Здзей­сніць ма­ру

Вера ў дзіцячую мару прывяла 21-гадовага Мікіту Захарчука да сапраўднай славы. Ураджэнец Пінска тройчы станавіўся прызёрам Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу моды і фота “Млын моды” і неаднаразова ўдастойваўся высокіх узнагарод Міжнароднага конкурсу дызайнераў “Сібірскі куцюр’е”. Акрамя таго, хлопец — аўтар трох калекцый адзення, адна з якіх нарадзілася ў супрацоўніцтве з Аршанскім ільнокамбінатам. За значныя заслугі Мікіта быў уганараваны прэстыжнай стыпендыяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Наш новы герой расказаў аб творчым шляху, конкурснай дзейнасці, любімым універсітэце і планах.

КІМ СТАЦЬ? 

Для маленькага Мікіты свет моды адкрыўся дзякуючы шоу і дывановым дарожкам, якія “круціліся” па тэлебачанні. Ужо ў шэсць гадоў хлопец дакладна вызначыўся з прафесіяй. 

— Памятаю, як настаўніца раздала нам анкеты з пытаннем: “Кім ты марыш стаць?” Я напісаў: “Мадэльерам”. Ужо тады разумеў, што гэта той, хто малюе і стварае адзенне. 

Мікіта Захарчук у майстэрні

Мікіта Захарчук у майстэрні

Паступленне ў Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт на кафедру дызайну і моды для маладога чалавека было ўсвядомленым. У восьмым класе ён убачыў у рабочым сшытку па англійскай мове артыкул пра выкладчыцу ВДТУ, мадэльера з сусветным імем Людмілу Тараканаву. З тых часоў хлопец разглядаў выключна віцебскую ВНУ. Сталічныя яго ніколі не прыцягвалі: 

— Мой універсітэт падарыў мне больш чым проста вышэйшую адукацыю. Дзякуючы яму ўдзельнічаю ў розных праектах рэспубліканскага і міжнароднага маштабу. Тут я не толькі студэнт, але і работнік — ужо чатыры гады. На шчасце, маім настаўнікам стала тая самая Людміла Уладзіміраўна Тараканава-Папкоўская, дацэнт кафедры дызайну і моды. Працуем з ёй у добрым тандэме педагога і вучня. Без Людмілы Уладзіміраўны не было б такой фразы, як “Мікіта Захарчук — малады беларускі дызайнер”. 

НАТХНІЛА ЦЫБУЛЯ 

Наш герой — трохразовы прызёр Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу моды і фота “Млын моды” ў 2021—2023 гадах. Для маладых дызайнераў гэтае спаборніцтва — першы шанц заявіць пра сябе ў лакальным, беларускім коле моднай індустрыі: 

— У 2021-м я прэзентаваў дэбютную калекцыю Sweet look. Гэта адзенне з мінімальнай колькасцю разрэзаў і максімальнай — складак. Блузкі, сукенкі, спадніцы, штаны былі зроблены з тканін, якія захоўваліся ў куфры маёй прабабулі і дасталіся мне ў якасці спадчыны. Крыніцай натхнення паслужыла фіялетавая салодкая цыбуля. Я разгледзеў яе разрэз з прожылкамі і інтэрпрэтаваў іх як складкі. Не марыў пра ўзнагароду, але заняў другое месца — і гэта была неверагодная феерыя эмоцый. 

У 2022-м я вярнуўся на конкурс, каб прадэманстраваць свой максімум, хаця аказалася цяжка прыдумаць другую калекцыю. Здавалася, што ў першы раз выклаўся на ўсе 100 %. Але я стварыў калекцыю “Герлы”, і яна стала рэвалюцыяй у кар’еры — мяне многія запомнілі. Журы зноў прысудзіла другое месца. Гэта выдатны вынік. 

Калекцыя Sweet look

Калекцыя Sweet look

Летась на “Млыне моды” я перамог у намінацыі “Фота”. Мой праект называўся “Ніткамі часу выткана жыццё”. На здымках былі прадстаўлены мадэлі ў вырабах з калекцыі “Герлы”. Гэта гісторыя пра дзяўчат-супергераінь, якія дапамагаюць маленькаму шасцігадоваму Мікіту здзейсніць яго запаветнае жаданне. Спадзяюся, людзі зразумелі, што не варта смяяцца са сваёй дзіцячай мары і баяцца яе. Рэалізаваць — самае разумнае рашэнне. 

САПРАЎДНЫ ПРЫГАЖУНЧЫК 

Мікіта Захарчук прызнаны на роднай зямлі і вядомы ў Расіі. Наш герой — трохразовы пераможца Міжнароднага конкурсу дызайнераў “Сібірскі куцюр’е”. У ліпені 2023-га творцу ўзнагародзілі ганаровым знакам “Сярэбраны фенікс”, а ў кастрычніку — “Сярэбраным манекенам”: 

— У 2021-м я стаў першым беларусам, які за 26 гадоў існавання конкурсу атрымаў прыз “Сярэбраны гузік”. Поспех прынесла калекцыя Sweet look. У наступным годзе ў Новасібірску я прадставіў “Герлы” і заняў першае месца, забраўшы гузік з брыльянтам. У 2023-м прывёз на конкурс калекцыю “Прыгажунчыкі”, выкананую ў супрацоўніцтве з Аршанскім ільнокамбінатам. Яна прысвечана сталенню хлопчыкаў. Усім вядома, што дзяўчынкі вырастаюць раней, і я ўзняў такое пытанне: чаму ў гардэробе маладога чалавека ад 18 да 24 гадоў мала яркіх фарбаў? У якасці матэрыялу ўжыў лён. Яго прывыклі выкарыстоўваць для пашыву кашуль, блузак, сукенак на лета, а я прадставіў дэмісезоннае адзенне. Тады мне ўручылі ганаровы знак за развіццё дызайну “Сярэбраны манекен”. Звычайна такую ўзнагароду атрымліваюць удзельнікі намінацыі “Профі”, у якой змагаюцца члены Саюза дызайнераў, уладальнікі вялікіх брэндаў. Для мяне было пачэсна на пятым курсе ўдастоіцца высокай ацэнкі вялікіх прафесіяналаў. З’явілася жаданне захоўваць аўтарытэт і паказваць яшчэ лепшыя вынікі. 

КАРЫСНАЯ МОДА 

Малады дызайнер не толькі ўдзельнічае ў конкурсах, але і актыўна падтрымлівае праекты, якія праводзіць Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі. У мінулым годзе калекцыя Мікіты “Прыгажунчыкі” дэманстравалася падчас мужчынскага дэфіле на “Міс і містар студэнцтва — 2023”. Таксама наш герой распрацаваў унікальны мерч для “Студэнта года”: 

— У 2023-м на грант Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь я рэмадэляваў астаткі крою ў прадукт моды і прэзентаваў калекцыю “Прыгажунчыкі”. Яна выканана ў гэтай тэхніцы, як і ўсе мае папярэднія працы. Я прымяняю змешаныя метады канструявання, каб мінімізаваць астаткі крою і выкарыстаць кожны лапік тканіны і кожную нітачку. Сярод праектаў, якімі я ганаруся, таксама мае майстар-класы ў Новасібірску, Віцебску, Мінску ў рамках розных мерапрыемстваў. 

ПРЫСВЕЧАНА БАБУЛІ ЯНЕ 

У снежні мінулага года за ўпартую працу і крэатыў студэнт ВДТУ быў адзначаны прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі: 

— Для мяне гэта вельмі важная падзея. Цяпер я выразна адчуваю, што магу паўплываць на індустрыю моды ў роднай краіне. У нас на высокім узроўні развіта лёгкая прамысловасць. Лічу, што гэта ўсё трэба папулярызаваць. З удалых прыкладаў: Першы нацыянальны гандлёвы дом — крутая пляцоўка, дзе ў адным месцы можна знайсці любы айчынны прадукт. У Беларусі ствараюць моду свядома, імкнуцца ўжываць сваю сыравіну. 

У будучыні Мікіта Захарчук плануе выкладаць у родным ВДТУ і радаваць нас новымі калекцыямі. А яшчэ — даказваць на ўласным прыкладзе: звычайны хлопец, які вырас у Пінску ў сям’і эканаміста і інжынера, можа спраўдзіць вялікую дзіцячую мару — стаць вядомым дызайнерам: 

— Лічу, што людзі, якія атрымліваюць спецыяльную прэмію Прэзідэнта, павінны дзяліцца ведамі і ўменнямі з іншымі. Таму я рады: мой выбар — выкладаць — паспрыяе працвітанню Беларусі. Цяпер я ствараю новую калекцыю “Яна”, якая будзе маім дыпломам і конкурснай працай на “Млыне моды — 2024”. Работа прысвечана тым жанчынам, якія суправаджалі і падтрымлівалі мяне на працягу жыцця. У першую чаргу гэта гісторыя пра маю бабулю Яніну, на вобразе якой я пабудаваў асацыятыўны шэраг. Вы ўбачыце адзенне для моцных і таленавітых беларусак. Скажу па сакрэце: першы выраб ужо гатовы. 

Настасся ЮРКЕВІЧ 

Фота з архіва героя