Мінулае — на мове творчасці

Апублiкавана: 19 сакавiка 2024 Стужка Тэатры Мінск

Аўтар: Аўтары

Пры поўных залах прайшлі ў лютым паказы ваенна-патрыятычнага праекта “Лінія памяці. Код вайны”. Гледачамі канцэрта-спектакля сталі навучэнцы ўстаноў адукацыі з розных рэгіёнаў краіны. 

Прэм’ера праекта адбылася ў маі мінулага года і адразу выклікала цікавасць з боку падрастаючага пакалення. З таго часу пастаноўку прэзентавалі на розных пляцоўках з нязменным поспехам. Чарговы прагляд для моладзі быў арганізаваны ў спартыўна-культурным цэнтры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў у лютым. 

— Праект “Лінія памяці. Код вайны” рэалізуецца ў рамках гранта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Канцэрт быў падрыхтаваны пры актыўным удзеле студэнтаў нашага ўніверсітэта. Гэта мастацкае асэнсаванне інфармацыі, атрыманай у тым ліку пры расследаванні Генеральнай пракуратурай справы аб генацыдзе беларускага народа ў часы Вялікай Айчыннай вайны, — падкрэслівае рэктар БДУКІ Наталля Карчэўская. — Адзначу, што беларуская моладзь, на якую ў першую чаргу накіраваны праект, павінна ведаць і помніць трагічныя старонкі нашай гісторыі. Таму паказ спектакля для школьнікаў з розных гарадоў Беларусі з’яўляецца вельмі важнай справай. 

Акрамя студэнтаў Універсітэта культуры і мастацтваў — маладых харэографаў і акцёраў, — у спектаклі задзейнічаны дзіцяча-моладзевыя танцавальныя калектывы з Мінска, Рагачова, іншых гарадоў. Апавядальніка агучвала Заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Вера Палякова. 

Структурна спектакль складаецца з некалькіх тэматычных блокаў. Так, праз харэаграфічныя прыёмы артысты паказвалі пакуты дзяцей — вязняў канцэнтрацыйнага лагера “Чырвоны бераг”, адсылалі да цыкла “Лічбы на сэрцы” знакамітага мастака, героя Беларусі Міхаіла Савіцкага. Зразумела, што рэалізацыі такіх складаных вобразаў папярэднічаў доўгі і адказны этап падрыхтоўкі. 

На выставе Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь

На выставе Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь

— Мы заўсёды звярталіся да тэмы Вялікай Айчыннай вайны, таму мелі ў актыве некалькі якасных харэаграфічных нумароў. Вырашылі дапрацаваць ідэі, на што пайшло амаль чатыры месяцы. У выніку быў створаны цэльны спектакль, — распавядае гісторыю стварэння праекта яго аўтар і галоўны балетмайстар, старэйшы выкладчык кафедры харэаграфіі БДУКІ Вольга Наўроцкая. — У пастаноўцы мы паспрабавалі расказаць пра трагічныя падзеі мінулага на мове творчасці. Дарэчы, наш спектакль ідзе 45 хвілін, як звычайны ўрок у школе. І гэта зроблена не выпадкова, бо праект павінен стаць для маладога пакалення сапраўдным урокам памяці аб мінулым. 

У холе перад паказам працавала выстава Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага архіва і Дзяржаўнага архіва кінафотадакументаў. На вялікіх плакатах была размешчана падрабязная інфармацыя аб злачынствах нацыстаў супраць мірнага насельніцтва ў час нямецкай акупацыі Беларусі. 

— Аўтарам спектакля ўдалося перадаць жудаснасць палітыкі генацыду, паказаць, што вайна — гэта зло. З дапамогай мастацкіх прыёмаў была створана атмасфера страху, які ахапіў людзей у той час. У выніку я ўпэўніўся, што нельга дапусціць паўтарэння трагедыі, — падзяліўся ўражаннямі пасля канцэрта дзевяцікласнік сталічнай школы № 209 Яраслаў Фяськоў. 

І словы гэтага і іншых юных гледачоў пацвердзілі, што пасланне, якое імкнуліся данесці стваральнікі праекта “Лінія памяці. Код вайны” да маладога пакалення, знайшло сваіх адрасатаў. 

Данііл Піўкарэц 

Фота аўтара і з сайта БДУКІ