Зберагаючы каштоўнасці мінулага

Апублiкавана: 05 сакавiка 2024 Стужка Архітэктура Мінск Спадчына

Аўтар: РУДАК Антон

Падчас сустрэчы, якая адбылася ў прэс-цэнтры БЕЛТА, начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Таццяна Бокша падкрэсліла, што захаванне, вывучэнне і папулярызацыя гісторыка-культурных каштоўнасцей — адзін з прыярытэтных напрамкаў дзяржаўнай палітыкі, эфектыўнасць якой забяспечвае заканадаўчая база ў гэтай сферы.

У Беларусі пастаянна вядзецца актыўная работа па захаванні і папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны, нацыянальных традыцый і звычаяў, праводзяцца рамонт, рэстаўрацыя і тэхнічнае абслугоўванне гісторыка-культурных каштоўнасцей. З ініцыятывы Міністэрства культуры распрацоўваюцца комплексы мерапрыемстваў у кожнай вобласці і Мінску па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны і нематэрыяльных праяў творчасці чалавека. 

Таццяна Бокша нагадала, што абноўлены Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб культуры, які ўступіў у сілу з 1 студзеня 2023 года, замацаваў паўнамоцтвы па наданні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці за Міністэрствам культуры. Гэта дазволіла актывізаваць працу па напаўненні дзяржаўнага спіса, і летась у яго былі ўключаныя 24 новыя аб’екты, сярод іх 14 матэрыяльных праяў творчасці чалавека, 9 помнікаў архітэктуры і 1 помнік горадабудаўніцтва. Для параўнання, у 2022 годзе ў спіс было ўнесена 15 аб’ектаў. Сярод нематэрыяльных каштоўнасцей можна згадаць тэхналогіі вырабу гліняных народных цацак-свістулек Магілёўскага Падняпроўя, культуру беларускай дуды, традыцыйнае інструментальнае выкананне на дыятанічных цымбалах у Пастаўскім раёне Віцебскай вобласці ды іншыя аб’екты. 

Выкананне на дыятанічных цымбалах

Выкананне на дыятанічных цымбалах

Змены ў Кодэксе Рэспублікі Беларусь аб культуры закранулі розныя сферы культуры. Напрыклад, спрошчаны парадак падрыхтоўкі і выдачы дазвольнай дакументацыі на правядзенне рамонтна-рэстаўрацыйных работ на аб’ектах трэцяй катэгорыі. Паўнамоцтвы па выдачы дазвольнай дакументацыі перададзены ў мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы, што значна змяншае нагрузку на Міністэрства культуры і час атрымання дазвольнай дакументацыі. Работнікі сферы культуры актыўна выкарыстоўваюць сучасныя тэхналогіі. Улік гісторыка-культурных каштоўнасцей на афіцыйным інтэрнэт-рэсурсе “Дзяржаўны спіс гісторыка- культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь” адлюстроўвае ўсе аб’екты на тэрыторыі Беларусі. На афіцыйны рэсурс “Банк звестак” звесткі аб помніках дадаюцца мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі. 

СТАТЫСТЫКА ЗАХАВАННЯ 

За 2022—2023 год на захаванне аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны за кошт сродкаў рэспубліканскіх і мясцовых бюджэтаў і прыцягнутых сродкаў накіравана 189 мільёнаў рублёў. У 2024-м на мерапрыемствы па захаванні гісторыка-культурных каштоўнасцей запланавана накіраваць каля 90 мільёнаў рублёў. 

Працягваецца работа па кантролі за ажыццяўленнем абавязковых адлічэнняў за прадпрымальніцкую дзейнасць, якая аказвае непасрэднае ўздзеянне на гісторыка-культурныя каштоўнасці і зоны іх аховы; гэтыя сродкі паступаюць у фонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва. Дзякуючы кантролю і зладжанай дзейнасці ў 2023 годзе фонд папоўніўся на 12 мільёнаў рублёў, якія ў далейшым будуць накіраваныя на фінансаванне праектаў па захаванні і прымнажэнні гісторыка-культурнай спадчыны. 

Гальшанскі замак

Гальшанскі замак

Працягваюцца рамонтнарэстаўрацыйныя работы на аб’ектах, якія рэстаўраваліся летась: напрыклад, у палацавапаркавым ансамблі XIX стагоддзя ў Жылічах Кіраўскага раёна, касцёле Божага цела ў Нясвіжы, Гальшанскім, Навагрудскім і Нясвіжскім замках, Спаса- Еўфрасіннеўскім жаночым манастыры. Завершаныя рамонтна-рэстаўрацыйныя работы на 59 помніках архітэктуры. 

СКАРБОНКА АРХЕАЛОГІІ 

Дырэктар Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Вадзім Лакіза распавёў аб ходзе рэалізацыі плана мерапрыемстваў па рэалізацыі канцэпцый фарміравання найбольш значных нацыянальных археалагічных праектаў на 2023—2030 гады. Гэта фундаментальны дакумент для развіцця гісторыка-культурнай спадчыны, яе вывучэння, папулярызацыі і захавання. Найважнейшай задачай сёння застаецца складанне археалагічнай карты Беларусі. Распрацоўка праектаў зоны аховы гісторыка-культурных каштоўнасцей, нанясенне на карту важных аб’ектаў, шырокі збор інфармацыі і наступнае выданне зборніка ў выглядзе кнігі стане важным крокам для папулярызацыі нацыянальнай спадчыны. 

Летась адбылася навукова-практычная канферэнцыя ў Дзятлаве, на якой былі прадстаўленыя даследаванні аб археалогіі, архітэктуры і гісторыі гэтага цікавага краю. Сёлета таксама пройдзе некалькі раённых канферэнцый, а акрамя таго, з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі распачатая работа па арганізацыі выставы археалагічных артэфактаў і найважнейшай літаратуры на археалагічную тэматыку. 

ЗБОР НАРОДНАЙ МУДРАСЦІ 

Намеснік дырэктара па навуковай рабоце Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандр Бараноўскі нагадаў, што сёння фальклорная калекцыя ўстановы ўнесеная ў Дзяржаўны рэестр навуковых аб’ектаў, якія складаюць нацыянальны здабытак. Яна налічвае больш за 400 тысяч тэкставых і 70 тысяч гукавых запісаў, сярод якіх замовы, апісанні сямейных абрадаў, гульні і іншае. За мінулы год супрацоўнікі Цэнтра арганізавалі і прынялі ўдзел у 33 экспедыцыях, актыўную экспедыцыйную дзейнасць праводзіць аддзел фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў.

Палац у Жылічах

 Палац у Жылічах

Аляксандр Бараноўскі падкрэсліў, што ў Беларусі, у адрозненне ад многіх еўрапейскіх краін, народныя традыцыі і звычаі захоўваюцца ў актыўных формах жыцця. Зразумела, цяпер адбываецца глабалізацыя і насельніцтва з’язджае з вёсак, але яшчэ засталіся людзі, якія могуць расказаць пра звычаі і традыцыі, успомніць народныя напевы і быліны. Па сутнасці, сёння аддзел фалькларыстыкі з’яўляецца рэспубліканскім каардынацыйным цэнтрам збіральніцкай дзейнасці. Супрацоўнікі цэнтра актыўна супрацоўнічаюць з Міністэрствам культуры і выступаюць у ролі экспертаў па пытанні ўключэння абрадаў у спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі. 

Адным з брэндавых мерапрыемстваў з’яўляецца Міжнародны форум даследчыкаў беларускай казкі. За тры гады ў навуковай частцы форуму прынялі ўдзел прадстаўнікі з 13 краін свету. Звычайныя казачнікі, якія жывуць у розных рэгіёнах Беларусі, прыязджаюць і дзеляцца сваімі казкамі. Цікава, што падчас гэтага форуму праходзіць конкурс для школьнікаў: яны таксама выступаюць са сваімі казкамі. Зацікаўленасць дзяцей і моладзі народнымі традыцыямі сведчыць аб папулярнасці і спрыяе захаванню гісторыка-культурных каштоўнасцей у будучыні. 

Антон РУДАК 

Фота з архіваў