Гучаць стаўбцоўскія фанфары

Народны духавы аркестр “Віціны” са Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў у снежні быў уганараваны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта за значны ўклад у выхаванне творчай моладзі, актыўны ўдзел у грамадска-культурных праектах. У заслужаным аматарскім калектыве Рэспублікі Беларусь выступаюць артысты рознага ўзросту, але іх аб’ядноўвае любоў да музыкі і радзімы. Што яшчэ спрыяе поспеху — расказвае кіраўнік аб’яднання Аляксандр Нічыпаровіч.

— Аляксандр Анатольевіч, мабыць, пачнём з гісторыі? 

— Духавы аркестр створаны ў Стаўбцоўскім раённым доме культуры ў 1956 годзе. За поспехі ў развіцці аматарскай мастацкай творчасці ў 1988-м калектыву прысвоена званне “народны”. У 1990-м аб’яднанне здолела стаць лаўрэатам Усесаюзнага фестывалю-конкурсу духавой музыкі, у 1995-м — адзіным прадстаўніком Беларусі на марш-парадзе духавых аркестраў у Маскве на Краснай плошчы, прысвечаным 50-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Туды мы паехалі не ўсім складам: думалі, што трэба выступіць дзесьці на вуліцы. Але высветлілася, што будзем маршыраваць і граць поруч з іншымі аркестрамі свету. Дзякуючы гэтаму фестывалю мы сустрэлі калег з розных краін — стасункі падтрымліваем і сёння. 

Аляксандр Нічыпаровіч за працай

Аляксандр Нічыпаровіч за працай

— Давайце пагаворым пра рэпертуар. У якіх напрамках працуеце і як падбіраеце творы? 

— Аркестр “Віціны” выконвае мелодыі розных кірункаў, што падабаюцца ўсім: джаз, класічную музыку, народную. Мы не проста даём канцэрты, а робім шоу. Дапамагаюць салісты, якія працуюць і навучаюцца ў нашай школе мастацтваў. Не абыходзіцца і без узорнага ансамбля мажарэтак “Феерыя”, які ўпрыгожвае выступленні і ездзіць з намі на ўсе конкурсы. Таксама супрацоўнічаем з танцорамі Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў.

Пасля канцэртаў люблю размаўляць з гледачамі: цікаўлюся, якія творы спадабаліся. Мы імкнёмся прынесці задавальненне не толькі людзям сталага ўзросту, але і моладзі. 

— Якім чынам можна трапіць у ваш калектыў? Як праходзіць адбор? 

— Усё пачынаецца са звычайных заняткаў. Больш паспяховых вучняў запрашаем у дзіцячы аркестр. Яны з чацвёртага класа музычнай школы два разы на тыдзень наведваюць рэпетыцыі і набіраюцца вопыту. Потым найлепшыя хлопчыкі і дзяўчынкі трапляюць у старэйшую групу. Вядома, каб граць у асноўным складзе, неабходна мець добрую падрыхтоўку. Сярод нашых артыстаў як 14-гадовыя юнакі, так і тыя, хто больш за тры дзесяцігоддзі працуе ў калектыве. Ёсць дынастыі: дзядуля і ўнук, бацька і дачка, муж і жонка, якіх мы і звялі. Кожны сезон аркестр абнаўляецца, прыходзяць маладзейшыя ўдзельнікі, якія прысвячаюць сябе музыцы. 

Аркестр "Віціны" падчас парада ў гонар 430-годдзя горада Стоўбцы, 2023

Аркестр "Віціны" падчас парада ў гонар 430-годдзя горада Стоўбцы, 2023

— У спісе вашых дасягненняў шмат узнагарод. Ці можаце вылучыць самыя важкія? 

— Наш аркестр быў адзначаны пяццю заахвочвальнымі прэміямі і адной Гранд-прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, Гранд-прэміяй фонду Прэзідэнта па падтрымцы культуры і мастацтва. Дзякуючы гэтаму мы закупілі якасную апаратуру і інструменты, новыя касцюмы. Сёння “Віціны” — адзін з найлепшых аркестраў па аснашчанасці сучаснымі інструментамі. Самыя важныя для нас перамогі ў конкурсах, фестывалях на тэрыторыі Беларусі. 

А першыя ўзнагароды звязаны з савецкім часам: калектыў удзельнічаў у шматлікіх музычных спаборніцтвах і заўсёды вяртаўся з прызавымі месцамі. Мы ездзілі на Усесаюзны фестываль народнай творчасці (1972), фестываль народнай творчасці (1991), рэспубліканскі агляд-конкурс “Мінск-90”, абласны конкурс духавых аркестраў (1988), тэлевізійную праграму “Вас выклікае Спартландыя” (1994). Менавіта ў тыя гады аркестр сталі заўважаць. 

Мы пабывалі ў розных краінах, вывучалі замежны вопыт — даведваліся пра розныя спосабы правядзення заняткаў, метады адбору дзяцей. У такіх турнэ мы не толькі выступалі і паказвалі сябе, але і глядзелі на калег, пераймалі найлепшае. 

А ў 2015-м паўдзельнічалі ў конкурсе творчых калектываў Мінскай вобласці “Напеў зямлі маёй”. Мы заваявалі Гран-пры і атрымалі мікрааўтобус, на якім ездзім на шматлікія выступленні. 

Рэпетыцыя аркестра "Віціны"

Рэпетыцыя аркестра "Віціны"

Намагаемся ўдзельнічаць у музычных спаборніцтвах не толькі афлайн, але і анлайн — таксама займаем прызавыя месцы. Мы лаўрэаты першай ступені XVII Абласнога фестывалю народнай творчасці “Напеў зямлі маёй” (Мар’іна Горка, 2021), лаўрэаты другой ступені Міжнароднага фестывалю духавой музыкі “Беларускія фанфары” (Баранавічы, 2022), лаўрэаты першай ступені XXVIII Адкрытага абласнога фестывалю духавой музыкі “Майскі вальс” (Старыя Дарогі, 2022), уладальнікі Гран-пры ІХ Адкрытага рэспубліканскага конкурсу выканаўцаў на духавых і ўдарных інструментах імя І. Дабравольскага ў рамках VIІ Адкрытага рэспубліканскага конкурсу музычнага мастацтва Беларусі “Спадчына” (Заслаўе, 2023), лаўрэаты першай ступені XII Міжнароднага конкурсу “Сібірыяда”, прысвечанага 150-годдзю С. В. Рахманінава (удзельнічалі анлайн, падзея ладзілася Міністэрствам культуры РФ, Кемераўскім дзяржаўным інстытутам культуры ў 2023 годзе). 

На сёння “Віціны” — адзін з самых дасведчаных калектываў Мінскай вобласці, усе імкнуцца браць прыклад з нас. Гэта не толькі маё асабістае меркаванне. Так думаюць і іншыя вядомыя музыканты, дырыжоры, прафесары. Яны лічаць, што менавіта Стоўбцы — сталіца духавой музыкі. 

— А якія задачы і мэты ставіце перад калектывам на будучыню? 

— Самыя высокія. Плануем шмат канцэртаў. Будзем працягваць камунікаваць і супрацоўнічаць з іншымі аркестрамі: ваеннымі, навучальнымі, прафесійнымі — і не толькі Міншчыны, але і ўсёй краіны. Таксама мусім падтрымліваць напрацоўкі і сувязі, якія назапасілі за гады працы. Мы прадоўжым дыялог з замежнымі калегамі, бо музыка — душа чалавека, што не мае меж і ўзросту. 

Дзмітрый ЯНУШКЕВІЧ 

Фота аўтара і з архіва калектыву