Мілагучная. Свая

Апублiкавана: 25 лютага 2024 Стужка Тэатры Мінск

Аўтар: Аўтары

З нагоды святкавання Дня роднай мовы ў сталіцы адбылося ўрачыстае мерапрыемства “Мелодыка маёй душы”. Месцам правядзення імпрэзы стала галоўная сцэна Нацыянальнага акадэмічнага тэатра Янкі Купалы. 

Урыўкі з твораў беларускіх класікаў прагучалі ў выкананні знакавых асоб — прадстаўнікоў улады, духавенства, грамадскіх аб’яднанняў, дзеячаў культуры, адукацыі, іншых аматараў роднага слова. 

З асаблівай праніклівасцю дэкламаваліся творы, прысвечаныя падзеям Вялікай Айчыннай вайны. Да гэтай тэмы звярнуўся намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ігар Луцкі, які прачытаў верш “Ноч. Халодная зямлянка…” Пятра Глебкі. 

Падчас мерапрыемства “Мелодыка маёй душы”

Падчас мерапрыемства “Мелодыка маёй душы”

— Я ўпершыню прымаю ўдзел у такім мерапрыемстве. Беларуская мова — здабытак, які мы не павінны страціць. Менавіта яна робіць нас беларусамі, — падкрэсліў Ігар Луцкі. — Я ўзяў з сабой зборнік вершаў выдавецтва “Мастацкая літаратура”, які выйшаў у 2019-м. Ён прысвечаны гадавіне вызвалення краіны ад нямецкіх акупантаў. Сёлета адзначаецца 80-годдзе бессмяротнага подзвігу нашых суайчыннікаў, таму я вырашыў прачытаць твор менавіта з гэтай кнігі. 

На сустрэчы таксама прысутнічаў Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін. У яго выкананні прагучаў верш Максіма Багдановіча “Кніга” пра знаёмства з Псалтыром. Такім чынам Уладыка звярнуў увагу слухачоў на неабходнасць чытання натхняльнай праваслаўнай літаратуры. 

— Як дрэва моцнае сваімі каранямі, так і чалавек — сувяззю з папярэднімі пакаленнямі. Мова, культура і духоўнасць — асноўныя параметры, якія характарызуюць этнас. Калі народ губляе адзін-два гэтыя складнікі, ён можа растварыцца сярод іншых, стаць Іванам-бязродзічам, — акцэнтаваў Мітрапаліт. 

Акрамя таго, перад гледачамі выступілі аркестр Купалаўскага тэатра і саліст Аляксандр Кісялёў, артысты Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь ды іншыя. 

— Другі год запар мы сустракаемся ў сценах Купалаўскага, каб пачуць вершы беларускіх класікаў ад самых нечаканых чытальнікаў, — адзначыла старшыня Беларускага саюза жанчын Вольга Шпілеўская. — Мова — тое, што кожны ўвабраў з малаком маці. Яна ніколі не будзе згублена, пакуль мы памятаем роднае слова, ведаем нашых пісьменнікаў і чытаем іх. Такая акцыя — выдатная нагода сабрацца ў цёплай атмасферы і зблізіцца на глебе любові да беларускай мовы.