фарміраванню сістэмы ўліку аб’ектаў культурнай спадчыны Беларусі. 

Будынак на Рэвалюцыйнай вуліцы ў Мінску, дзе размяшчаўся Інстытут беларускай культуры, 1920-я

Будынак на Рэвалюцыйнай вуліцы ў Мінску, дзе размяшчаўся Інстытут беларускай культуры, 1920-я

Пастановай прадпісвалася сталая дзяржаўная рэгістрацыя і ахова помнікаў мастацтва, старажытнасці, народнага побыту і прыроды, якія знаходзяцца пры арганізацыях і таварыствах ці ў прыватных асоб. Ствараўся спецыяльны орган, адказны за рэгістрацыю такіх помнікаў і выдачу іх уладальнікам асаблівага ахоўнага пасведчання, — навукова-мастацкая экспертная камісія. Яна падрыхтавала план рэстаўрацыі часткова разбураных помнікаў, у тым ліку найбольш даўніх — у Мінску і Полацку. 

СТАНАЎЛЕННЕ СІСТЭМЫ 

У 1926 годзе Першы Усебеларускі краязнаўчы з’езд акрэсліў задачу — правесці ўлік спадчыны і выратаваць яе ад разбурэння. Камісія Інбелкульта выявіла і апісала шэраг манументальных помнікаў Полацка, Віцебска, Оршы, Магілёва, Слуцка і Мінска, а вынік працы перадала ва Урад для абвяшчэння іх нацыянальным здабыткам. Пастанова СНК БССР ад 5 ліпеня 1926-га нацыяналізавала шэраг аб’ектаў мастацтва, архітэктуры, побыту і прыроды, а на акруговыя, раённыя, гарадскія і сельскія саветы ўсклала абавязкі па ахове помнікаў культуры. Гэты дакумент зацвердзіў першы ў Беларусі спіс з 87 аб’ектаў спадчыны. Праз вышэйшыя дзяржаўныя ўстановы камісія правяла акт аб ускладанні аховы помнікаў манументальнай архітэктуры, а таксама гарадзішчаў, курганоў і селішчаў на мясцовыя органы ўлады. 

У 1932 годзе пастановай СНК БССР былі рэарганізаваны дзяржаўныя ўстановы па ахове помнікаў. Пры Наркамасветы ствараўся Міжведамасны камітэт па ахове помнікаў матэрыяльнай культуры ў БССР. Пасля далучэння Заходняй Беларусі ў 1939-м быў прыняты шэраг пастаноў Урада, што тычыліся культурнай спадчыны гэтых рэгіёнаў, у тым ліку пастанова “Аб ахове ў заходніх абласцях БССР помнікаў рэвалюцыі, мастацтва ды даўніны і захаванні архіваў”. Згодна з дакументам, забаранялася разбурэнне помнікаў, рабаванне маёнткаў і знішчэнне архіваў, а таксама вываз мастацкіх каштоўнасцей без дазволу Савета народных камісараў БССР. Тады ж была створана і ўрадавая камісія па ахове помнікаў гісторыі, рэвалюцыі, Грамадзянскай вайны, архітэктуры і мастацтва. Разам з тым у даваенны перыяд закрытыя сакральныя пабудовы і колішнія сядзібы прыстасоўваліся пад гаспадарчыя патрэбы ці культурныя ўстановы, а часта проста разбураліся. 

АДНАЎЛЕННЕ 

У гады Вялікай Айчыннай вайны і гітлераўскай акупацыі беларуская гісторыка-культурная спадчына панесла цяжкія страты. Новы этап фарміравання дзяржаўных органаў яе аховы пачаўся ў пасляваенны перыяд. З 1944-га два ведамствы курыравалі помнікі гісторыі і культуры: Наркамасветы БССР і Галоўнае ўпраўленне па справах архітэктуры пры СНК БССР. У гэтым упраўленні быў арганізаваны аддзел па ахове помнікаў архітэктуры, у кампетэнцыі якога ўваходзіла навукова-даследчая работа, улік, ахова і рэстаўрацыя найбольш важных аб’ектаў. Тады ж пры аддзеле арганізавалі Інспекцыю па ахове помнікаў архітэктуры, якая дзейнічала да 1959 года. 

Працэс перабудовы архікафедральнага касцёла ў Мінску пад Дом фізкультуры, 1950-я.

Працэс перабудовы архікафедральнага касцёла ў Мінску пад Дом фізкультуры, 1950-я. 

Паралельная структура з адпаведнымі ахоўнымі функцыямі існавала ў Наркамасветы БССР. Спачатку ў ведамстве стварылі два адмысловыя ўпраўленні: па музеях і па бібліятэках. Пастановай СНК БССР ад 24 красавіка 1945 года № 870 быў заснаваны Камітэт па справах культурна-асветных устаноў на правах рэспубліканскага камісарыята, якому перадаваліся функцыі кіравання музеямі, бібліятэкамі і іншымі культурна-асветнымі арганізацыямі. У пачатку 1950-х у гэтым камітэце быў створаны аддзел аховы помнікаў гісторыі і культуры. 

ЛІКВІДАЦЫЯ НЕДАХОПАЎ 

У 1945-м зацверджана пастанова СНК БССР “Аб ахове і аднаўленні гістарычных і архітэктурных помнікаў”. Яшчэ адзін важны заканадаўчы акт — пастанова Савета Міністраў СССР “Аб мерах паляпшэння аховы помнікаў культуры” прыняты 14 верасня 1948 года. Дакумент апісваў сур’ёзныя недахопы ў ахове спадчыны: адсутнасць кантролю за захаванасцю гістарычных і археалагічных помнікаў, нездавальняючае кіраўніцтва аховай і рэстаўрацыяй архітэктурных помнікаў з боку Камітэта па справах архітэктуры і Камітэта па справах мастацтваў пры Савеце Міністраў СССР, а таксама адсутнасць належнага забеспячэння захаванасці помнікаў культуры. 

Пастанова абавязала Камітэт па справах архітэктуры і Камітэт па справах мастацтваў пры Савеце Міністраў СССР узмацніць кіраўніцтва і кантроль у справе ўліку, аховы, рэстаўрацыі і выкарыстання помнікаў архітэктуры і мастацтва. Далейшая нарматыўная прапрацоўка дакумента ажыццяўлялася ў рамках зацверджанага ім Палажэння аб ахове помнікаў культуры, якое вызначыла паўнамоцтвы цэнтральных і мясцовых органаў улады ў галіне аховы гісторыка-культурнай спадчыны. 

Кіраўніцтва пастаноўкай на ўлік, аховай, рэстаўрацыяй і выкарыстаннем помнікаў, а таксама кантроль гэтых аспектаў ускладаліся на камітэты па справах культурна-асветных устаноў пры Саветах Міністраў саюзных рэспублік — па археалагічных і гістарычных помніках, на Камітэт па справах архітэктуры пры Савеце Міністраў СССР — па помніках архітэктуры і мастацтва. Непасрэдную работу ажыццяўлялі мясцовыя органы ўлады. Пастанова мела на мэце перш за ўсё на ўдасканаленне парадку ўліку і рэгістрацыі помнікаў культуры. У сувязі з гэтым былі прыняты ўрадавыя меры па арганізацыі ўліку і пашпартызацыі архітэктурных, археалагічных помнікаў. Распрацоўваліся спецыяльныя інструкцыі па ўліку. 

СКЛАДАННЕ СПІСАЎ 

Саветы Міністраў саюзных рэспублік, Камітэт па справах архітэктуры і Камітэт па справах мастацтваў пры Савеце Міністраў СССР абавязаны былі правесці ў 1948—1949 гадах улік усіх выяўленых да гэтага часу аб’ектаў спадчыны, якія падлягаюць унясенню ў дзяржаўныя спісы помнікаў культуры. Гэтыя рэестры складаліся выканкамамі на падставе Інструкцыі аб парадку ўліку, рэгістрацыі і ўтрымання помнікаў мастацтва, зацверджанай Камітэтам па справах мастацтва пры Савеце Міністраў СССР 2 сакавіка 1949, і Інструкцыяй аб парадку ўліку, рэгістрацыі, утрымання і рэстаўрацыі помнікаў архітэктуры, зацверджанай Камітэтам па архітэктуры пры Савеце Міністраў СССР 8 сакавіка 1949. У выніку на тэрыторыі БССР спісы помнікаў археалогіі і гісторыі фіксаваліся пастановай Савета Міністраў БССР № 1629 ад 19 снежня 1950 года. 

Сафійскі сабор у Полацку, 1930-я

Сафійскі сабор у Полацку, 1930-я

У дадатках да гэтага заканадаўчага акта вызначаліся канкрэтныя аб’екты саюзнага (32) і рэспубліканскага (198) значэння (з іх 127 археалагічных і 71 гістарычны). Помнікамі саюзнага значэння абвясцілі, напрыклад, Дом-музей I з’езда РСДРП у Мінску, мемарыял у гонар герояў вайны 1812 года ў Кобрыне, Курган Бессмяротнасці ў памяць пра Адама Міцкевіча ў Навагрудку. Помнікі архітэктуры былі ўзяты на дзяржаўны ўлік і ўнесены ў асобныя спісы на падставе пастановы Савета Міністраў БССР № 625 ад 18 мая 1953 года. Такіх аб’ектаў аказалася 82: Мірскі замак, былы замак Радзівілаў у Нясвіжы, руіны замка ў Навагрудку, Камянецкая вежа, Косаўскі замак, палац Сапегаў у Ружанах, палац губернатара і ратуша ў Віцебску, палац Румянцавых і Паскевічаў з паркам у Гомелі, Каложская царква ў Гродне, храм абароннага тыпу ў Сынкавічах і Сафійскі сабор у Полацку. 

ПАД КІРАЎНІЦТВАМ 

Перабудова сістэмы дзяржаўнай аховы і абароны культурнай спадчыны пачалася неўзабаве. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 8 мая 1953 года было створана Міністэрства культуры БССР. У 1957-м ведамства стала кіраваць аховай помнікаў, якую раней каардынавала ўпраўленне па справах музеяў і аховы помнікаў. Цэнтралізаванае кіраўніцтва аховай і абаронай помнікаў Міністэрства культуры БССР ажыццяўляла праз абласныя ўпраўленні культуры, раённыя і гарадскія аддзелы культуры. 

У 1957 годзе пастановай Савета Міністраў БССР зацвярджаецца дадатковы спіс гістарычных (483) і археалагічных (131) помнікаў. Так, былі ўзяты пад дзяржаўную ахову брацкія магілы, бюсты герояў Другой сусветнай вайны і зноў выяўленыя археалагічныя аб’екты. У цэлым да сярэдзіны 1960-х практычна ўся работа спецыялістаў па ахове помнікаў заключалася ў добраўпарадкаванні брацкіх магіл і іншых мясцін, звязаных з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны, аб’екты палацава-паркавага мастацтва і сакральнай архітэктуры разбураліся. 

ПАДРЫХТОЎКА ЗБОРУ 

У 1967 годзе ЦК КПБ і Урад БССР прымаюць сумесную пастанову, якая прызнае дзяржаўную палітыку ў сферы аховы помнікаў нездавальняючай. На калегіі Міністэрства культуры СССР і Прэзідыума Акадэміі навук СССР 2 кастрычніка 1967 было вырашана падрыхтаваць Збор помнікаў. Першы беларускі закон у сферы спадчыны — “Аб ахове помнікаў культуры” зацвярджаецца 28 снежня 1969 года. Ён увёў класіфікацыю аб’ектаў, якія трэба ўзяць пад ахову дзяржавы: помнікі гісторыі, помнікі архітэктуры, помнікі мастацтва і помнікі археалогіі. 

Згодна з дакументам яны былі падзелены на агульнасаюзныя, рэспубліканскія і мясцовыя. У адпаведнасці з класіфікацыяй, прыняцце аб’ектаў пад ахову ажыццяўлялася Саветамі Міністраў СССР, БССР, выканкамамі абласных і Мінскага гарадскога Саветаў дэпутатаў. Такім чынам, заканадаўчы акт вызначыў дзяржаўныя органы, якія сваімі рашэннямі зацвярджалі спісы помнікаў. 

САНКЦЫІ ЗА ПАРУШЭННІ 

За выкарыстанне аб’ектаў спадчыны Саветам Міністраў БССР была ўстаноўлена спецыяльная арэндная плата. Праекты рэстаўрацыі мусілі ўзгадняцца ў Міністэрстве культуры БССР. Пры руйнаванні або перабудове помнікаў закон прадугледжваў абавязковы ўдзел Акадэміі навук БССР і Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры ў вывучэнні і фіксацыі аб’екта (абмеры, раскопкі, фотафіксацыя, выкананне чарцяжоў і іншае), а выдаткі на гэтыя работы аплачвалі ўстановы, якія атрымлівалі дазвол на руйнаванне ці перабудову. 

Сабор Святых Пятра і Паўла ў Мінску, рэстаўраваны ў 1970-х

Сабор Святых Пятра і Паўла ў Мінску, рэстаўраваны ў 1970-х

Раскопкі археалагічных помнікаў рэспубліканскага і мясцовага значэння дапускаліся толькі пры наяўнасці адкрытага ліста, які выдаваўся Акадэміяй навук БССР і рэгістраваўся ў Міністэрстве культуры БССР, а помнікаў агульнасаюзнага значэння — у парадку, які акрэслівала заканадаўства СССР. Асноўным недахопам гэтага закона было вельмі нізкае спагнанне за парушэнне. Напрыклад, штраф за разбурэнне помніка складаў 50 рублёў для фізічных і 100 рублёў для юрыдычных асоб. 

ГОРАДАБУДАЎНІЦТВА 

У 1971 годзе выйшла пастанова Дзяржаўнага камітэта Савета Міністраў БССР па справах будаўніцтва і калегіі Міністэрства культуры БССР “Аб зацвярджэнні спіса гарадоў і іншых населеных пунктаў БССР, якія маюць архітэктурныя помнікі, горадабудаўнічыя ансамблі і комплексы — помнікі нацыянальнай культуры, а таксама прыродныя ландшафты і старажытны культурны пласт зямлі, які прадстаўляе археалагічную і гістарычную каштоўнасць”. Такім чынам упершыню нарматыўна замацоўвалася сучаснае паняцце помніка горадабудаўніцтва. У 1976-м быў прыняты Закон СССР “Аб ахове і выкарыстанні помнікаў гісторыі і культуры”. 

У адпаведнасці з саюзным заканадаўствам у Беларусі пачалася работа па падрыхтоўцы новага закона аб ахове спадчыны. Да сярэдзіны 1978 года быў прыняты Закон БССР “Аб ахове і выкарыстанні помнікаў гісторыі і культуры”. Ён вызначаў асноўныя прынцыпы ўліку, класіфікацыі і аховы ўсіх аб’ектаў спадчыны на тэрыторыі Беларусі, а таксама кампетэнцыі рэспубліканскіх і мясцовых органаў па пытаннях кіравання і кантролю, закладваў навукова-метадалагічныя асновы рэстаўрацыйнай дзейнасці. 

ПРАВІЛЫ І АДКАЗНАСЦЬ 

Прадметам аховы абвяшчаліся помнікі гісторыі і культуры — культурныя каштоўнасці, якія знаходзіліся пад аховай дзяржавы. Выкарыстанне помніка ў гаспадарчых мэтах дапускалася, толькі калі не наносіла ніякай шкоды яго захаванасці. З мэтай аховы нерухомых помнікаў паблізу іх павінны былі вызначацца зоны аховы (ахоўная, зона рэгулявання забудовы і зона ахоўнага ландшафту). Законам прадугледжваўся парадак правядзення археалагічных раскопак і разведак. Раскопкі без дазволу забараняліся, для іх арганізацыі выдаваўся адкрыты ліст. 

Асобы, вінаватыя ў невыкананні правіл аховы, выкарыстання, уліку і рэстаўрацыі помнікаў, неслі крымінальную, адміністрацыйную ці іншую адказнасць у адпаведнасці з заканадаўствам. 

У рамках рэалізацыі новага закона на пасяджэнні Савета Міністраў БССР у 1980 годзе было заслухана пытанне аб мерах па паляпшэнні аховы, рэстаўрацыі і выкарыстання помнікаў гісторыі і культуры ў Беларусі. У пастанове, прынятай па гэтым пытанні, Савет Міністраў адзначаў, што ў праектах генеральных планаў гарадоў і населеных пунктаў не заўсёды ўлічвалася роля помнікаў, прапаноўвалася руйнаванне будынкаў, якія маюць гістарычную і культурную каштоўнасць, недаацэньвалася іх прыродна-ландшафтнае асяроддзе, слаба вялася работа па захаванні і рэгенерацыі забудовы старажытных цэнтраў такіх гарадоў, як Гродна, Навагрудак, Нясвіж, Полацк і іншыя. 

Наспявала патрэба ў новых рашэннях у сферы аховы помнікаў — аб яе далейшым развіцці мы распавядзём у наступных нумарах. 

Антон РУДАК 

Фота з архіваў