Слухай-глядзі беларускае!

Апублiкавана: 14 сакавiка 2024 Стужка Афіцыйна Мінск Падзеі

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

Нацыянальны мастацкі музей Беларусі стаў месцам правядзення VII Канцэртнага праекта “Трамантана”, дзе гучыць найноўшая, пераважна авангардная камерная музыка беларускіх кампазітараў. І гэта далёка не адзіны прыклад выканання сучасных айчынных твораў акадэмічнага кірунку. 

Леташняе 90-годдзе Беларускага саюза кампазітараў стала своеасаблівым каталізатарам гэтага працэсу. Актывізаваліся і кампазітары, і выканаўцы, рыхтуючы да свята музычныя падарункі. Канцэрты да юбілею працягваліся ўвесь год, перакінуўшыся і на наступны. 

Удзельнікі праекта "Трамантана"

Удзельнікі праекта "Трамантана"

Дзяржаўны камерны хор, дадаткова запрасіўшы салістаў-інструменталістаў, прэзентаваў сачыненні Льва Абеліёвіча — да 111-й гадавіны з дня нараджэння кампазітара. Кандыдат мастацтвазнаўства, вядомая піяністка і выкладчыца Вераніка Сахарава пачала праект “Беларускія прэм’еры”, дзе новыя творы суседнічаюць з падзабытымі ранейшымі. У першым канцэрце “Музыка беларускіх кампазітараў для фартэпіяна і... не толькі”, што адбыўся ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі, выступілі юныя музыканты і іх выкладчыкі, і такая сувязь пакаленняў, на думку аўтара і вядучай праекта, становіцца залогам пераемнасці найлепшых традыцый. 

У сталічнай Дзіцячай музычнай школе мастацтваў № 19 ужо сямнаццаць гадоў запар праводзіцца фестываль “Галасы стагоддзяў”. Трохдзённая праграма сёлетняга свята беларускай нацыянальнай культуры ўтрымлівала канцэрт “Гукі роднай зямлі”, творчую сустрэчу з кампазітарам Валянцінай Сярых і напоўненую музыкай пастаноўку “Снежная каралева” школьнага тэатра-студыі “Акцэнт”. 

Багата прэм’ер гучыць у Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Аркестр рускіх народных інструментаў пад кіраўніцтвам Эльвіры Тахіравай увогуле ўзяў курс на беларускія творы і актыўна замаўляе айчынным кампазітарам і новыя партытуры, і пералажэнні нацыянальнай класікі для свайго складу. Нядаўна калектыў прэзентаваў праграму з назвай “Прэм’ера”, дзе сярод іншых прагучалі Канцэрт для домры з аркестрам Сяргея Янковіча, першая частка Сімфоніі для 2-х домраў, струнных і ўдарных Уладзіміра Каральчука і Канцэрт для баяна з аркестрам “Грядущий день” Аліны Безенсон. Дададзім, што арыгінальных твораў для такога складу, асабліва ў буйных жанрах канцэрта і сімфоніі, — літаральна адзінкі ва ўсім свеце. 

Падтрымлівае акадэмія і маладых творцаў. Скончыўшы навучанне і пачаўшы выкладаць, кампазітар Ігар Комар, лаўрэат шматлікіх міжнародных конкурсаў і фестываляў, чыя музыка гучыць у многіх краінах свету, правёў у альма-матар аўтарскі канцэрт. Апроч іншых твораў, там прагучала прэм’ера надзвычай тонкіх, атмасферных “Паўночных вятроў”, што былі напісаны для праекта “Трамантана” і крыху пазней папоўнілі яе сёлетнюю праграму. 

Дарэчы, Акадэмія музыкі арганізавала конкурс маладых кампазітараў “Нам гэты свет завешчана берагчы”, прысвечаны 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Удзельнікі ад 14 да 25 гадоў павінны даслаць ноты і запіс свайго твора працягласцю не менш за тры ці пяць хвілін, у залежнасці ад узроставай групы. Вынікі будуць падведзены 20 чэрвеня на гала-канцэрце пераможцаў. 

Праект новай камернай музыкі “Трамантана” (слова азначае разнавіднасць ветру) існуе з 2015 года. За шэсць мінулых канцэртаў, як паведаміў вядучы і адзін з арганізатараў праекта, кампазітар і музыказнаўца Вячаслаў Пяцько, прагучала 40 прэм’ер. Яшчэ шэсць (а дакладней, сем — разам з прымеркаваным да “Трамантаны” опусам Ігара Комара, прэзентаваным у сценах ВНУ) папоўнілі скарбонку праекта цяпер. Усе гэтыя творы — паслядоўныя, а часам імпульсіўныя крокі ў нязведанае, імкненне да экс- перыментаў з тэмбравымі фарбамі і іх спалучэннямі, з нязвыклымі выканальніцкімі прыёмамі, музычнымі формамі, тэхнікамі пісьма. 

Іван Андрухоў (фартэпіяна), Алеся Корнева (акардэон), Міхаіл Канстанцінаў (ударныя)

Іван Андрухоў (фартэпіяна), Алеся Корнева (акардэон), Міхаіл Канстанцінаў (ударныя)

Галіна Гарэлава ў прэм’ернай “Брэйгель-сюіце” для гітары сола звярнулася да жывапісу нідэрландскага мастака ХVI стагоддзя Пітэра Брэйгеля Старэйшага, перадаўшы ў музыцы саму атмасферу яго відарысаў, дзе ўсё адбываецца быццам у прыцемках. Павел Кухта настолькі вы- разна выканаў усе чатыры часткі, што гукі міжволі ператвараліся ў фарбы і замалёўкі, схіляючы да роздуму. Удала ўпісаліся ў праграму і гарэлаўскія “Два пано Анры Маціса”, прапанаваныя для канцэрта не аўтарам, а выканаўцам — віяланчэлістам Міхалам Радунскім, што дадаткова сведчыць пра запатрабаванасць у музыкантаў і публікі твораў Гарэлавай, музыка якой ужо стала жывой беларускай класікай. Музычны жывапіс суседнічаў з амузычанай літаратурай, уласцівай творам Вячаслава Пяцько. Яго “Плачка” для віяланчэлі і мульціперкусіі вяла да “Шляхціца Завальні” Яна Баршчэўскага, а п’еса “Падаюць сняжынкі” для незвычайнага інструментальнага спалучэння (флейта, віяланчэль, ударныя, акардэон, фартэпіяна) асацыявалася з аднайменным вершам Паўлюка Труса. 

Паэзія Яўгеніі Янішчыц стала асновай вакальнага цыклу “Іншыя, другія” Ігара Комара. Спявала Марыя Гладзікава, якраз на свой дзень нараджэння. 

Падчас канцэрта цікава было сачыць за тым, як нейкія новыя дэталі накладаліся ў творах на больш традцыйныя рысы і аздаблялі іх свежасцю. У другой частцы Фартэпіяннага трыа Уладзіміра Ільюшонка, які сёлета заканчвае Акадэмію музыкі, адчуваліся жанравыя элементы вальса, паланэза — як урыўкі ўспамінаў ці сноў. А ў Сюіце Аліны Безенсон “Зімовая казка” для дзвюх гітар відавочная песеннасць спалучалася з сапраўдным выццём завірухі — без аніякіх дадатковых прыстасаванняў. Трывалая прыкмета “Трамантаны” — багацце скарыстаных у творах ударных інструментаў. Бо Міхаіл Канстанцінаў, які на іх іграе, здаўна натхняе кампазітараў на ўсё новыя прыёмы мульціперкусіі. Хапала ў канцэрце і іншых гукавых нечаканасцей. Акардэон то дыхаў, то вішчаў, імітуючы парывы ветру — пяшчотнага ці рэзкага, колкага. Ігра не па клавішах, а па струнах раяля чаравала атмасферай таямнічасці. Броўнаўскі рух на гітары як мага лепей маляваў віхуру сняжынак. А беларускія цымбалы замянілі сабой... шаманскі бубен і па- ветраныя званочкі — у рапсодыі “Заклінанне (шаманскі рытуал)” Андрэя Цалко. 

Наступная “Трамантана” адбудзецца праз год. А ў першы дзень вясны Дзяржаўная акадэмічная капэла імя Р. Шырмы падорыць у сталічнай філармоніі грандыёзны “Вечар беларускіх прэм’ер”. 

Надзея БУНЦЭВІЧ 

Фота Уладзіміра ШЛАПАКА