Мова творчасці не мае меж

Абласны тур рэспубліканскага фестывалю роўных магчымасцей “Час моцных” прайшоў у Магілёўскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці і культурна-асветнай работы. Мерапрыемства сабрала больш за 70 удзельнікаў з усіх куткоў Магілёўскай вобласці. Канкурсанты праявілі сябе ў вакальным, харэаграфічным, тэатральным, дэкаратыўна-прыкладным мастацтве. Кожны па-свойму распавёў пра тое, што ў яго на душы праз сваю творчасць, праз песню ці саламяную ляльку.

Так, адразу прыцягвае погляд сярод шматлікіх цікавых работ – саламяныя вырабы майстра народных мастацкіх промыслаў Рыжовай Вольгі Аляксандраўны. Вольга Аляксандраўна з 2017 года працуе ў раённым Доме народнай творчасці ў аграгарадку Дабрэйка Шклоўскага раёна. Асноўны напрамак – саломапляценне, але на гэтым яна не спыняецца.

– Я раблю творчыя працы не толькі з саломкі, але і з усіх падручных матэрыялаў. Яшчэ я вяду дзіцячыя гурткі, праводжу майстар-класы – уся ў творчасці, – расказвае Вольга. – Галоўная ідэя ў маіх працах, якую я закладваю, гэта прыўнесці святло, дабро, свае думкі ў працу. Каб людзі адчулі таксама гэтае цяпло.

У марах у майстрыхі набыць свой унікальны стыль, каб прыўнесці ў род яе дзейнасці нешта новае, чаго няма ў іншых.

На абласны тур рэспубліканскага фестывалю прыехаў паўдзельнічаць і самы далёкі раён нашай вобласці – Хоцімскі. На выставе дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў фае сваю выставу работ прадставіла аддзяленне сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў і дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ўстановы “Хоцімскі раённы цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва”.

– Прыехалі ў Магілёў з выставай работ 8 удзельнікаў, якія наведваюць нашае аддзяленне. Яны ходзяць да нас з 2010 года і авалодалі ўжо шматлікімі методыкамі: гэта і льняная нітка, і вязанне, і вышыўка крыжыкам і многае іншае, – распавядае Гаўрыленка Святлана Анатольеўна, загадчык аддзялення. – Выстава адлюстравае і сямейныя каштоўнасці, і традыцыі беларускага народа, і, вядома ж, не абышлі тэму кахання, якое бачна, напрыклад у карцінах. Ну а мы спецыялісты ўстановы рады, што можам укласці часцінку душы ў гэтую патрэбную работу.

На выставе дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, што размясцілася ў фае Цэнтра, было прадстаўлена больш за 100 творчых работ розных напрамкаў: гэта і саламяныя вырабы, і вырабы з фоарміяна, дрэва, тэкстыльная лялька, вязаныя вырабы і іншыя, нават былі прадстаўлены макеты дома і царквы, зробленых з запалак.

Апроч выставы, удзельнікі выступалі з песнямі, вершамі ўласнага сачынення, танцавалі і паказвалі абрад.  

Праграма абласнога тура была насычаная, сярод песень і харэаграфіі быў абрад пад назвай “Свечка”, які прэзентаваў Кіраўскі раённы цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Сэнс абраду – раз у год абраз пераносілі з дому ў дом, перадавалі з найлепшымі пажаданнямі, з надзеямі на будучыню, высцілалі дарогу тканымі дарожкамі і ручнікамі і праз гэтую дарожку праносілі ікону з дому ў дом.

На працягу абласнога тура адбор выступленняў ажыццяўляла экспертная камісія ў асобе Нікрэвіча Вадзіма Віктаравіча, рэжысёра-пастаноўшчыка дзяржаўнай тэатральна-відовішчнай установы “Маладзёжны тэатр эстрады” і Шык Кірыла Іванавіча, старшага выкладчыка кафедры рэжысуры факультэта мастацкай культуры ўстановы адукацыі “Беларускі дзяржаў .

Адборачныя туры фестывалю пройдуць ва ўсіх рэгіёнах. Лепшыя удзельнікі трапяць на галоўную сцэну рэспубліканскага фестывалю роўных магчымасцей “Час моцных”, які адбудзецца 3 мая.

Жадаем усім канкурсантам творчых поспехаў!

Крысціна БАШАРЫМАВА

вядучы рэдактар Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы