Бакі дамовіліся...

Апублiкавана: 23 сакавiка 2024 Стужка Афіцыйна Мінск Культурная дыпламатыя

Аўтар: Аўтары

Сустрэчы, форумы, выставы, візіты. Пачатак вясны багаты на падзеі, звязаныя з міжнароднымі стасункамі. З кім узмацняецца супрацоўніцтва і як дзейнічае культурная дыпламатыя — красамоўныя прыклады ў аглядзе “К”. 

Тон дыпламатычнаму месяцу задаў міністр культуры Рэспублікі Беларусь: ужо 4 сакавіка Анатолій Маркевіч правёў сустрэчу з сербскай актрысай тэатра і кіно, сцэнарыстам і рэжысёрам Іванай Жыган. Асноўнай тэмай абмеркавання быў творчы праект для студэнцкай моладзі. Што стане вынікам перамоў, неўзабаве ўбачым: праект плануецца запусціць у гэтым годзе. 

Плённай была сустрэча Анатолія Маркевіча і з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Кітайскай Народнай Рэспубліцы Аляксандрам Чарвяковым. У ходзе перагавораў 6 сакавіка бакі акрэслілі перспектывы далейшага ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва і выбудоўвання сяброўскіх адносін паміж Беларуссю і Кітаем, дамовіліся ўзмацняць абмены і ўзаемадзеянне ў галіне культуры, адукацыі, актывізаваць моладзевыя, грамадскія і міжрэгіянальныя сувязі, што паспрыяе развіццю дружалюбных стасункаў паміж народамі дзвюх краін. 

Насычаным цікавымі падзеямі быў візіт дэлегацыі Міністэрства культуры Беларусі на чале з Анатоліем Маркевічам у Маскву. Так, 16 сакавіка кіраўніцтва галіны наведала Расійскую дзяржаўную бібліятэку, азнаёмілася з найбольш каштоўнымі славянскімі кніжнымі помнікамі, якія захоўваюцца ў аддзеле рукапісаў РДБ, агледзела ўнікальныя інтэр’еры Дома Пашкова. Анатолію Маркевічу ўручылі чытацкі білет, які адкрывае доступ да мільёнаў выданняў з фондаў адной з найбуйнейшых кніжных скарбніц свету. Візіт беларускай дэлегацыі ў Расійскую дзяржаўную бібліятэку — працяг плённага супрацоўніцтва: наша краіна лідзіруе па колькасці дзейных віртуальных чытальных зал РДБ у сваіх бібліятэках, а ўстановы культуры рэспублікі — самыя актыўныя партнёры Расдзяржбібліятэкі. Сумесная работа вядзецца па шэрагу напрамкаў, у тым ліку ў сферы прафесійнага абмену вопытам, павышэння кваліфікацыі персаналу і захаванасці фондаў. 

Таксама наша дэлегацыя завітала на Міжнародную выставу-форум “Расія”, якая праходзіць на ВДНГ у Маскве з 4 лістапада да 8 ліпеня. На адной пляцоўцы сабраны найважнейшыя дасягненні вялікай краіны, прэзентаваны экспазіцыі 89 рэгіёнаў Расіі, розных федэральных ведамстваў, карпарацый і грамадскіх арганізацый. На працягу некалькіх месяцаў гасцей выставы чакаюць культурныя мерапрыемствы, насычаная дзелавая і адукацыйная праграма. Форум ужо наведала больш за 8 мільёнаў чалавек. 

Анатолій Маркевіч падрабязна азнаёміўся з экспазіцыямі Калмыкіі, Ніжняга Ноўгарада, Самары, прымераў чувашскі нацыянальны касцюм, паслухаў башкірскую народную музыку. На стэндзе Амурскай вобласці міністр паўдзельнічаў у віртуальным пуску ракеты з касмадрома “Усходні”. Пры аглядзе інтэрактыўных стэндаў кіраўнік нашай галіны заўважыў, што падобны фармат можна рэалізаваць у рамках фестывалю “Славянскі базар у Віцебску”. Анатолій Мечыслававіч высока ацаніў выставачныя павільёны, падкрэсліўшы, што яны дэманструюць дынамічнае развіццё Расіі і дазваляюць паказаць багатую культурную спадчыну кожнага рэгіёна. 

Падчас візіту ў Маскву Анатолій Маркевіч адзначыў, што Беларусь і Расія маюць шмат супольных планаў і праектаў у культурнай сферы. Гэта спрыяе абмену думкамі і напрацоўкамі. Па словах кіраўніка галіны, мы з расійскімі калегамі дзейнічаем у адным напрамку, які быў вызначаны на сумеснай калегіі двух міністэрстваў у 2022 годзе. 

— Важна, каб нашы маладыя людзі сябравалі, таму што сёння нашы старэйшыя пакаленні — сапраўдныя браты, мы заўсёды адчуваем падтрымку. А калі ідзе за намі моладзь — гэта выдатна. Значыць, мы працуем годна і з добрым вынікам. Праз культуру мы даносім, як любіць краіну, шанаваць людзей, берагчы мір. Гэта вельмі важныя паняцці, вельмі важныя сэнсы! — падкрэсліў міністр. 

А 20 сакавіка Анатолій Маркевіч правёў сустрэчу з расійскай дэлегацыяй на чале з Юрыем Петуховым, першым намеснікам губернатара Новасібірскай вобласці. Дарэчы, культурнае супрацоўніцтва з гэтым рэгіёнам актыўна развіваецца. У сіле больш за 15 пагадненняў, што адкрывае шырокія магчымасці для новых сумесных праектаў. Дасягнуты шэраг пагадненняў аб узаемадзеянні Вялікага тэатра Беларусі, Нацыянальнага мастацкага музея, Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры БДАМ з расійскімі калегамі. Дэлегацыі рэгулярна ўдзельнічаюць у культурных мерапрыемствах, якія ладзяцца кожным бокам. 

Што тычыцца цяперашняга візіту, то падчас сустрэчы ў міністэрстве абмяркоўвалася пытанне арганізацыі і правядзення Дзён культуры Новасібірскай вобласці ў Беларусі. 

— Мы цалкам падтрымліваем прапановы расійскага боку, каб наш народ мог адчуць каларыт Новасібірскай зямлі, азнаёміцца з традыцыямі, мінулым і сучаснасцю нашых народаў, — адзначыў Анатолій Маркевіч. 

У ходзе перагавораў было ўзнята і пытанне падрыхтоўкі Дзён культуры Беларусі. Таксама бакі дамовіліся ў канцы красавіка правесці ў Новасібірскай вобласці Дні беларускага кіно. 

Дарэчы, іх зладзяць і ў Азербайджане, дзе з 1 па 4 красавіка разгорнуцца Дні культуры Беларусі. Але гэта — ужо іншая гісторыя і новая старонка “Культурнай дыпламатыі”.