Лідскі — ад слова “лідар”

Лідскі дзяржаўны музычны каледж справіў 50-годдзе. У параўнанні са сталічным, якому сёлета споўніцца сто, — усяго толькі “ўнучак”. Але ж які таленавіты ды апантаны! Пра дасягненні, адметныя рысы і будучыню ўстановы распавядае яе дырэктар Алена Серакова.

— Падобных навучальных устаноў, дзе можна атрымаць сярэднюю музычную адукацыю, у Беларусі больш за дзесяць. У чым адметнасць, а мо і ўнікальнасць Лідскага каледжа? На юбілеі была вызначана формула вашага поспеху, маўляў, “сума маладосці, прыгажосці і таленту, памножаная на вопыт, традыцыі, упартую працу і пошук новага”. Але ж яна ўніверсальная і падыходзіць усім. 

— Асаблівых рыс шмат. Найперш я б адзначыла сацыяльную скіраванасць. Сапраўды, ёсць сталічныя ўстановы. Літаральна побач, усяго ў сотні кіламетраў ад нас, — Гродна з яго куды больш развітай інфраструктурай у галіне культуры: там і тэатры, і філармонія. Нядзіва, што многія едуць туды. А ў нас навучаюцца далёка не толькі лідчане: шмат падлеткаў з райцэнтраў, сельскай мясцовасці, аграгарадкоў. У параўнанні з іншымі музычнымі каледжамі, у нас шмат абітурыентаў-сірот, з няпоўных сямей, сямей у сацыяльна небяспечным становішчы. І за чатыры гады навучання яны назапашваюць той гуманітарны багаж, тыя веды ў галіне культуры і мастацтва, што іншыя набываюць куды больш павольна, за ўсё сваё ранейшае жыццё. Назіраць, як яны робяць такі неверагодны скачок, дзень за днём, урок за ўрокам — сапраўднае задавальненне. І ў выніку вырастаюць у знаных дзеячаў музычнага мастацтва краіны і замежжа. Ці проста ў адукаваных, інтэлігентных, духоўна багатых людзей, узровень культуры якіх будзе дапамагаць ім у любой абранай сферы. 

Народный оркестр белорусских народных инструментов "Бравэрка"

Народны аркестр беларускіх народных інструментаў "Бравэрка"

— Невыпадкова да юбілею вы выпусцілі буклет “Асобы, народжаныя ў творчасці”, дзе згадалі і зорных выпускнікоў, і выкладчыкаў, і вашы папраўдзе зорныя калектывы, што атрымалі прызнанне ў многіх краінах свету. 

— У нас склаўся ўнікальны выкладчыцкі калектыў — інтэрнацыянальны, у якім з’ядналіся выпускнікі розных кансерваторый: не толькі Беларускай, але і Бакінскай, Адэскай, Маскоўскай, Ленінградскай, Астраханскай, Петразаводскай, Данецкага і Растоўскага музычна-педагагічных інстытутаў і многіх іншых. Яшчэ адна адметнасць — у нас як нідзе развіты патрыятызм. Я з’яўляюся дэпутатам Гродзенскага абласнога савета дэпутатаў па 41-й Маладзёжнай выбарчай акрузе і сваёй найпершай задачай лічу кампетэнтнае правядзенне ў каледжы маладзёжнай дзяржаўнай палітыкі. Мы арганізуем масу мерапрыемстваў патрыятычнага гучання, звязаных з тэмай Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа, супрацоўнічаем з пракуратурай, наогул з сілавымі структурамі. 

— Вядома, сябруеце і з калегамі? Маю на ўвазе іншыя музычныя навучальныя ўстановы. 

— Так-так, і не толькі з імі. Наш музычны каледж — адзіны ў краіне, які мае дамову аб супрацоўніцтве з Мінскай духоўнай семінарыяй, што ў Жыровічах. Гэты дакумент быў падпісаны шмат гадоў таму і працягвае дзейнічаць да цяперашняга часу. Ладзяцца сумесныя мерапрыемствы, семінары, канцэрты салістаў і калектываў, у рэпертуары якіх шмат духоўных твораў. 

— У вашым каледжы вучацца будучыя прадстаўнікі розных музычных прафесій. Але спецыялізуецеся вы на народных інструментах. Абодва вашы народныя аркестры (і не толькі яны) — шматлікія лаўрэаты міжнародных конкурсаў і фестываляў. Менавіта ў вас “прапісаўся” Рэспубліканскі адкрыты конкурс выканаўцаў на народных інструментах імя Іосіфа Жыновіча. 

— Сёлета ў маі пройдзе ўжо дзясяты такі конкурс — па шасці намінацыях, адпаведна інструментам, і ў дзвюх узроставых групах. Мы сапраўды арыентуемся на народныя інструменты. Але не менш цудоўныя ў нас выканаўцы на духавых, моцныя харавікі, прычым як народнага, так і акадэмічнага кірункаў. І духавы аркестр, і камерны жаночы хор, і ансамбль “Вербіца” неаднойчы адзначаліся на творчых спаборніцтвах у нас і за мяжой. А колькі ўзнагарод сабраў камерны аркестр! Ды кожны калектыў — перліна. 

Народны аркестр беларускіх народных інструментаў "Бравэрка"

Народны аркестр беларускіх народных інструментаў "Бравэрка"

— Яшчэ і таму, што ёсць дзе адточваць майстэрства: каледж вядзе шырокую канцэртную дзейнасць. Нават юбілейныя святкаванні і грандыёзны канцэрт праходзілі ў гарадскім Палацы культуры. Дарэчы, што ў бліжэйшых планах? 

— Акрамя ўласна вучэбнай работы, рыхтуем канцэртныя праграмы да Дня Перамогі і 80-годдзя вызвалення Беларусі. Адна будзе складзена з музыкі да савецкіх і сучасных фільмаў пра вайну. Другая збярэ песенныя хіты пра Вялікую Айчынную. Абедзве будуць суправаджацца выбітным відэашэрагам — з сямейных архіваў выкладчыкаў і навучэнцаў. Бо паміж песнямі прагучаць сямейныя гісторыі пра сваякоў, што змагаліся на фронце і ў тылу: вайна закранула кожнага. Гэтыя праграмы наш духавы аркестр плануе цягам года выканаць у райцэнтрах Гродзенскай вобласці, на адкрытых пляцоўках у Лідзе, Міры, Навагрудку, Воранава, Іўі, а таксама непасрэдна для вайскоўцаў па ўзгадненні з камандаваннем той ці іншай часткі, для саюза ветэранаў Ліды, ветэранаў ракетнай дывізіі, школьнікаў. Гістарычная памяць — той падмурак, што трымае нас у сучаснасці. І захаванне яе праз музыку адкрывае новыя магчымасці, бо музыка — гэта эмоцыі, адлюстраванне чалавечай душы. 

Камерны жаночы хор, народны ансамбль "Вербіца", народны аркестр беларускіх народных інструментаў, салістка хору Цітовіча Наталля Базарэвіч

Камерны жаночы хор, народны ансамбль "Вербіца", народны аркестр беларускіх народных інструментаў, салістка хору Цітовіча Наталля Базарэвіч

— Словы музыказнаўцы! Менавіта па гэтай спецыяльнасці вы калісьці скончылі Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі, а нядаўна яшчэ і магістратуру юрыдычнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Тэмай вашай магістарскай дысертацыі стала “Музычная культура як рэсурс гуманітарнай бяспекі краіны”. 

— Я імкнулася давесці значнасць музычнай культуры, якая садзейнічае захаванню і ўстойліваму развіццю нацыі і дзяржавы, гарманізуе стасункі чалавека з соцыумам, цэласна ўздзейнічае на групавую свядомасць і сістэму каштоўнасцей, уплывае на палітычны, маральны, эканамічны складнікі краіны. І праз усё гэта здольная кансалідаваць грамадства, забяспечыць гуманітарную бяспеку, ніяк не менш важную за палітыку і эканоміку. Бо бяспека краіны — гэта захаванне не толькі яе тэрытарыяльнай незалежнасці, але і чалавечага патэнцыялу, культурнага капіталу. Без чалавека, яго душэўнага здароўя і развітога інтэлекту ўсё навокал папросту губляе сэнс. Ці ж гэта не так?.. 

Надзея БУНЦЭВІЧ 

Фота з архіва каледжа