Кан­цэн­тра­цыя сус­вет­на­га ў на­цы­яна­ль­ным

Апублiкавана: 03 сакавiка 2024 Арт-блог Тэатры Мінск

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

Штогодні Тыдзень беларускай драматургіі “Канцэнтрацыя” праходзіць з 25 лютага да 3 сакавіка. У праграме — пяць тэатралізаваных чытанняў, дзве лекцыі, круглы стол, майстар-клас, тры спектаклі, сярод якіх — дзве нядаўнія прэм’еры

Распачаўся Тыдзень, які ладзіцца Рэспубліканскім тэатрам беларускай драматургіі сумесна з Цэнтрам беларускай драматургіі, у Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа. У пачатку лютага тэатр і музей падпісалі Пагадненне аб супрацоўніцтве, і тэатралізаванае чытанне, што адкрывала “Канцэнтрацыю” і паўтаралася ў наступны дзень, стала першым плёнам той дамовы. Пагатоў чыталіся ўрыўкі паэмы “Сымон-музыка”, і некаторыя дэталі інтэр’еру вялікай гасцёўні дома, дзе жыў пісьменнік у апошнія гады, быццам перагукаліся з коласаўскімі старонкамі, напісанымі нашмат раней. І гэта не толькі жывапісныя відарысы з бярозкамі ці сялянскімі хацінкамі ўздоўж дарогі, развешаныя па сценах. Скульптура самотнай дзяўчыны — чым не Ганна? А пазалочаная постаць Арфея — бы сувязь Сымона з архетыпам творцы-музыканта, што аднолькава ўласцівы і беларускаму фальклору, і антычнай міфалогіі. Старадаўняя жырандоля пераносіла ў княжацкі палац, а каласкі ў глінянай вазе ля люстэрка станавіліся напамінам пра “мора жыта” — тое жытнёвае поле, праз якое Ганна бегла-ратавалася ад Дамяніка. 

Артысты пасля чытання ўрыўкаў з паэмы "Сымон-музыка"

Артысты пасля чытання ўрыўкаў з паэмы "Сымон-музыка" 

Вялізны тэкст, у арыгінале не прызначаны для тэатра, быў скарочаны настолькі філігранна, што ў ім не адчувалася ніякай фрагментарнасці: абраныя ўрыўкі склаліся ў завершаную інсцэніроўку, зробленую рэжысёрам Аленай Зміцер на аснове першай і трэцяй рэдакцый (другая была страчаная яшчэ пры жыцці Коласа). У адрозненне ад колішніх пастановак “Сымона-музыкі” (а ў свой час быў нават аднайменны пластычны спектакль, паказаны на сцэне ТЮГа ансамблем пантамімы “Рух” пад кіраўніцтвам Уладзіміра Колесава), тут узніклі новыя эмацыйнасэнсавыя адценні. Шасцёра артыстаў увасаблялі ўсіх персанажаў, пачынаючы з голасу аўтара (найчасцей — Дзмітрый Давідовіч), і чытанне прыцягвала яшчэ і адметнай тэмбравай разнастайнасцю. Вельмі дапамагала музыка, бо яна не толькі стварала неабходную атмасфернасць, але і скіроўвала ўвагу на найбольш значныя, пераломныя моманты. Артысты рэагавалі на тэкст, украпваючы ўласныя музычныя рэплікі. Юлія Лазоўская — на раялі, Дзяніс Аўхарэнка — на гітары, Алесь Ніканенка заўзята калаціў па там-таме, Ганна Лебедзева спявала, і амаль усе, уключаючы Ігара Сідорчыка, раз-пораз звярталіся да званочкаў, спеўнай чары, глюкафона. А Інга Шавялёва шчыравала за пультам, узбагачаючы гукавое марыва ледзь чутнымі запісамі, падабранымі рэжысёрам. Сольная скрыпка ўзнікла жыўцом толькі двойчы: вучань 2 класа Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Акадэміі музыкі Мірон Шарай граў апрацоўку беларускай народнай “Перапёлачкі”. І тыя, па сутнасці, устаўныя скрыпічныя нумары ўспрымаліся своеасаблівымі астраўкамі інтэрмедый пасярод шчыльных напластаванняў вершаванага тэксту, дзе часам скарыстоўваліся і прыёмы рэха, і дадатковыя шэпты-шоргаты. 

Першым сярод спектакляў Тыдня беларускай драматургіі дэманстраваўся “Вечар” — студзеньская прэм’ера тэатра. Дарэчы, яшчэ ў канцы мінулага сезона “Вечар” з’явіўся ў выглядзе тэатралізаванага чытання аднайменнай п’есы Аляксея Дударава, што была напісана ў пачатку 1980-х і багата ставілася ў нашых і расійскіх тэатрах. З таго часу п’еса стала нацыянальнай класікай, увайшла ў школьную праграму. Аднак варыянт чытання, які часцей скарыстоўваецца для знаёмства з новым драматургічным матэрыялам, аказаўся тут вельмі дарэчы, бо такая форма дазваляе не толькі пазнаёміцца, але і нанова ацаніць уласна літаратурную аснову. 

Сцэна са спектакля "Вечар"

Сцэна са спектакля "Вечар"

Жанравае азначэнне спектакля “Вечар” не меладрама, як пазначана ў драматурга, а... “размовы ля калодзежа”. Дык пра што тыя размовы — пра тое, як гіне вёска, дзе засталіся ўсяго трое старых? Наўрад ці актуальна, бо сёння і аграгарадкі будуюцца, і закінутыя хаты купляюцца гараджанамі, каб перабудаваць іх ці пад летнікі, дзе добра бавіць адпачынак, а то і пад новыя катэджы з усімі выгодамі. 

Між тым менавіта так заўжды пазіцыянаваўся цэнтральны стрыжань гэтай п’есы, таму і ставілі адпаведна — з дакладным захаваннем вясковай атмасферы, з мілымі сэрцу рысамі сялянскага побыту. Падкрэсліваліся і псіхалагічныя дэталі, яркія народныя характары. Але ж невыпадкова Дудараў зрабіў другую рэдакцыю п’есы, дзе не проста ўдасканаліў нейкія моманты, але і зняў некаторыя не надта важныя сёння прыкметы 1980-х. 

Цяперашняя прэм’ера пры ўсёй сваёй беларускасці, закладзенай у п’есе і цудоўна выяўленай у спектаклі, апелюе найперш да вечных чалавечых каштоўнасцей найперш этычнага парадку. “Вечар” узрастае да антычнай трагедыі. Толькі на першы план выходзіць не жудасны, няўмольны рок, а... лёс кожнага з герояў. І тое, як на гэты лёс уздзейнічае няўмольнае сумленне (так-так, яно быццам у ролі року!), бо на парозе смерці душа не можа хлусіць самой сабе. 

У сцэнаграфіі скарыстаны невялічкія плоскія “макеты”: тры хаткі, тры дрэвы, крыжы на могілках, калодзеж, плот, два стагі сена, конь. Спачатку тыя цацачныя фігуркі, што нагадваюць тэатр ценяў (а гэты прыём будзе скарыстаны ў фінале), знаходзяцца ззаду на ўзвышшы. Потым да іх дадаюцца яшчэ некаторыя, і па ходзе дзеяння героі пераносяць іх на доўгі, ледзь не праз усю сцэну, падвесны стол, што можа ператварацца ў лаву, ложак, калыску. Такі намёк на “гульню ў цацкі” становіцца яшчэ і спасылкай да недагулянага дзяцінства старых: Ганны (Таццяна Мархель ці, у іншым складзе, Ганна Анісенка), Гастрыта (Валянцін Салаўёў), Васіля (Ігар Сідорчык). 

Акрамя выдатнага акцёрскага трыа, у спектаклі з’явіліся такія не прадугледжаныя п’есай персанажы, як Галасы (Ганна Лебедзева, Надзея Цвяткова) і Вочы (Сцяпан Краўчук). Гэта канчаткова пераводзіць аповед на ўзровень філасофскіх абагульненняў, уласцівых сучасным прачытанням антычных твораў. Гучаць старадаўнія вясковыя песні. А праекцыя на заднік асобных дэталяў відовішча, пададзеных з розных ракурсаў, паглыбляе роздум, бо вымушае зірнуць на ўсё з прасторавай і часавай перспектыў — так, як мы ставімся да класікі, пачынаючы з антычнасці. 

Надзея БУНЦЭВІЧ 

Фота з архіва РТБД