Сто гадоў на варце спадчыны. Частка 2

Апублiкавана: 28 лютага 2024 Стужка Архітэктура Мінск Тэма

Аўтар: РУДАК Антон

У 2023-м споўнілася 30 гадоў з даты стварэння Дзяржаўнага спіса гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, але агулам сістэма ўліку і аховы аб’ектаў нацыянальнай спадчыны нашай краіны існуе больш за век. У мінулым нумары мы прыгадалі этапы развіцця гэтай сферы ў 1920—1970-х. Аб наступных вехах яе станаўлення распавядае Генадзій Ходар, кансультант упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

ВЫЗНАЧЭННЕ ПРАБЛЕМЫ 

У рамках выканання новага закона на пасяджэнні Савета Міністраў БССР у 1980 годзе абмяркоўваліся меры па паляпшэнні аховы, рэстаўрацыі і выкарыстання помнікаў гісторыі і культуры ў нашай краіне. У пастанове, прынятай па гэтым пытанні, Савет Міністраў адзначаў, што ў праектах генеральных планаў гарадоў і другіх населеных пунктаў не заўсёды ўлічвалася роля помнікаў, прапаноўвалася руйнаванне будынкаў, якія маюць гістарычную і культурную каштоўнасць, недаацэньвалася іх прыродналандшафтнае асяроддзе, слаба вялася работа па захаванні і рэгенерацыі забудовы старажытных цэнтраў такіх гарадоў, як Гродна, Навагрудак, Нясвіж, Полацк і іншыя. 

У развіццё саюзнага заканадаўства пастановай Савета Міністраў СССР № 865 ад 16 жніўня 1982 года было зацверджана Палажэнне аб ахове і выкарыстанні помнікаў гісторыі і культуры. Загад Міністэрства культуры СССР № 604 ад 29 кастрычніка 1982 года “Аб некаторых пытаннях, звязаных з выкананнем пастановы Савета Міністраў СССР «Аб зацвярджэнні Палажэння аб ахове і выкарыстанні помнікаў гісторыі і культуры»” давёў да ведама саюзных міністэрстваў, што нерухомыя помнікі гісторыі і культуры падзяляюцца на помнікі агульнасаюзнага, рэспубліканскага і мясцовага значэння ў адпаведнасці з іх гістарычнай, навуковай, мастацкай або іншай культурнай каштоўнасцю. 

БАРАЦЬБА З ПАРУШЭННЯМІ 

У 1984 годзе Савет Міністраў БССР разгледзеў факты грубых парушэнняў заканадаўства па ахове помнікаў гісторыі і культуры. Адпаведная пастанова не падлягала публікацыі ў афіцыйных друкаваных выданнях. У дакуменце адзначалася, што пры меліярацыйных, дарожных і сельскагаспадарчых работах фіксуецца разбурэнне помнікаў археалогіі, праектныя ўстановы падчас працы не ўлічваюць помнікі археалогіі і архітэктуры, узятыя пад апеку дзяржавы, а збудаванні праектуюцца без узгаднення з органамі аховы спадчыны. Таксама паведамлялася, што з боку органаў кіравання няма належнага кантролю за выкарыстаннем помнікаў і арганізацыяй іх аховы, маюцца факты некампетэнтнага падыходу да аховы помнікаў, не наладжаны іх дзяржаўны ўлік, у выніку чаго не забяспечана ўсталяванне ахоўных знакаў, не акрэслены зоны аховы і гэтак далей. Пастанова прадугледжвала меры па ліквідацыі грубых парушэнняў заканадаўства. 

Стан будынкаў Траецкага прадмесця ў Мінску да рэстаўрацыі, 1980-я гады.

Стан будынкаў Траецкага прадмесця ў Мінску да рэстаўрацыі, 1980-я гады.

Дакумент даў штуршок да перазацвярджэння лакальнымі органамі спісаў помнікаў гісторыі і культуры мясцовага значэння. Закон БССР 1978 года стаў актам першаснага характару, заклаўшы падмурак айчыннай нарматыўнай базы аб захаванні і выкарыстанні помнікаў гісторыі і культуры. Гэты закон ахарактарызаваў асновы арганізацыі аховы, уліку і выкарыстання культурных каштоўнасцей. Загадам Міністэрства культуры СССР № 203 ад 13 мая 1986 года была зацверджана Інструкцыя аб парадку ўліку, забеспячэння захаванасці, утрымання, выкарыстання і рэстаўрацыі нерухомых помнікаў гісторыі і культуры. 

ДОЎГАЧАКАНЫ ЗБОР 

У адпаведнасці з Законам БССР “Аб ахове і выкарыстанні помнікаў гісторыі і культуры” 1978 года і пастановай Савета Міністраў БССР № 350 ад 1 кастрычніка 1984 года пабачыў свет Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларускай ССР (рэгіянальнага значэння). Ён выйшаў у 1984—1988-м у выглядзе сямітомнага выдання, падрыхтаванага сектарам Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук Беларусі. Збор уключаў звыш 16 тысяч артыкулаў пра нерухомыя помнікі гісторыі, археалогіі, архітэктуры, манументальнага і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва, што ахоўваліся дзяржавай. 

Стан будынкаў Траецкага прадмесця ў Мінску пасля рэстаўрацыі, 2000-я гады

Стан будынкаў Траецкага прадмесця ў Мінску пасля рэстаўрацыі, 2000-я гады

У другой палове 1980-х было апісана і пастаўлена на ўлік 3496 помнікаў культуры рэспубліканскага значэння. Гэтыя аб’екты ўвайшлі ў Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларускай ССР, зацверджаны пастановай Савета Міністраў БССР № 32 ад 18 лютага 1988 года. Дзяржаўны спіс помнікаў гісторыі і культуры рэспубліканскага значэння Беларускай ССР у поўным варыянце быў апублікаваны ў 1990-м у чатырох кнігах, якія змяшчалі інфармацыю пра перліны гісторыі і культуры, горадабудаўніцтва і архітэктуры, мастацтва і археалогіі. Гэты дакумент дзейнічаў з 1988-га да 1 верасня 2003-га. Таксама ў 1988 годзе ў структуры Міністэрства культуры была створана Дзяржаўная інспекцыя па ахове помнікаў, якая існавала да канца 1992-га. 

У НЕЗАЛЕЖНАЙ КРАІНЕ 

Наступны этап развіцця заканадаўства аб гісторыка-культурнай спадчыне пачаўся з пастановы Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР “Аб рэарганізацыі справы аховы гісторыка-культурнай спадчыны ў Беларускай ССР” 1991 года. Гэтая пастанова паслужыла асновай для распрацоўкі Закона Рэспублікі Беларусь “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны”, які паклаў пачатак канцэптуальна іншаму падыходу да ахоўнай дзейнасці дзяржавы. Пры стварэнні дакумента быў улічаны досвед выканання закона 1978 года і работы Дзяржаўнай інспекцыі па ахове помнікаў гісторыі і культуры, а таксама палажэнні Канвенцыі аб ахове сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны (1972), ратыфікаванай БССР у 1988-м. 

Закон Рэспублікі Беларусь “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны” дэклараваў, што “ідэнтыфікацыя, ахова, захаванне, папулярызацыя і перадача гісторыка-культурнай спадчыны з’яўляецца святым абавязкам дзяржавы, справай гонару кожнага яе грамадзяніна. Рэспубліка Беларусь лічыць прычыненне шкоды гісторыка-культурнай спадчыне злачынствам супраць агульначалавечых каштоўнасцей і грамадскага прагрэсу”. У гэтым нарматыўным прававым акце 1992 года замест тэрміна “помнік гісторыі і культуры” ўводзілася паняцце гісторыка-культурнай каштоўнасці, якое было замацавана ў артыкулах 15 і 54 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994-га. 

Касцёл на Залатой Горцы ў Мінску да пачатку рэстаўрацыі, 1964 год

Касцёл на Залатой Горцы ў Мінску да пачатку рэстаўрацыі, 1964 год

Пад паняццем “гісторыка-культурная каштоўнасць” сталі разумець аб’екты, якія маюць дзве прыкметы: культурную значнасць і юрыдычнае прызнанне, забяспечанае праз уключэнне ў ахоўны рэестр. Паняцце “гісторыка-культурная спадчына” акрэслівалася як сукупнасць адметных вынікаў і сведчанняў гістарычнага і духоўнага развіцця народа Беларусі, увасобленых у гісторыка-культурных каштоўнасцях. 

Такім чынам, з 1992-га прадметам рэгулявання заканадаўства ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны выступаюць гісторыка-культурныя каштоўнасці, занесеныя ў Дзяржаўны спіс, незалежна ад віду і катэгорыі. Пры ўключэнні комплексу або ансамбля матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей у гэты рэестр у яго дадавалася таксама кожная з матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей у складзе адпаведнага комплексу або ансамбля. Тое ж адбываецца і цяпер. 

Упершыню ўводзіліся чатыры катэгорыі значнасці матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей — па аналогіі з помнікамі рэгіянальнага, рэспубліканскага і ўсесаюзнага ўзроўняў, прадугледжаных у савецкім заканадаўстве, а таксама ў сувязі з укараненнем заканадаўства ЮНЕСКА ў частцы помнікаў сусветнага значэння. Усе гісторыка-культурныя каштоўнасці былі падзелены на матэрыяльныя і духоўныя. Закон апісваў сістэму ўліку і аховы гісторыка-культурнай спадчыны, асноўныя напрамкі дзяржаўнай палітыкі ў гэтай галіне. 

НОВАЎВЯДЗЕННІ І РЭАРГАНІЗАЦЫІ 

Таксама быў замацаваны парадак надання гістарычным аб’ектам і праявам чалавечай творчасці статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці, 25 крытэрыяў адбору. Артыкул 20 закона 1992 года новым дакументам уліку гісторыка-культурных каштоўнасцей незалежнай Рэспублікі Беларусь з 1 студзеня 1993-га ўстанавіў Дзяржаўны спіс. Органам, упаўнаважаным на наданне статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці, была назначана Дзяржаўная інспекцыя па ахове гісторыка-культурнай спадчыны (існавала з 1 студзеня 1993-га да 1998-га), якая прымала рашэнне на падставе станоўчага заключэння Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны. 

Згодна з пастановай Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь № 1941-XII ад 13 лістапада 1992 года “Аб увядзенні ў дзеянне Закона Рэспублікі Беларусь «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны»” Закон Рэспублікі Беларусь “Аб ахове і выкарыстанні помнікаў гісторыі і культуры” цалкам губляў сілу з 1 мая 1993 года. Адначасова пастанова прадпісвала: да таго, як заканадаўства і ведамасныя нарматыўныя акты не будуць прыведзены ў адпаведнасць з законам “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны”, прымяняецца дзейнае заканадаўства і ведамасныя нарматыўныя акты ў частцы, у якой яны не супярэчаць гэтаму закону. У 1994-м пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь Галоўнае ўпраўленне па рэстаўрацыі і кансервацыі помнікаў гісторыі і культуры пры Савеце Міністраў Беларусі рэарганізавана ў Камітэт па рэстаўрацыі і кансервацыі помнікаў гісторыі і культуры пры Міністэрстве культуры. 

Спаса-Праабражэнская царква ў Заслаўі

Спаса-Праабражэнская царква ў Заслаўі

Законам Рэспублікі Беларусь № 179-З ад 7 ліпеня 1998 года “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны»” Дзяржаўная інспекцыя была ператворана ў Камітэт па ахове гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры. У адпаведнасці з пунктам 5 статута гэтага камітэта, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 1590 ад 16 кастрычніка 1998 года, рада і камітэт прымалі рашэнні аб наданні (або адмове ў наданні) статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці “нанова выяўленым або вывучаным матэрыяльным аб’ектам, прадметам або нематэрыяльным праявам творчасці чалавека (у тым ліку і помнікам гісторыі і культуры, прынятым ва ўсталяваным парадку пад ахову дзяржавы да 1 студзеня 1993 года)”. 

НА ПАРОЗЕ НОВАГА ВЕКУ 

У 2001-м Камітэт па рэстаўрацыі і кансервацыі помнікаў быў аб’яднаны з Камітэтам па ахове гісторыкакультурнай спадчыны. У адпаведнасці з падпунктам 5.5 Палажэння аб Камітэце, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 862 ад 8 чэрвеня 2001 года, функцыі забеспячэння складання Дзяржаўнага спіса перайшлі да Камітэта па ахове гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры, які дзейнічаў з ліпеня па верасень 2001-га. Тады ў сувязі з удасканаленнем органаў дзяржаўнага кіравання, пунктам 3 пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 1558 ад 30 кастрычніка 2001 года Камітэт па ахове гісторыка-культурнай спадчыны пераўтварылі ў Дэпартамент па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі без правоў юрыдычнай асобы (праіснаваў да 2004-га). Падчас яго дзейнасці быў прыняты шэраг істотных заканадаўчых актаў, якія вызначылі далейшую дзяржаўную палітыку ўліку гісторыка-культурных каштоўнасцей. 

Важны момант для разумення правапрымяняльнай практыкі 1993—2002 гадоў: паралельна з Дзяржаўным спісам, які фарміраваўся, дзейнічалі спісы помнікаў гісторыі і культуры, зацверджаныя ў адпаведнасці з пастановамі Савета Міністраў БССР № 350 ад 1 кастрычніка 1984-га і № 32 ад 18 лютага 1988-га, рашэннямі аблвыканкамаў і Мінгарвыканкама. Гэта практычна не стымулявала мясцовыя органы на выяўленне і ўключэнне ў Дзяржаўны спіс новых аб’ектаў матэрыяльнай і духоўнай культуры. У яго на канец 2000 года было ўключана толькі 376 гісторыка-культурных каштоўнасцей з амаль 16 тысяч магчымых аб’ектаў спадчыны. 

Акрамя таго, зацягнуты перыяд прававога пераносу помнікаў гісторыі і культуры са спісаў БССР у Дзяржаўны спіс, адсутнасць зацверджанага або апублікаванага рэестра ў якасці юрыдычнага дакумента стварылі ў пачатку 2000-х напружаную сітуацыю з Дзяржаўным падатковым камітэтам. Яна тычылася вызвалення ад падаткаабкладання работ па рэканструкцыі і рэстаўрацыі гісторыка-культурных каштоўнасцей, унесеных у Дзяржаўны спіс і названыя вышэй спісы БССР. Наспявала патрэба ў новых рашэннях — аб далейшым развіцці сферы аховы помнікаў мы распавядзём у наступных нумарах. 

Антон РУДАК 

Фота з архіваў