Ці­ка­ва тут у вас!

Апублiкавана: 13 сакавiка 2024 Стужка Бібліятэкі Брэст і вобласць Ёсць пытанне!

Аўтар: Аўтары

“Што мы можам зрабіць, каб бібліятэка была прывабнай для моладзі?” — Таццяна Маляўка пачала ліст з пытання. Праблема зачапіла — і мы паглыбіліся ў аповед загадчыцы аддзела Ганцавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя В. Ф. Праскурава.

“Трэба шукаць новыя дынамічныя формы працы, напаўняючы іх зместам, адпаведным духу часу”, — упэўнена Таццяна Уладзіміраўна. На прыкладах адмысловец тлумачыць эфектыўныя падыходы, знойдзеныя ў яе ўстанове. 

— Наша бібліятэка — пляцоўка для камунікацыі маладых людзей, абмену думкамі і ідэямі, узаемадзеяння адзін з адным і з грамадствам. Колькасць наведвальнікаў ад 15 гадоў да 31 складае 30 % ад усіх карыстальнікаў. У асноўным гэта навучэнцы, студэнты, маладыя спецыялісты, рабочыя і служачыя. Зразумела, бібліятэка — далёка не адзіная ўстанова, якая арганізуе іх вольны час. Ёсць кафэ, кінатэатры, клубы, дзе збіраюцца аднагодкі і аднадумцы. Каб сапернічаць з такімі канкурэнтамі, кніжная скарбніца павінна аказваць інтэграваныя паслугі — не толькі інфармацыйныя, але і тыя, што паглыбляюць у культуру і творчасць. Рабіць гэта трэба планава, паслядоўна, дальнабачна. Таму ў працы з новым пакаленнем галоўны арыенцір — праектная дзейнасць. 

Сустрэча з начальнікам крымінальнага вышуку Дзмітрыем Юрчыкам

Сустрэча з начальнікам крымінальнага вышуку Дзмітрыем Юрчыкам

У 2021—2023 гадах Ганцавіцкай ЦРБ імя В. Ф. Праскурава запушчаны праекты для моладзі “Бібліятэка ў стылі АRT «CreАктыўныя!»” (разлічаны на тры гады), “Літаратурна-краязнаўчы чэлендж” і “Як я стаў сабою” (на два). Для іх рэалізацыі работнікі кніжнай скарбніцы забяспечылі ўмовы, якія спрыяюць арганізацыі культурнага вольнага часу юнакоў і дзяўчат, раскрыццю іх патэнцыялу, скаардынавалі дзейнасць з установамі, што працуюць з гэтай катэгорыяй насельніцтва. 

ДОБРАЯ АСНОВА 

Базай для праектаў выбралі найбуйнейшае структурнае падраздзяленне Ганцавіцкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы, фонд якога складае 48 тысяч экзэмпляраў. Цэнтральная раённая бібліятэка штогод абслугоўвае больш за 3 тысячы карыстальнікаў, што атрымліваюць каля 45 тысяч выданняў. Для наведвальнікаў усталяваны камп’ютары і створаны публічныя цэнтры прававой інфармацыі. Перавага ўстановы і ў тым, што яна размешчана ў сэрцы горада — ёсць магчымасць праводзіць мерапрыемствы для вялікай аўдыторыі. У зоне абслугоўвання — тры агульнаадукацыйныя школы, гімназія, сельскагаспадарчы ліцэй, дапаможная школа-інтэрнат, шэраг прадпрыемстваў і арганізацый. Да таго ж у кніжнай скарбніцы працягваюцца паспяховыя праекты, якія датычацца здаровага ладу жыцця, экалагічнага, патрыятычнага выхавання. 

У ЦРБ імя В. Ф. Праскурава камфортныя абстаноўка і інфармацыйнае асяроддзе, што спрыяюць самарэалізацыі новага пакалення, развіццю яго творчых здольнасцей. Вопытныя адмыслоўцы — яркія, камунікабельныя, умеюць працаваць з юнай аўдыторыяй. Бібліятэчная моладзь — мабільная, хутка падхоплівае інавацыйныя, крэатыўныя ідэі і паспяхова іх увасабляе. 

ЯК ГЭТА ДЗЕЙНІЧАЕ 

Падчас рэалізацыі праекта “Біблія- тэка ў стылі АRT «CreАктыўныя!»” былі выяўлены юнакі і дзяўчаты з багатым творчым патэнцыялам. Для іх кніжная скарбніца стала месцам набыцця новых уражанняў, ведаў, уменняў. Так, у межах ініцыятывы арганізавалі “Галерэю юных мастакоў”, у якой зладжана больш за 15 экспазіцый. На прэзентацыях прысутнічалі равеснікі аўтараў карцін. Арт-праект перамог на абласным конкурсе “Бібліятэка для моладзі — бібліятэка магчымасцей” у намінацыі “Развіццё”, прысвечанай тэме ўсебаковага раскрыцця здольнасцей хлопцаў і дзяўчат, іх далучэнню да розных формаў інтэлектуальнага адпачынку, культурнага і духоўна-маральнага развіцця.

У працы з новым пакаленнем бібліятэка надае асаблівую ўвагу патрыятычнаму выхаванню — назапашаны багаты вопыт. Знаёмства моладзі з кнігай “Генацыд беларускага народа”, прэзентацыя выставы “Ахвяры генацыду — памяць народная”, сустрэчы з пракурорам раёна Аляксандрам Гурбановічам — гэта толькі пачатак спіса праведзеных мерапрыемстваў. Навучэнцаў не пакінулі абыякавымі гістарычна-патрыятычныя гадзіны “Памяць і боль беларускай зямлі”, “Калі мы адзіныя, мы непераможныя”, “Рэха Афганскай вайны”, “Хатынь: памяць і трагедыя”. Зацікавілі юную аўдыторыю прававыя ўрокі “Што мы ведаем пра Канстытуцыю?”, “Ведай правы, не забывай і пра абавязкі”, краязнаўчыя ўрокі “Пісьменнікі роднага краю”, “Усяму пачатак тут…”. 

Сустрэча з ваенкамам Андрэем Блашчанкам

Сустрэча з ваенкамам Андрэем Блашчанкам

Прыцягнуў увагу моладзі і “Літаратурна-краязнаўчы чэлендж”, разлічаны на карыстальнікаў сацыяльных сетак. Яго мэта — папулярызаваць творчасць літаратараў-землякоў. Гэты праект быў прадстаўлены ў 2022 годзе на ХХХ Рэспубліканскім конкурсе “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры”, на якім ЦРБ імя В. Ф. Праскурава ўзяла прызавое месца ў намінацыі “За падтрымку і развіццё чытання”. 

НОВЫ ЎЗРОВЕНЬ 

А летась рупліўцы вырашылі ўзняць на якасна новы ўзровень, напоўніўшы практычным зместам, традыцыйную працу па патрыятычным выхаванні моладзі і развіцці яе грамадзянскай свядомасці. Так, стартаваў грамадзянска-патрыятычны праект “Як я стаў сабою”. Каардынатарам і распрацоўшчыкам выступіў аддзел бібліятэчнага маркетынгу Ганцавіцкай ЦРБ імя В. Ф. Праскурава, які ўзначальвае Таццяна Маляўка. Адмыслоўцы ўзяліся за ўдасканаленне і развіццё сістэмы, што забяспечвае мэтанакіраванае фарміраванне ў моладзі высокай сацыяльнай актыўнасці, патрыятызму, пачуцця гонару за Айчыну, гатоўнасці да выканання грамадзянскага і канстытуцыйных абавязкаў. Работнікі аддзела ўжо правялі больш за два дзясяткі сустрэч з паспяховымі і аўтарытэтнымі прадстаўнікамі розных прафесій. Арганізоўваюцца мерапрыемствы, на якіх новае пакаленне знаёміцца з землякамі-сучаснікамі, чые ўчынкі, ідэалы і погляды могуць стаць прыкладам, матывацыяй. 

— Пасля адной з падобных сустрэч старшакласніца сказала: “Цікава тут у вас! Ніколі б не падумала, што побач жывуць людзі з такой неверагоднай энергетыкай, захапляльнымі лёсамі і вялікім сэрцам, — распавядае Таццяна Уладзіміраўна і сціпла дадае: — Вось у гэтым простым прызнанні і ёсць наш плён. Бібліятэка, ствараючы адзін праект за другім, упэўнена крочыць наперад і робіць усё магчымае, каб навучыць нашчадкаў любіць і шанаваць свой народ, сваю гісторыю, Радзіму. 

Фота з архіва бібліятэкі