Музыка, якая заўсёды ў трэндзе

“Верас” здолеў атрымаць званне народнага ўсяго праз чатыры гады пасля з'яўлення на сцэне. Сёння ён ужо 10 гадоў носіць пачэсны тытул “заслужаны”. Кіруе ансамблем малады музыкант, які адчувае асаблівую павагу да гучання народных інструментаў. Пра тое, як заставацца ў трэндзе, Яўген Глушань расказаў “Культуры”. 

— Яўген, калектыў існуе болей за трыццаць гадоў. З чаго пачынаўся яго шлях? 

— Ансамбль народных інструментаў “Верас” заснаваны ў 1994 годзе пры “Дзіцячай школе мастацтваў №5 г. Гомеля”. Многія пытаюцца, з чым звязана назва нашага калектыву. Насамрэч усё проста. Калі першыя кіраўнікі думалі над тым, кім нам быць, — на двары стаяў верасень. Вось і вырашылі скараціць назву месяца. Так і атрымаўся “Верас”. Проста, меладычна і лірычна. 

Ансамбль "Верас" падчас выступлення

Ансамбль "Верас" падчас выступлення

“Верас” заснавалі Вячаслаў Леўчанка і Ларыса Лукашэнка. Дарэчы, Вячаслаў Іванавіч дагэтуль іграе ў ансамблі на кларнеце. Крыху пазней калектыў узначаліў Анатоль Трафімовіч. І вось зусім нядаўна яго кіраўніком стаў я. 

Мэтамі і задачамі ансамбля з’яўляюцца павышэнне выканальніцкага ўзроўню настаўнікаў школы, іх запатрабаванасці да творчай самарэалізацыі, папулярызацыя народных інструментаў, прапаганда сярод насельніцтва найлепшых узораў класічнай, народнай і папулярнай музыкі айчынных і замежных аўтараў, актыўны ўдзел у гарадскіх, раённых, абласных канцэртных мерапрыемствах, служэнне гледачу. Першыя гады былі перыядам творчага развіцця і пошуку. У 1997-м ансамбль стаў лаўрэатам І Абласнога конкурсу аркестраў, ансамбляў струнных народных інструментаў “Мелодыі роднага краю” імя Г. Жыхарава. У немалой ступені поспеху садзейнічаў прыход у калектыў маладых, таленавітых педагогаў-выканаўцаў. Цяпер “Верас” пашырае сваю канцэртную біяграфію, актыўна ўдзельнічае ў мерапрыемствах школьнага, раённага, гарадскога, абласнога, рэспубліканскага ўзроўню. 

— Хто вашы музыканты? 

— Сярод членаў калектыву людзі рознага ўзросту. Ёсць і дваццацігадовыя хлопцы і дзяўчаты, і тыя, каму за шэсцьдзесят. Усе жывуць адной ідэяй, імкнуцца яе рэалізаваць. Мы камунікуем не толькі словамі, стасуемся на ўзроўні музыкі, духоўнай плыні. Калектыў — гэта сям’я: адзін за ўсіх і ўсё за аднаго! Насамрэч мы ганарымся кожным нашым артыстам. Толькі ўявіце, якая разнастайнасць інструментаў: малыя домры, альтавыя домры, баяны, акардэон, цымбалы, балалайка альт і балалайка секунда, гуслі клавішныя, флейта, кларнет, бас-гітара, шумавыя перкусійныя інструменты і ўдарная ўстаноўка. І за гучаннем кожнага з іх стаіць праца і талент прафесіяналаў.

— Яўген, у любы час існуе пэўны запыт аўдыторыі на нейкі канкрэтны стыль або кірунак. Як вы лічыце, ці трэба гнацца за модай, каб заставацца папулярным у гледача? 

— Хочаш ты гэтага ці не, за трэндам давядзецца ісці. Сама плынь жыцця ўсё роўна будзе цябе накіроўваць. Мы жывём у стагоддзі, дзе тэхналогіі і трэнды мяняюцца ледзь не кожны дзень. Угнацца за ўсімі не атрымаецца. Нам не абавязкова выконваць нешта новае, можна выбраць даўно вядомае, але апрацаваць яго на сучасны лад. 

— Як часта выступаеце і якімі канцэртамі ганарыцеся? 

— Кожны канцэрт “Вераса” — асаблівы. Сярод найбольш значных выступленняў можна назваць праграмы “Жураўлі на Палессе ляцяць”, прысвечаную 860-годдзю з дня заснавання Гомеля, “Музыка — сутнасць свету” ў рамках ІІІ Міжнароднай канферэнцыі “Праз парадненне гарадоў да ўстойлівага развіцця”, да святкавання Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Наш ансамбль ведаюць і любяць жыхары вёсак. Калектыў неаднаразова выступаў у Буда-Кашалёўскім, Добрушскім, Веткаўскім, Кармянскім раёнах Гомельшчыны. Дабрачынныя канцэрты прайшлі ў шпіталі для ветэранаў вайны, школе-інтэрнаце, сацыяльнапедагагічным цэнтры і доме састарэлых у вёсцы Дуянаўка Гомельскага раёна. Усім людзям, якія прыходзяць на нас паглядзець, мы аддаём часцінку сваёй душы. У адказ атрымліваем у тысячу разоў больш цеплыні. 

Прафесіяналізм калектыву падкрэслівае арыгінальны падбор рэпертуару, непаўторны стыль і віртуознасць выканання, уменне дакладна перадаць задуму кампазітара. “Верасу” па сілах выканаць такія творы, як “Палёт чмяля”, “Руская тройка” і “Рускі вальс”. Серыю тэматычных канцэртаў ансамбль прысвяціў творчасці беларускіх кампазітараў — Юрыя Семянякі, Генадзя Ермачэнкава, Ігара Лучанка. 

— А ці былі ў вашай практыцы непрадбачаныя сітуацыю, з якіх вашы віртуозы знайшлі выйсце? 

— Так. Некалькі гадоў таму мы выступалі ў цэнтры горада на плошчы Леніна. Канцэрт абяцаў быць звычайным. Праграму ведалі, былі гатовыя. Аднак атрымалася так, што электрыкі не прадугледзелі магчымасць падключэння басгітары, і нашаму музыканту, які павінен быў граць на ёй, прыйшлося брацца за народны кантрабас. Гэта такая вялікая трохкутная балалайка. Але прафесіянал справіўся. Таленавіты чалавек сапраўды таленавіты ва ўсім. 

— А чаму ўсё ж вы выбралі справай жыцця менавіта народнае гучанне? 

— Музыка можа праходзіць праз чалавека. І мы імкнёмся, каб яна пакінула ў душы цудоўны след. Яго мы мусім распаліць у сэрцах сваіх выхаванцаў. Мне вельмі хацелася б, каб гэта цёплае, светлае, сапраўднае і радаснае ім удалося захаваць на ўсё жыццё, перадаць сваім блізкім, сваім дзецям. 

Ансамбль "Верас" падчас выступлення

Ансамбль "Верас" падчас выступлення

Музыка спрадвеку мела ўласцівасць сагрэць нават самае сцюдзёнае сэрца. Мы хочам данесці гэтую думку да нашых артыстаў і гледачоў. Сёння складана прыцягнуць моладзь да народных інструментаў, але гэта наша гісторыя, нашы традыцыі, тое, што мы абавязаны захаваць. У гэтым і ёсць наша Беларусь! Перспектыву ўдзельнікі нашага калектыву бачаць у распаўсюджванні высокіх узораў класічнай і народнай музыкі, у служэнні нацыянальнай культуры і мастацтву, беларускаму народу. 

Ганна САКАЛОВА 

Фота з архіва калектыву