Удзяч­ная лю­бі­май пра­фе­сіі

Апублiкавана: 27 лютага 2024 Стужка Музыка Мінск Інтэрв'ю з нагоды

Аўтар: Аўтары

Яе імя асацыюецца з творчымі брэндамі, вядомымі не толькі ў нас, але і за межамі краіны. Яна запатрабаваная ў якасці рэжысёра падчас фестывалю “Славянскі базар у Віцебску”, са сваёй камандай стварала канцэрты ўрачыстага адкрыцця і закрыцця, дзіцячага конкурсу. Аўтар мноства праектаў, якія атрымалі міжнароднае прызнанне: конкурсы “Белая амфара”, “Арт-сесія”, фестываль-кірмаш “Дажынкі”, “Чалавек года Віцебшчыны”. І гэта яшчэ не ўвесь пералік.

Дырэктар Міжнароднага фестывалю сучаснай харэаграфіі IFMC у свае 65 спачываць на лаўрах не збіраецца: няма ні часу, ні жадання. Нават у юбілей уся ў працы — рыхтуе чарговы маштабны канцэрт, без перапынкаў стварае свята для любімых гледачоў. 

Марына Раманоўская

Марына Раманоўская

Газета “Культура” вырашыла павіншаваць Заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь, намесніка генеральнага дырэктара па спецыяльных праектах ДУ “Цэнтр культуры “Віцебск” Марыну Раманоўскую з прыгожай датай. А з віншавання атрымалася шчырая размова. 

— Маё дзяцінства праходзіла на беразе Заходняй Дзвіны, недалёка ад драматычнага тэатра Якуба Коласа. У парку — танцавальная пляцоўка. — згадвае Марына Генадзьеўна. — Любіла раку зімою, летам, увосень. Забавы з дваровымі сябрамі, санкі, лазня, купанне. Летам з Дзвіны нас было не выцягнуць: няважна, цёплая ці халодная вада. Мама ледзь даклікалася дадому. Памятаю снежныя зімы. Дзядуля чысціў сцежкі, а гурбы — памерам з чалавека. Печка, Новы год... Цацак было не так шмат. І ў дзядулі на гарышчы — маленькія чырвоныя яблычкі. Мы з мамай рабілі гірлянды з іх. Вось такія прыгожыя, цудоўныя ўспаміны з дзяцінства. 

— Што для вас малая радзіма? 

— Мой Віцебск. Цяпер жыву недалёка ад месца працы. Здаецца, адлегласць, якую кожны дзень праходжу, і ёсць мой дом, а ўсе будынкі — мэбля. Такое ўсё роднае, блізкае. Я многа працую, раблю шмат праектаў, быццам гледачы — гэта ўся мая сям’я. 

— А як пачаўся ваш шлях да прафесіі? 

— Маім першым працоўным месцам пасля тэхнікума быў праектны інстытут. У той час яшчэ існаваў камсамол, але ўжо мала актыўнічалі. І сакратар камсамольскай арганізацыі сказаў: жывём сумна, трэба што-небудзь прыдумаць. Мы і прыдумалі. У інстытуце людзі цікавыя— архітэктары, інжынеры… Была папулярнай аўтарская песня. Стварылі моладзевы творчы клуб “Свечка”. Ладзілі пасяджэнні, чыталі вершы, спявалі, сачынялі. Рабілі тэматычныя рэчы — пад пэўныя юбілеі, з нейкай нагоды, даты. Гэта стала камернай гісторыяй. З’явілася глядацкая цікавасць. Нават было цяжка патрапіць. На адно з такіх прадстаўленняў завіталі дырэктар гарадскога дома культуры Ірына Козіна і дырэктар музея “Цэнтр сучаснага мастацтва” Валянціна Кірылава. На наступны дзень Ірына Андрэеўна прыйшла да дырэктара праектнага інстытута і сказала: “Гэтая дзяўчына павінна працаваць у культуры!” Я дома паведаміла, што звальняюся, — бацькі ў шоку. Але я перайшла да Ірыны Андрэеўны ў Палац культуры бытавога абслугоўвання насельніцтва. Пасля паступіла ў Ленінградскі інстытут культуры, тады імя Н.К. Крупскай. Вось так усё пачалося. 

— Хтосьці з родных пайшоў па вашых слядах? 

— Дзякуючы працы ў культуры ў мяне з’явіўся цудоўны муж Эдуард Георгіевіч Чарніўчан. Па прафесіі ён інжынер, цеплатэхнік і газавік. Гэта перспектыўная і грашовая сфера. Эдуард прыходзіў да нас у Палац культуры. Захапіўся і ў пэўны момант сказаў бацькам, што таксама сыходзіць у культуру (смяецца). З мужам мы жывём і працуем разам ужо больш за тры дзесяцігоддзі. І калі казаць аб маёй кар’еры, то без сужэнца яна была б немагчымай ва ўсіх сэнсах. 

— Над чым зараз працуеце? 

— Гэта грандыёзны праект, у якім удзельнічае каля тысячы чалавек: 2 лютага выступаем у Палацы Рэспублікі. Канцэртам майстроў мастацкай творчасці Віцебскай вобласці адкрываем фестываль “Беларусь, мая песня”, які аб’явіла Міністэрства культуры. А праз тыдзень адбудзецца “Чалавек года Віцебшчыны”. Традыцыйна гэтае свята праходзіць ва ўсіх абласцях краіны. 

Падчас падрыхтоўкі канцэрта да фестывалю "Беларусь, мая песня"

Падчас падрыхтоўкі канцэрта да фестывалю "Беларусь, мая песня"

— Напэўна, работа патрабуе шмат часу і сіл? 

— Як правіла, у мяне познавечаровыя рэпетыцыі. І адпачынак толькі а палове другой ночы. А раніцай пачынаем працаваць з 10.00—11.00. Так, адпачываю мала, таму прыклад браць не трэба (усміхаецца). 

— А як жа ўзнаўляецеся, калі выпадае магчымасць? 

— У нас з’явілася лецішча, якое засталося ад бацькоў мужа. Вельмі падабаецца там. Аднак, на жаль, не атрымліваецца быць добрай гаспадыняй. Пасаджу, але не паспяваю даглядаць (смяецца). Ды сапраўдная наша жарсць з мужам — грыбы. Гэта незвычайны забор энергіі і эстэтычнай асалоды. Там — адпачынак, абнуленне, эмацыянальная разрадка. Нават калі выпадае першы снег, мы едзем у лес. Радуемся, калі знаходзім грыб. 

— Для прыхільнікаў харэаграфічнага мастацтва наведваць штогод створаны вамі Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі IFMC — ужо традыцыя. А што гэты праект для вас? 

— Звычайна ў буйных населеных пунктах ёсць свае горадаўтваральныя прадпрыемствы. У маёй прафесіі гэта фестываль сучаснай харэаграфіі. Прыадкрыю таямніцу. У свой час на працягу доўгіх гадоў мы з Эдуардам Георгіевічам многім установам ладзілі мерапрыемствы — юбілеі ды іншыя важныя даты. Стараліся з усёй душой зрабіць свята. Цяпер, калі нам патрэбна дапамога ў правядзенні IFMC— а гэта дарагі праект, — нашы партнёры і сябры не адмаўляюць. 

Фестываль харэаграфіі— гэта рухальная сіла. Мы рады, што дзякуючы яму вядомыя наш горад і краіна. Прыемна, калі публіка цікавіцца і застаецца яго пастаянным наведвальнікам. Каб палюбіць IFMC, трэба нагледжанасць, начытанасць, разуменне музыкі. Для мяне гэта цудоўны момант для дачыненняў, вялікае багацце. Магчыма, калі б не было харэаграфіі, маё жыццё склалася б інакш. Гэта наша з Эдуардам дзецішча (смяецца). І хочацца яго прасоўваць, каб як мага болей людзей станавіліся багацейшымі, а прадметам іх вольнага часу былі тыя тэмы, якія падымаюцца ў сучаснай харэаграфіі. 

— За што вы ўдзячныя сваёй прафесіі? 

— За тое, што ў мяне ёсць любімы цудоўны муж і мая сям’я. За тую вялізную колькасць людзей, з якімі звёў лёс. Быць з імі знаёмай, чэрпаць ад іх натхненне... Удзячная любімай справе за тое, што побач цудоўныя сябры, калегі, творчыя паплечнікі. 

— Як святкуеце юбілей? 

— Пасля канцэрта ў Палацы культуры ў мяне за доўгі перыяд будзе першы выхадны. Гэтым разам проста адпачну. Буду дома. Усё адключу, нікуды не пайду. Для мяне гэта ўжо вялікае свята. Работа над канцэртам вялася напружаная, усе стараліся, каб ён атрымаўся якасны, цікавы. 

— Што вы пажадаеце сабе ў гэты дзень? 

— Напэўна, здароўя. Сабе, родным, блізкім, калегам, сябрам — усім пажадаю проста здароўя. Мне добра, калі ўсе добра пачуваюцца. Бо калі ты здаровы — і думкі нараджаюцца светлыя, і жаданне ёсць нешта рабіць. 

Надзея ЗУЕВА 

Фота з архіва гераіні