Сто гадоў на варце спадчыны. Частка 3

Апублiкавана: 11 сакавiка 2024 Стужка Архітэктура не указан Тэма

Аўтар: РУДАК Антон

Летась споўнілася 30 гадоў з даты стварэння Дзяржаўнага спіса гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, але агулам гісторыя фарміравання сістэмы дзяржаўнага ўліку і аховы аб'ектаў нацыянальнай спадчыны Беларусі ахоплівае ўжо больш як векавы перыяд. У папярэдніх нумарах мы прыгадалі этапы развіцця гэтай сферы ў 1920–1990-х. Аб наступных вехах станаўлення сістэмы аховы помнікаў у Беларусі распавядае Генадзій Ходар, кансультант упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

УПАРАДКАВАННЕ ЎЛІКУ 

Зацягнуты перыяд прававога пераносу помнікаў гісторыі і культуры са спісаў БССР у Дзяржаўны спіс, а таксама адсутнасць зацверджанага або апублікаванага спіса ў якасці юрыдычнага дакумента стварыла ў пачатку 2000-х напружаную сітуацыю з Дзяржаўным падатковым камітэтам вакол вызвалення ад падаткаабкладання работ па рэканструкцыі і рэстаўрацыі гісторыка-культурных каштоўнасцей, унесеных у Дзяржаўны спіс і вышэйназваныя спісы БССР. 

У мэтах упарадкавання дзяржаўнага ўліку гісторыка-культурных каштоўнасцей была прынятая пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 1383 ад 19 верасня 2001 года, якая даручала Міністэрству культуры распрацаваць і зацвердзіць парадак вядзення і публікацыі Дзяржаўнага спіса. Таксама гэтай пастановай былі адмененыя спісы аб’ектаў, выдадзеныя ў сямітомным зборы помнікаў гісторыі і культуры Беларускай ССР. 

Стары замак у Гродне

Стары замак у Гродне 

Развіццём пытання стала падрыхтоўка і прыняцце Закона Рэспублікі Беларусь № 134-З ад 24 ліпеня 2002 года “Аб унясенні змяненняў у некаторыя заканадаўчыя акты Рэспублікі Беларусь у сувязі з рэарганізацыяй сістэмы рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання”, паводле якога органам, упаўнаважаным на наданне статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці, зрабілася Міністэрства культуры. Такім чынам, з 1 верасня 2003 года Дзяржаўны спіс зрабіўся адзіным дакументам дзяржаўнага ўліку гісторыка-культурных каштоўнасцей. 

КІРУНАК ДА АДКРЫТАСЦІ 

У 2002—2003 гадах адбываецца рэзкае павелічэнне колькасці аб’ектаў, уключаных у Дзяржаўны спіс: у 2002-м іх налічвалася 2793, а ў 2003-м — ужо 4326. Гэтае пашырэнне спіса адбывалася на падставе аўтаматычнага пераносу аб’ектаў спадчыны са спісаў БССР па прапанове мясцовых органаў улады ў адпаведнасці з рашэннямі Рады №№ 70-92. Разам з тым прапановы па пераносе ў Дзяржаўны спіс з ліку аб’ектаў, якія страцілі ахоўны статус, былі вельмі выбарачнымі. У мэтах аб’ектыўнай ацэнкі гэтых працэсаў можна адзначыць, што з ліку помнікаў гісторыі і культуры, у першую чаргу воінскіх пахаванняў, у Дзяржаўны спіс уключана толькі 930 аб’ектаў. У цэлым улік гэтай катэгорыі аб’ектаў культурнай спадчыны атрымаў развіццё па лініі Міністэрства абароны ў створаным у 2001 годзе рэгістры воінскіх пахаванняў і пахаванняў ахвяр войнаў Рэспублікі Беларусь, які сёння налічвае болей за восем тысяч месцаў пахаванняў. 

12 верасня 2002 года Дзяржаўны спіс гісторыкакультурных каштоўнасцей быў зарэгістраваны ў Дзяржаўным рэгістры інфармацыйных рэсурсаў. Далейшым развіццём сістэмы ўліку стала прыняцце па ўзгадненні з аблвыканкамамі і Мінгарвыканкамам пастановы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь № 11 ад 10 красавіка 2003 года “Аб зацвярджэнні Дзяржаўнага спіса гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь”. Публікацыя гэтай пастановы зрабілася значным крокам у плане публічнасці і адкрытасці гэтага дакумента. Пунктам 2 пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 303 ад 17 сакавіка 2004 года Дэпартамент па ахове гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры быў скасаваны. Замест яго ў структуры міністэрства было створана ўпраўленне па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі. 

ПАШЫРЭННЕ СПІСА 

У 2006 годзе быў прыняты новы Закон “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі”, нормы якога замацавалі паўнамоцтвы па наданні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці за ўрадам Рэспублікі Беларусь. У развіццё гэтага закона ў 2006-м на ўзроўні Савета Міністраў было зацверджанае Палажэнне аб вядзенні Дзяржаўнага спіса, якое замацавала яго сучасныя выгляд і структуру. Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 578 ад 14 мая 2007 года “Аб статусе гісторыка-культурных каштоўнасцей” фактычна быў перазацверджаны існуючы Дзяржаўны спіс. 

З аднаго боку, прызнанне яго актам найвышэйшай юрыдычнай сілы садзейнічала ўзмацненню прававога статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці, а прынятае Палажэнне аб вядзенні Дзяржаўнага спіса сістэматызавала далейшую працу па яго пашырэнні (з 2006 па 2016 год ён вырас з 4585 да 5525 аб’ектаў). Разам з тым ні закон 2006 года, ні пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 578 ад 14 мая 2007 года не прадугледжвалі пераходных палажэнняў для аб’ектаў, якія ўжо знаходзіліся пад аховай дзяржавы і нават былі надзеленыя статусам гісторыка-культурнай каштоўнасці ў 2002—2003 гадах, што выклікае і сёння блытаніну сярод спецыялістаў і ўласнікаў у вызначэнні фактычнай даты надання статусу гэтым аб’ектам. Толькі ў пашпарце гісторыка-культурнай каштоўнасці, які з’яўляецца галоўным уліковым дакументам, у гістарычнай даведцы могуць быць апісаныя ўсе пераходныя моманты знаходжання такіх аб’ектаў у ахоўных спісах. 

Нясвіжскі замак

Нясвіжскі замак

З 2006 па 2016 год было прынята дзевяць пастаноў Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, якія фарміравалі і пашыралі Дзяржаўны спіс, аднак значным недахопам была адсутнасць яго ў адкрытым доступе. Сярод істотных змен закона ў 2012 годзе неабходна адзначыць удасканаленне паняційнага апарату і ўкараненне міжнародных нормаў UNESCO, у тым ліку Канвенцыі аб ахове сусветнай нематэрыяльнай культурнай спадчыны 2003 года. Гэтыя змены дазволілі павялічыць прысутнасць у Дзяржаўным спісе нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей (з 76 элементаў у 2012 годзе да 178 у 2023-м). 

У АДПАВЕДНАСЦІ З КОДЭКСАМ 

У 2016 годзе быў падпісаны Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб культуры, які зрабіўся першым распрацаваным і прынятым на постсавецкай прасторы кадыфікаваным актам у гэтай сферы. Ён перафарматаваў работу па вядзенні Дзяржаўнага спіса. У першую чаргу паўнамоцтвы па яго фарміраванні былі зноў перададзены ад Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь Міністэрству культуры. Таксама Кодэкс прадаставіў паўнамоцтвы па наданні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці і катэгорыі “3” мясцовым выканаўчым і распарадчым органам абласнога тэрытарыяльнага ўзроўню. Пры кожным аблвыканкаме і Мінскім гарвыканкаме былі створаныя саветы па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны, упаўнаважаныя разглядаць прапановы аб наданні статусу і прымаць рашэнні аб значнасці культурнай каштоўнасці для рэгіёна. 

У адрозненне ад Закона Рэспублікі Беларусь “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь” 2006 года, Кодэкс прадугледзеў пераходныя палажэнні ў частцы захавання юрыдычнай сілы вышэйзгаданых дзевяці пастаноў Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь. На ўзроўні заканадаўчага акта ўпершыню ў гісторыі Беларусі былі замацаваныя парадак выяўлення і вылучэння новых аб’ектаў спадчыны, патрабаванні да зместу прапаноў аб наданні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці і рэгламент іх разгляду ўпаўнаважанымі дзяржаўнымі органамі. 

Артыкуламі Кодэкса 93 і 94 вызначалася, што рашэнне аб наданні або пазбаўленні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці з’яўляецца ненарматыўным прававым актам і падлягае давядзенню да ведама зацікаўленых шляхам размяшчэння на афіцыйным сайце Міністэрства культуры. Дзякуючы гэтаму новаўвядзенню з 2017 года сам Дзяржаўны спіс і рашэнні па ім пачалі публікавацца ў раздзеле “Спадчына” сайта Міністэрства культуры, а з 2020-га ён прадстаўлены ў выглядзе дзяржаўнага інфармацыйнага рэсурсу — пошукавага сайта “Дзяржаўны спіс гісторыкакультурных каштоўнасцей Беларусі” па адрасе gosspisok.gov.by. 

АГУЛЬНЫМІ НАМАГАННЯМІ 

З 2019 года Міністэрствам культуры сумесна з мясцовымі органамі праводзіцца актыўная работа па актуалізацыі звестак аб гісторыка-культурных каштоўнасцях. За гэты перыяд у Дзяржаўным спісе актуалізавана звыш 2700 пазіцый, у тым ліку ў частцы ўдакладнення назваў, складу, даціроўкі, катэгорыі і адрасацыі аб’ектаў спадчыны. Разам з тым практыка паказала, што перададзеныя з 2017-га выканаўчым камітэтам паўнамоцтвы па разглядзе прапаноў аб наданні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці выкарыстоўваліся малаэфектыўна ў сувязі з нізкай зацікаўленасцю мясцовых органаў у пашырэнні Дзяржаўнага спіса. 

З 2017 па 2022 год мясцовымі выканаўчымі і распарадчым органамі абласнога тэрытарыяльнага ўзроўню прынята 18, а Міністэрствам культуры — 42 рашэнні адносна фарміравання спіса. У сувязі з гэтым пры карэкціроўцы Кодэкса ў 2022-м былі змененыя падыходы да вядзення Дзяржаўнага спіса. З 1 студзеня 2023 года паў- намоцтвы па наданні або пазбаўленні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці і вызначэнні яе катэгорый замацаваныя за адзіным дзяржаўным органам — Міністэрствам культуры. 

АПОШНІЯ НОВАЎВЯДЗЕННІ 

Істотным змяненнем парадку разгляду прапаноў аб наданні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці з’яўляецца тое, што, незалежна ад рашэння абласных або мінскай гарадской саветаў па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны, кожная прапанова павінна быць пададзеная ў Міністэрства культуры для прыняцця канчатковага рашэння Беларускай рэспубліканскай навуковаметадычнай радай па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны. Форма ўнясення такой прапановы для нематэрыяльных праяў творчасці чалавека асобна ўстаноўленая пастановай Міністэрства культуры № 110 ад 30 лістапада 2022 г. Унесеныя змяненні ў артыкулы 97 і 98 Кодэкса, якія далі магчымасць упарадкаваць структуру Дзяржаўнага спіса і парадак яго вядзення, у тым ліку ў частцы актуалізацыі фактычных звестак. 

Мірскі замак

Мірскі замак

У мэтах арганізацыі вядзення спіса гэты дакумент зацверджаны пастановай Міністэрства культуры № 1 ад 3 студзеня 2023 года. Такое рашэнне, разам з функцыянаваннем Дзяржаўнага спіса ў якасці інфармацыйнага рэсурсу, забяспечвае найбольш даступнае і празрыстае яго развіццё ў якасці галоўнага дакумента дзяржаўнага ўліку гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі. Мэтавым паказчыкам Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” на 2021—2025 гады прадугледжана ўключэнне ў Дзяржаўны спіс не менш як трох новых элементаў штогод. Пунктам 10 рашэння калегіі Міністэрства культуры № 109 ад 21 чэрвеня 2023 г. аблвыканкамам і Мінскаму гарвыканкаму рэкамендавана штогод выяўляць не менш як два новыя матэрыяльныя аб’екты для ўключэння ў Дзяржаўны спіс. 

Развіццё заканадаўства БССР і Рэспублікі Беларусь прайшло няпросты эвалюцыйны шлях ад спроб абагульнення ўліку культурнай спадчыны да вылучэння асобных форм аб’ектаў, якія ахоўваюцца дзяржавай, увасобленых у гісторыка-культурных каштоўнасцях. Пачынаючы з 1926 года фармаваліся і вяліся першыя пералікі аб’ектаў спадчыны, якія падлягалі ахове дзяржавай. Ахоўныя спісы некалькі разоў страчвалі сілу ў сувязі са зменамі заканадаўства. Разам з тым заўсёды захоўвалася пераемнасць у вызначэнні асаблівага прававога статусу такіх аб’ектаў спадчыны. Асноўная частка аб’ектаў Дзяржаўнага спіса (больш за 80 %) была выяўленая і ўзятая на ўлік у савецкі перыяд беларускай дзяржаўнасці. Прынятыя сёння прававыя меры дазваляюць арганізоўваць неабходныя мерапрыемствы па пашырэнні Дзяржаўнага спіса і яго стабільным вядзенні. 

Антон РУДАК 

Фота аўтара і з архіваў