Драматургія не на Тыдзень

Апублiкавана: 18 сакавiка 2024 Арт-блог Тэатры Мінск

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

Штогадовы Тыдзень беларускай драматургіі “Канцэнтрацыя” завяршыўся 3 сакавіка ў РТБД. Чым сёлета ўразіў сумесны праект гэтай установы і Цэнтра беларускай драматургіі?

Праграма аказалася як ніколі насычанай, ды і працягвалася больш за тыдзень — восем дзён, змясціўшы звыш тузіна розных мерапрыемстваў. Сярод іх — і спектаклі, тэатралізаваныя чытанні, і лекцыі, творчыя сустрэчы, інтэрактывы. 

Класічны складнік быў прадстаўлены чытаннямі фрагментаў “Сымона-музыкі” ў сталічным музеі Якуба Коласа, прэм’ерным спектаклем “Вечар” (гл. “К” № 9), чытаннямі грузінскай п’есы “Я, бабуся, Іліко і Ларывон” у перакладзе Андрэя Макаёнка (гл. “К” № 3) і лекцыяй “Невядомая драматургія: аблічча беларускай класікі” ад супрацоўніцы ЦБД Яўгеніі Бачыла. Сёлета яна завяршае адукацыю ў Акадэміі мастацтваў як тэатразнаўца. Яўгенія — добра вядомы ў прафесійных колах малады тэатральны крытык, што багата друкуецца ў часопісе “Мастацтва”. У час лекцыі аналізаваліся п’есы (некаторыя з іх ніколі не ставіліся) “Жыццё сіраты” Яна Баршчэўскага, “На дарозе жыцця” Якуба Коласа, “Пакуль маладыя” Івана Мележа, “Залаты медаль” Івана Шамякіна, “Калыска чатырох чараўніц” Уладзіміра Караткевіча, “Апошні шанц” Васіля Быкава (твор можна разглядаць як аўтарскую інсцэніроўку аповесці “Сотнікаў”). Яўгенія звярталася і да прапісаных у гэтых п’есах песень — з улікам ролі вершаваных радкоў, некаторыя з якіх агучыла рэдактар ЦБД Вольга Кавалеўская. 

Ды ўсё ж асноўны акцэнт “Канцэнтрацыі” быў зроблены, зразумела, на сучаснай драматургіі, без развіцця якой тэатр рызыкуе таптацца на месцы. Кіраўнік ЦБД, тэатразнаўца і драматург Анастасія Васілевіч, вядомая як крытык і рэдактар аддзела таго ж часопіса “Мастацтва”, прачытала лекцыю “Сучасная драматургія: ключ да разгадкі”. Эксперт падкрэсліла не толькі асаблівасці, але і гістарычныя перадумовы гэтай з’явы, яе сувязі з новай драмай мяжы ХІХ—ХХ стагоддзяў і нават з тэатрам... Антычнасці, калі п’есы чыталіся самімі драматургамі. А ў айчыннай культуры — яшчэ і з фігурнымі вершамі Сімяона Полацкага. 

Круглы стол “Сакрэты сучаснага тэатра” на справе быў нязмушанай, поўнай шчырасці і гумару творчай сустрэчай з дзеячамі РТБД. Таямніцы раскрывалі заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь, уладальніца безлічы ўзнагарод за найлепшыя ролі Людміла Сідаркевіч, рэжысёр Алёна Зміцер, якая паставіла ўключаныя ў “Канцэнтрацыю” чытанні (“Сымон-музыка”, “Я, бабуся, Іліко і Ларывон”) і спектакль “Карней”, мастак Марына Алекна, рэквізітар Людміла Разумава, крытык Яўгенія Бачыла. Чым не імправізаваны дзявочнік і сведчанне таго, што творчыя прафесіі ўсё часцей атрымліваюць жаночы ўхіл? 

Высветлілася, што ў “Шлюбе з ветрам”, каб “віно” лілося з бутэлькі больш за тры хвіліны, пакуль працягваецца песня, вынайшлі спецыяльнае прыстасаванне, схаванае пад пінжаком героя. У спектаклі “Карней”, каб чамадан адкрываўся з нейкім гукам, выкарысталі пішчалку для сабак. Ды літаральна ў кожным сцэнічным творы маюцца свае маленькія і вялікія прыдумкі, што ніколі не паўтараюцца. Калі артысты іграюць у дублі, рэквізіт у іх можа адрознівацца: кожнаму — сваё. Яшчэ ён дапамагае акцёрам адчуваць сябе натуральна і не думаць, куды падзець рукі. 

На занятках “Майстэрня пісьма” заклікалі зафіксаваць у словах перажыванні, паток падсвядомасці. Удзельнікі спрабавалі стварыць фрагмент такога тэксту і абмеркаваць яго з калегамі. Дарэчы, падобная практыка можа быць карыснай не толькі для будучых драматургаў, але і для кожнага, бо дапамагае разабрацца ў думках і пачуццях. 

Паспрабаваць сябе ў ролі аўтара прапаноўвалі і паіншаму. Цягам Тыдня ў фае РТБД разгарнулася незвычайная выстава. На стэндах размяшчаліся занатаваныя фрагменты з драматургічных перлін беларускіх класікаў, і кожны, хто пажадае, мог уступіць у імправізаваны дыялог, выкарыстаўшы фламастар, каб дапісаць свой працяг. 

Адмысловымі майстаркласамі па новай беларускай драматургіі былі і спектаклі, пастаўленыя раней (“Камень дурасці”, “Карней”), і сцэнічныя чытанні твораў “Мароз” ды “Лондан”. 

“Мароз” Канстанціна Сцешыка (гэтаму беларускаму драматургу належыць і “Камень дурасці”), пазначаны ў аўтара проста як п’еса, падчас чытанняў атрымаў жанравую памету “лясны трылер”. Тэкст, што можа быць інтэрпрэтаваны і як чорны гумар, увасабляўся цалкам усур’ёз, з сапраўдным марозам па скуры. Напружанасці, уласцівай трылеру, дадавалі і прыцемкі, аж да глыбокай цемры, створанай не толькі на сцэне, але і ў зале, прычым яшчэ да пачатку паказу, — многія гледачы прабіраліся на месцы з дапамогай святла смартфонаў. Гурбы поліэтыленавай плёнкі (мастак — Марына Алекна) сімвалізавалі і снежныя заносы, і напаўпразрысты ледзяны куб, у якім апынуліся героі, калі іх машына заглухла ў начным зімовым лесе, і адчуванне нястачы паветра, што ўзнікае ў моманты страху ды адчаю. Вертыкальныя палосы былі і стваламі дрэў, і падцёкамі ці то чарноцця на нябачным шкле, ці то чорнай запечанай крыві ў душы. 

Экзістэнцыйная драма ператварылася ва ўсёабдымную трагедыю і ў роздум пра межы сяброўства, адданасці, апантанасці мэтай, якой трэба дасягнуць тут і цяпер, не зважаючы на змену абставін і інстынкт самазахавання. Згарэць ці зледзянець — выбар, што маюць героі. Ці ўсё ж выйсце ёсць?.. Гэтак жа на кантрасце эмоцый і гулкай, ледзяной разважлівасці працавалі артысты Арцём Курэнь, Уладзіслаў Віленчыц. 

“Лондан” раней і чытаўся, і ставіўся — у тым ліку ў Бабруйску, дзе раз на два гады ладзіцца Рэспубліканскі фестываль нацыянальнай драматургіі імя В. Дуніна-Марцінкевіча (чарговы адбудзецца ўвосень). У цяперашніх чытаннях адышла на другі план асветніцкая праблематыка, звязаная з асаблівасцямі працы сантэхніка. На першым плане аказаўся шлях героя (Дзмітрый Давідовіч) ад сарамлівасці, уласцівай нашаму менталітэту, да ўсведамлення любові да радзімы. 

Фінальны ж “Карней” скіраваў публіку да 80-годдзя вызвалення Беларусі і ў чарговы раз нагадаў, што патрыятычная тэма можа мець безліч адгалінаванняў. 

Надзея БУНЦЭВІЧ 

Фота з архіва РТБД