Як быць цікавым для ўсіх?

Апублiкавана: 24 сакавiка 2024 Стужка Тэатры Мінск Інтэрв'ю з нагоды

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

Сярод сёлетніх лаўрэатаў спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя М. Горкага. Пра здабыткі і планы калектыву распавёў мастацкі кіраўнік тэатра, заслужаны дзеяч мастацтваў нашай краіны, рэжысёр Сяргей Кавальчык.

— Высокая ўзнагарода, якой адзначаны наш тэатр, — гаворыць Сяргей Міхайлавіч, — сведчыць аб прызнанні работы трупы і ўсяго калектыву ў цэлым. Увесь мінулы год мы працягвалі назапашваць рэпертуар, і адбыўся пераход колькасці ў якасць. Добрая псіхалагічная, папраўдзе творчая атмасфера, што склалася ў калектыве, добра развітая адміністрацыйная частка, цікавыя пастаноўчыя ідэі рэжысёрскага корпусу, высокая культура цэхаў, што забяспечваюць вытворчасць і далейшы пракат спектакляў, адданая праца ўсіх і кожнага — усё гэта ў сукупнасці і дало вынік, пацвердзіла правільную стратэгію тэатра. Дадатковым доказам гэтага — шэраг іншых узнагарод, што папярэднічалі прэміі Прэзідэнта: перамога калектыву адразу ў трох намінацыях Нацыянальнай тэатральнай прэміі, прыз ХХI Міжнароднага тэатральнага форуму “Залаты віцязь” у Маскве за спектакль “Ідыёт”.

— Вы ставіце Дастаеўскага, узнімаеце заблытаныя, неадназначныя матывы чалавечай псіхалогіі — і маеце поўныя залы. У чым сакрэт? 

— Я ствараю дыяграмы наведванняў па кожным спектаклі, і гэта дапамагае мне як мастацкаму кіраўніку фарміраваць рэпертуар тэатра і яго афішу. Калі ў 2010-я мы часам ішлі за гледачом, прапаноўваючы яму замежныя камедыі, дык цяпер публіка ідзе за намі — за снежань, да прыкладу, запаўняльнасць залаў у нас склала 96,5 %. Так, 25 лютага — прэм’ера “Анфісы” Леаніда Андрэева ў пастаноўцы Валянціны Ераньковай, 5 красавіка — лермантаўскага “Маскарада” з рэжысурай Дэвіда Разумава. Да 9 мая я пастаўлю “Горкі хлеб”. Надалей — Марыя Матах увасобіць спектакль “Мелкий бес” паводле рамана Фёдара Салагуба. Глядач палюбіў аб’ёмную драматургію, складаную “поліфанічную” тэматыку. І адбылося гэта пасля “Графа Монтэ-Крыста”. Дырэктар тэатра Эдуард Герасімовіч заўсёды мне гаварыў, маўляў, патрэбны спектакль- цягнік, які прыцягнуў бы да сябе ўвагу і праз гэта зацікавіў публіку іншым рэпертуарам. Такім “цягніком” і стаў “…Монтэ-Крыста”. Ён сабраў усе сегменты публікі, сярод наведвальнікаў стала намнога больш моладзі. Гэта і ёсць наша стратэгія, калі хочаце, наш лозунг: павінна быць цікава для ўсіх. 

— А як прывабіць тую ж моладзь патрыятычнай тэмай? Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў усе творчыя калектывы будуць рыхтаваць прэм’еры. Ці хопіць на іх зацікаўленых гледачоў? 

— Раскажу пра будучы напаўдакументальны “Горкі хлеб”. У свой час я працаваў над тэлецыклам, прысвечаным жывым сведкам вайны і акупацыі Беларусі. Сцэнарыстам была прафесар кафедры рэжысуры кіно і тэлебачання нашай Акадэміі мастацтваў Галіна Злабенка. Яна сама знаходзіла сваіх герояў, часам выпадкова. Убачыла неяк у Гомелі старэнькую жанчыну, запыталася ў яе пра вайну, а тая як пачала расказваць! Высветлілася, што іх было тры сястры, і ў кожнай — свая гісторыя, звязаная з акупацыяй. З таго цыклу я абраў тры навелы: “Горкі хлеб”, “Дзеці вайны”, “І няма сіл цябе забыць...”. Яны цалкам розныя, ды звязаныя між сабой найперш тым, што ўсе гераіні — дзяўчыны, якія перажылі жудасныя душэўныя траўмы, але не згубілі веры ў жыццё і надзеі на будучыню. Ці ж гэта не цікава для моладзі, якая часам нейкую побытавую дробязь успрымае бы трагедыю ўсяго жыцця? Мастацтва вучыць параўноўваць. І яно не можа быць безнадзейным, у ім абавязкова павінен прысутнічаць жыццесцвярджальны пачатак, прывабны для людзей любога ўзросту. Веданне ж гісторыі, якую мы прыпадносім, у тым ліку праз мастацтва, фарміруе сучаснасць. Вось едзе хлопчык у метро, жуе чыпсы. І калі ён разумее, што перад ім не проста старая, а чалавек, які перажыў многія гістарычныя катаклізмы (а іх на любое пакаленне хапае), дык абавязкова саступіць месца. Вельмі многа залежыць і ад таго, хто і як працуе над патрыятычнымі творамі. Сапраўды, ёсць даты, якія нельга абмінуць, бо яны фарміруюць свядомасць, гістарычную памяць народа: гэта і юбілеі дзеячаў нацыянальнай культуры розных эпох, і, вядома, значныя палітычныя, гістарычныя падзеі. Але на такія тэмы ў мастацтве трэба ці не выказвацца ўвогуле, калі няма чаго сказаць, ці выказвацца добра. І тады гэта абавязкова кране душу і сэрца любога гледача. 

— Гомельскі абласны драматычны тэатр рыхтуе прэм’еру “Ляцяць жураўлі”, і вы з’яўляецеся мастацкім кіраўніком гэтага спектакля. 

— Тут асобная гісторыя. Я выкладаю рэжысуру ў Акадэміі мастацтваў, і летась, калі мае студэнты заканчвалі чацвёрты курс, патэлефанаваў ва ўсе рэгіянальныя тэатры, маўляў, якую тэматыку вы хацелі б, каб яе ўвасобілі маладыя рэжысёры? Большасць тэатраў спынялася на дзвюх тэмах: сучасная маладзёжная праблематыка і Вялікая Айчынная вайна. Гэтыя тэмы я і прапанаваў сваім выхаванцам. Яны перабралі безліч самай рознай літаратуры, і кожны падрыхтаваў па два праекты — адпаведна, на кожную з прапанаваных тэм. Я нават не чакаў, што студэнтаў так зачэпіць патрыётыка, бо яны не проста шукалі матэрыялы, а пражывалі кожны са знойдзеных сюжэтаў. На той іспыт, дзе паказваліся падрыхтаваныя ўрыўкі, я запрасіў, зноў-такі, кіраўніцтва рэгіянальных тэатраў, каб у дырэктараў і галоўных рэжысёраў была магчымасць на свае вочы ўбачыць і ацаніць перспектывы будучых спектакляў, паразмаўляць з іх патэнцыйнымі стваральнікамі і, калі трэба, адразу заключыць з імі дамовы. У выніку Марыя Гардзіенка ставіць у Гомелі згаданы вамі спектакль па п’есе Віктара Розава “Вечна жывыя”, якая напісана быццам сёння, настолькі яна актуальная. Прэм’ера адбудзецца 2 і 3 сакавіка. Пазней тая ж рэжысёр будзе працаваць у Магілёўскім абласным тэатры драмы і камедыі імя Дуніна-Марцінкевіча, што ў Бабруйску, над маладзёжным праектам. Але раней там яшчэ адна мая сёлетняя дыпломніца Вольга Барысавец паставіць спектакль “Нюрнберг. Лава падсудных” па аднайменнай дакументальнай драме Аляксандра Ігнашова з Самары. П’еса была напісана ў 2014-м, праз год перамагла на конкурсе “Час драмы”. Прэм’ера ў Бабруйску запланавана на 1 і 2 сакавіка. Увасабленне трох студэнцкіх праектаў з прапанаваных шасці — гэта выдатна! Прэзідэнт зараз заклікае ВНУ рыхтаваць тых спецыялістаў, якія запатрабаваныя, набліжаць навучанне да практыкі. І сёлетні выпуск маладых рэжысёраў — яркі паказальнік такога падыходу, скіраванага на практыку і запатрабаванасць. 

Надзея БУНЦЭВІЧ 

Фота Уладзіміра ШЛАПАКА