Лес­ві­ца по­спе­ху і пад­трым­кі

Апублiкавана: 18 сакавiка 2024 Стужка Тэатры Мінск Інтэрв'ю з нагоды

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

Народная артыстка Беларусі, вядучая салістка і адначасова загадчыца опернай трупы нашага Вялікага тэатра, прафесар Настасся Масквіна — удзельніца ледзь не ўсіх урадавых і найбольш значных святочных канцэртаў, не кажучы пра шматлікія оперныя партыі, у якіх рэгулярна выходзіць на сцэну. Сёлета знаная спявачка была адзначана спецыяльнай прэмій Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва.

— Атрымаць такую ўзнагароду з рук Кіраўніка дзяржавы, — гаворыць Настасся Ігараўна, — гэта не проста значная падзея ў маім жыцці як грамадзяніна краіны і чалавека творчага. Гэта вялікі гонар і вялізная адказнасць. У Беларусі шмат таленавітых людзей, але ж не ўсім выпадае такая ўвага і прызнанне. Усё гэта дае сілы, штуршок для далейшага росту, сцвярджае, што ты робіш сапраўдны ўнёсак у адраджэнне нацыі, беларускай нацыянальнай культуры, і не дазваляе спыняцца ў абраным кірунку. Прэмію атрымала на Раство Хрыстова — адно з самых светлых святаў. Для мяне як для верніцы гэта знак зверху, што няспынны працэс творчасці мае добры вынік. 

У артыстаў — вельмі адказная дзяржаўная місія, не менш важная, чым у палітыкаў ці эканамістаў, кіраўнікоў вытворчасці, бо па развіцці культуры, якая з’яўляецца часткай суверэнітэту дзяржавы, мяркуюць і пра краіну ўвогуле, і пра ўзровень у ёй духоўнасці. Вельмі важна, які пасыл, якую ідэю нясе той ці іншы твор мастацтва, наколькі выканаўца патрыёт сваёй краіны: усё гэта перада- ецца слухачам — у тым ліку ў замежжы, дзе нашы артысты гастралююць і праз свае спектаклі, канцэрты даносяць беларускую нацыянальную ідэю ўсяму свету. Тое, як дзяржава падтрымлівае культуру і яе дзеячаў, можна прасачыць па маёй біяграфіі, бо я прайшла, калі можна так сказаць, усе прыступкі зацікаўленай дзяржаўнай увагі. Спачатку скончыла Універсітэт культуры як рэжысёр, потым — Акадэмію музыкі па класе сольных спеваў у заслужанай артысткі Беларусі, прафесара Людмілы Колас. Праз год мяне ўзялі ў тэатр. Яшчэ падчас вучобы я стала лаўрэатам Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. У 2008-м была ўзнагароджана медалём Францыска Скарыны. Праз тры гады стала заслужанай артысткай Беларусі, у 2016-м — народнай артысткай, праз год атрымала Дзяржаўную прэмію нашай краіны. Летась — удастоена Падзякі кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, а сёлета — спецыяльнай прэміі Прэзідэнта. Так што мой творчы шлях — яскравы прыклад таго, якой павагай і падтрымкай дзяржавы і народа карыстаюцца тыя ж музыканты. 

— Вы таксама падтрымліваеце моладзь: выкладаеце сольныя спевы ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, а галоўнае — нядаўна сталі загадчыцай опернай трупы тэатра. 

— Загадванне — іншы від творчай і адміністрацыйнай дзейнасці. Я магу і павінна выступаць на сцэне, але хацела б прыносіць тэатру карысць і на гэтай пасадзе, дзе ты адказваеш за ўсіх салістаў адразу. Я прыйшла да гэтага свядома, нават у 2020-м скончыла Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, бо любой прафесіі трэба вучыцца. Сольная кар’ера калісьці завершыцца: опера імкліва маладзее, у тэатр павінны прыходзіць новыя пакаленні артыстаў. І трэба перадаваць ім свае веды, вопыт. Чароўная кухня закулісся не проста вабіць і паглынае, а фарміруе стыль жыцця. Без гэтага немагчыма! Тэатр — камандная гульня.

З чымсьці не можаш справіцца сам — табе дапамогуць. І дух творчага спаборніцтва ніхто не адмяняў. Тэатр праводзіць кастынгі, мы шчыльна супрацоўнічаем з Акадэміяй музыкі, каб папаўняць трупу маладымі спецыялістамі. Я таксама ў гэтым удзельнічаю, прапаноўваю склад салістаў на той ці іншы оперны спектакль. Але канчатковае рашэнне прымае кіраўніцтва, бо загадчык трупы — сярэдняе звяно. Тэрмінова шукаю замену, калі хтосьці з артыстаў раптоўна захварэў: голас — субстанцыя надзвычай далікатная. І трэба быць не проста прафесіяналам, а яшчэ і чалавекам стрэсаўстойлівым. 

— Гастролі — таксама пэўны стрэс. Не толькі калі вы едзеце, але і калі для ўдзелу ў нейкім нашым спектаклі прыязджае замежная зорка. Ці не зацьмяваюць яны нашых артыстаў? 

— Наадварот, яны вельмі патрэбныя! Бо спрыяюць прафесійнаму росту трупы. Гэта і своеасаблівы конкурс, і майстар-клас, і абмен творчымі энергіямі. Калі ты кудысьці едзеш, дык штораз павінен нанова даказваць свае якасці, трымаць планку. Калі прыязджаюць да нас, ёсць магчымасць параўнаць, чамусьці навучыцца. Ды і для публікі ўзнікае дадатковая нагода наведаць спектакль — магчыма, ужо неаднаразова бачаны, заўважыць у ім нейкія новыя дэталі. 

— Акрамя опернага рэпертуару, вы ўсё часцей звяртаецеся да эстраднага. Не пашкодзіць голасу? 

— Вакаліст з добрай опернай падрыхтоўкай можа ўсё — гэткі “супермэн” з неабмежаванымі магчымасцямі. Да таго ж сёння ў музыцы распаўсюджаны красовер, дзе спалучаюцца розныя стылі і напрамкі, а ўдзел оперных салістаў у значных канцэртах прыцягвае новую публіку: пачуюць, зацікавяцца — прыйдуць у тэатр. Тая ж Настасся Малевіч (Малашкевіч) паўдзельнічала ў трэцім сезоне тэлешоу “Фактар.by” — і сталічная частка яе фан-клубу плаўна перамясцілася на оперныя спектаклі, дзе яна саліруе. Мы спяваем эстраду, набліжаную да класікі, і тым самым папулярызуем беларускую музыку і паэзію. Апошнім часам нашы артысты неаднаразова атрымлівалі гранты Прэзідэнта на рэалізацыю творчых праектаў, з якімі аб’ехалі ледзь не ўсю краіну. Гэта асветніцкая місія тэатра! “Беларускія прэм’еры”, што ахоплівалі рамансавую лірыку розных гадоў, рыхтаваў пазалетась Дзмітрый Шабеця. Летась уладальніцай гранта сталі Таццяна Траццяк і струнны квінтэт “Серэнада” з праграмай “Край прыгожых людзей”. Аднайменная песня Алены Атрашкевіч на словы Васіля Жуковіча разляцелася паўсюль! Сёлета грант атрымаў духавы ансамбль A.M.A.D.I.S. Brass, які ўзначальвае загадчык трупы аркестра нашага тэатра, трубач Дзмітрый Гарбачук. Калектыў ужо выступіў у Бярозе. Наперадзе ў музыкантаў іншыя канцэрты, у тым ліку ў рамках штогодняга праекта “Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў”. Распавядаю пра гэта яшчэ і таму, што на маёй пасадзе мне даводзілася больш глыбока ўнікаць у кожны з такіх праектаў. 

— Складана ўсё сумяшчаць? 

— Так. Але ж мне падабаецца, калі цяжка, бо такія моманты дапамагаюць адчуваць усю паўнату жыцця. Прыходзьце ў наш тэатр! 

Надзея БУНЦЭВІЧ 

Фота з архіва тэатра