Ана­то­лій Мар­ке­віч: “Над­ышоў час за­явіць пра ся­бе”

Апублiкавана: 10 сакавiка 2024 Стужка Афіцыйна Мінск Круглы стол

Аўтар: Аўтары

Відэаканферэнцыя “Культура – знак якасці менталітэту нацыі”, якую зладзілі ў прэс-клубе Рэдакцыйна-выдавецкай установы “Культура і мастацтва”, прыцягнула ўвагу адмыслоўцаў з усіх куткоў краіны. У размове аб актуальных задачах, ролі сферы ў развіцці асобы і дзяржавы прыняў удзел міністр культуры Рэспублікі Беларусь Анатолій Маркевіч. Магістральнай тэмай стала прыняцце Канцэпцыі развіцця нацыянальнай культурнай прасторы ва ўсіх сферах жыцця грамадства на 2024–2026 гады.

Перадусім гаворка ішла аб сучасным свеце — зменлівым і вірлівым. У ім асабліва востра стаіць пагроза ўкаранення наносных каштоўнасцей. Гэта патрабуе больш руплівай працы над фарміраваннем патрыятызму, яднаннем вакол нашых спрадвечных нацыянальных традыцый. 

— Асобныя дзяржавы граюць мускуламі і вядуць баі без правіл, думаючы, што гегемонія захаваецца надоўга. Але свет стаў іншым, ён перастаў быць аднапалярным. Не ўсім гэта падабаецца. 

Наша Беларусь заўсёды займала зразумелую пазіцыю: мы не прэтэндуем на чужыя тэрыторыі і вядзём міралюбную палітыку. Але знешнія контуры вымушаюць нас прымаць рашэнні, каб адгарадзіць сябе ад пранікнення шкоднага, — адзначае Анатолій Маркевіч. — Раней на пэўным этапе мы, магчыма, не так пільна звярталі ўвагу на наноснае, на каштоўнасці, якія нам спрабуюць навязаць. Але ў кожнага свая сцяжына, і тое, што імкнуцца нам унушыць, — гэта не наш шлях. Надышоў час голасна заявіць пра сябе, пра нашы традыцыі. 

НЕ АДМАЎЛЯЕМСЯ АД СУСВЕТНЫХ ШЭДЭЎРАЎ 

Між тым прыняцце Канцэпцыі не азначае, што беларускае грамадства будзе ізалявацца і адмаўляцца ад агульначалавечых набыткаў. Важна захаваць культурную разнастайнасць і адкрытасць да вынікаў творчай дзейнасці іншых народаў. 

— Мы не хочам ставіць перашкоды. Найлепшы перадавы досвед у сферы культуры мы выкарыстоўвалі і будзем выкарыстоўваць. У нашых тэатрах і на канцэртных пляцоўках дэманструюцца шэдэўры з сусветнага здабытку. Вядома, мы павінны браць найлепшае дзеля сябе. Але прыйшла пара распавесці пра нашу Беларусь, нашу вялікую культуру. І мы гэта ўмеем рабіць, — падкрэсліў Анатолій Мечыслававіч. 

ПРЫВІЦЬ КАШТОЎНАСЦІ НОВАМУ ПАКАЛЕННЮ 

Канцэпцыя развіцця нацыянальнай культурнай прасторы прадугледжвае забеспячэнне пераемнасці і перадачы ад пакалення да пакалення традыцыйных для беларускага грамадства каштоўнасцей. Ва ўмовах глабалізацыі асабліва актуальнай сталася праца з моладдзю. 

— Моладзь як губка ўбірае ўсё. Варта не дапусціць пранікнення таго, што разбэшчвае падрастаючае пакаленне. Таму вельмі важна нам самім разабрацца ва ўсіх перыпетыях і прапанаваць наўзамен цікавыя праекты, зрабіць так, каб штодзённае жыццё было культурным і карысным. Неабходна прапаноўваць тое, што выхавае любоў да радзімы, да родных і блізкіх, павагу да традыцый, — упэўнены кіраўнік ведамства. 

ЗА ТВОРЦАМІ — ВЯЛІЗНАЯ АДКАЗНАСЦЬ 

Анатолій Маркевіч падкрэслівае важкасць місіі па фарміраванні светапогляду грамадзян, ускладзенай на супрацоўнікаў сферы культуры, творчых работнікаў. Менавіта прадстаўнікі нашай галіны робяць неацэнны ўклад у зберажэнне самабытнасці і самастойнасці Беларусі. 

— Сфера культуры адна з першых мусіць даносіць людзям важныя стваральныя пасылы, выпрацоўваць светапогляд, кансалідаваць грамадства і заяўляць пра нас у сусветнай прасторы. Вядома, падвесці ўсіх да адной роўніцы немагчыма, напэўна, і не трэба. У кожнага ўласны светапогляд. Але ўся сэнсавая нагрузка нашай дзейнасці мусіць быць нацэленая на стваральную працу, на кансалідацыю грамадства. І ў нас гэта атрымліваецца. Я ўдзячны вялізнай арміі работнікаў культуры. У нас шчыруе больш за 56 тысяч чалавек. Я ганаруся тым, што мне давялося працаваць разам з імі. 

У той жа час не трэба толькі цешыцца дасягненнямі, бо казаць аб выкананні ўсіх задач немагчыма: жыццё заўсёды ставіць новыя ўмовы і дыктуе новыя патрабаванні. Нам важна не заблытацца, не пахіснуцца, а захоўваць дакладнае бачанне сучаснасці з апорай на гістарычную праўду, якая з’яўляецца падмуркам для развіцця сферы культуры. 

АБ’ЯДНАЦЬ НАМАГАННІ 

Зрэшты, на абарону нацыянальнай культурнай прасторы, умацаванне традыцыйных каштоўнасцей і фарміраванне патрыятызму мусіць працаваць не толькі наша сфера. Гэта агульныя для ўсяго грамадства задачы. І рэалізацыя Канцэпцыі прадугледжвае развіццё міжведамаснага і міжгаліновага ўзаемадзеяння, грамадска-дзяржаўнага партнёрства. 

— Мы дапаўняем адно аднаго. Культура не можа быць адасобленай ад адукацыі, ад рэальнага сектара эканомікі, і таму Канцэпцыя развіцця нацыянальнай культурнай прасторы аб’ядноўвае розныя галіны. Калі мы распрацоўвалі дакумент, імкнуліся зрабіць яго практыкаарыентаваным. У ім прапісаны ўсе падыходы па ўзаемадзеянні. Акрамя таго, прыняты план мерапрыемстваў па рэалізацыі Канцэпцыі. У ім канкрэтызавана, што неабходна зрабіць кожнаму з нас. 

БАЛАНС ДУШЫ І ТЭХНАЛОГІЙ 

Сфера культура перажывае сур’ёзныя трансфармацыі, звязаныя з узмацненнем ролі інфармацыйных тэхналогій. Яны адкрываюць новыя магчымасці для інтэлектуальнага і культурнага развіцця і ў той жа час ставяць перад спецыялістамі новыя задачы. 

— Вядома, мы не можам застацца на ўзбочыне інфармацыйных тэхналогій і новых падыходаў. Але неабходна заўсёды памятаць, што сфера культуры асаблівая. Тэхніка не заменіць душу. Ні ў якім разе не настальгіруем, бо ўсведамляем важную ролю сучасных тэхналогій. Тым больш што наша аўдыторыя — гэта ўсе жыхары краіны, людзі рознага ўзросту.

І ўсё ж традыцыйныя формы, жывыя эмоцыі не адмяніць. Вельмі радасна бачыць шмат прадстаўнікоў маладога пакалення ў нашых канцэртных і тэатральных залах, прыкмячаць захапленне на іх тварах. Мяркую, сумяшчэнне новых падыходаў і традыцый будзе прыцягваць гледачоў. 

РЭГІЁНЫ ЯК ТВОРЧАЯ СКАРБНІЦА 

Сучаснае культурнае жыццё Беларусі дынамічнае і разнастайнае. У розных кутках краіны па сёння жывуць самабытныя традыцыі, зберагаюцца аб’екты спадчыны, плённа працуюць музеі, бібліятэкі ды іншыя ўстановы. На мясцовым унікальным матэрыяле ладзіцца мноства адметных фэстаў. І актуальнай задачай з’яўляецца актывізацыя культурнага патэнцыялу рэгіёнаў. 

— Мы бачым, наколькі самабытная культура нашых рэгіёнаў, якую аўтэнтычную спадчыну яны захоўваюць. Выклікаюць гонар здабыткі розных куткоў краіны. Заўважце, якая сур’ёзная падтрымка аказваецца, як шмат увагі надаецца матэрыяльна-тэхнічнай базе, аснашчэнню ўстаноў культуры. Мясцовыя ўлады разумеюць важнасць сферы: мова мастацтва — галоўны сродак для таго, каб дагрукацца да душы і свядомасці чалавека. 

Сёлета мы адрадзілі цудоўную традыцыю фестывалю “Беларусь — мая песня”, калі кожны рэгіён ладзіць справаздачны канцэрт у сталіцы, прэзентуе найлепшыя свае творчыя сілы. Усе напрамкі, якімі ганарацца прадстаўнікі абласцей і раёнаў, будуць прадстаўлены на сцэне Палаца Рэспублікі. Упэўнены: кожны глядач атрымае сапраўднае задавальненне. 

ПАД ЗНАКАМ СВЯТОЙ ДАТЫ 

Сёлета Беларусь адзначыць знакавую дату — 80-годдзе вызвалення ад нямецкафашысцкіх захопнікаў. Гэта сапраўды святая гістарычная падзея, якая прынесла на нашу зямлю мір і свабоду, заклала падмурак для далейшага росквіту. Натуральна, што пад знакам гэтай гадавіны пройдзе мноства маштабных творчых праектаў, агульнарэспубліканскіх і лакальных падзей. 

— Марафон падзей да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў ужо пачаўся. Бягучы год будзе насычаны мерапрыемствамі, якія падкрэсліваюць значнасць гэтай даты. Мы павінны выказаць словы вялікай падзякі ветэранам, пакланіцца тым, хто здабываў Вялікую Перамогу. Дзеля яе прынесена ў ахвяру вялізная колькасць жыццяў. І кожны разумее, што толькі дзякуючы савецкаму салдату сёння мы жывём спакойна, упэўнена глядзім у будучыню. 

Падчас падрыхтоўкі мерапрыемстваў мы задзейнічаем найлепшыя творчыя сілы, што прэзентуюць цікавыя праграмы як у сталіцы, так і ў кожным рэгіёне. 

Будуць створаны канцэрты, якія зацікавяць мноства гледачоў. Рыхтуецца і сумесны праект з расійскімі калегамі. Напярэдадні вялікай даты 3 ліпеня адбудзецца гала-канцэрт фестывалю “Беларусь — мая песня” з нумарамі ад розных рэгіёнаў. Адбудзецца традыцыйнае ўшанаванне работнікаў сферы культуры з удзелам Прэзідэнта. 

Плануюцца імпрэзы ў нечаканых месцах: на вакзалах, у гандлёвых цэнтрах. Там артысты выканаюць песні, што натхнялі і вялі ў бой нашых салдат. Шмат часу будзе прысвечана пленэрам, а найлепшыя работы па іх выніках пакажам у Нацыянальным мастацкім музеі. 

Праграма сапраўды будзе насычанай. І яна адлюструе, праз якія выпрабаванні прай- шоў наш народ, наколькі значная Перамога і якая гэта каштоўнасць — жыць у мірнай краіне. 

Алесь ДАНІЛОВІЧ 

Фота Уладзіміра ШЛАПАКА