Як у метадычным цэнтры прайшла творчая прэзентацыя Магілёўскага раёна

Шаснаццатым па ліку і трэцім раёнам у 2024 годзе, хто прэзентаваў сваю творчасць у рамках абласнога фестывалю народнай творчасці “Беларусь родная, музычная, народная” стаў – Магілёўскі раён. Творчая прэзентацыя, з якой выступіў раён, прайшла 21 сакавіка ў Магілёўскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці і культурна-асветнай работы. У гэты дзень фестываль “Беларусь родная, музычная, народная” пазнаёміў магілёўскага гледача з яшчэ адным раёнам нашай вобласці, з яго ўнікальнай гістарычнай і культурнай спадчынай, дасягненнямі ў розных галінах, культурнымі і турыстычнымі брэндамі.

Традыцыйна творчыя прэзентацыі раёнаў праходзяць на некалькіх пляцоўках. Адна з такіх – фае Цэнтра – тут гасцей фестывалю сустракала выстава.

“Магілёўскі раён – гэта тэрыторыя магчымасцяў, тэрыторыя – для жыцця і менавіта такім мы прэзентуем сёння наш раён, – распавяла Гоманава Наталля Аляксандраўна, загадчык сектара культуры Магілёўскага райвыканкама. – На фестываль мы прывезлі больш за 350 удзельнікаў, гэта лепшыя калектывы, лепшыя нашы праекты, якія адлюстроўваюць багатую гісторыю і сённяшні дзень раёна”.

З першых нот пагружаў у атмасферу творчасці ўзорны аркестр народных інструментаў Вільчыцкага філіяла дзяржаўнай установы адукацыі “Магілёўская раённая дзіцячая школа мастацтваў імя Л.Л. Іванова”.

Першая экспазіцыя, якая знаёміла з раёнам была прысвечана героям 1812 года.

 “Усе ведаюць, што ў нашым раёне ёсць знакавае гістарычнае месца ў в. Салтанаўцы, дзе знаходзіцца мемарыяльная капліца ў гонар бітвы пад Салтанаўкай у 1812. Частка экспазіцыі, прысвечанай гэтай тэме, прывёз на прэзентацыю гісторыка-краязнаўчы музей Дашкаўскай сярэдняй школы”, – праводзіць экскурсію па выставе Наталля Аляксандраўна.

Свае работы на выставе прадставіў Цэнтр пазашкольнай работы ў выглядзе карцін у розных тэхніках, погляд чапляла і выстава размаляваных самавараў, на якіх былі адлюстраваны славутасці раёна.

Тут жа размясцілася і творчасць майстроў Магілёўскага раёна. Адразу прыцягнулі погляд драўляныя вырабы: гэта вазы, посуд, дошкі, разнастайныя сподкі. Вырабы з дрэва належаць майстру Кірылу Літвіненку. Па ягоных словах з дрэвам ён працуе ўжо каля года.

“Я працую з дрэвам, а менавіта займаюся такарнай апрацоўкай драўніны. Сам здабываю дрэва, апрацоўваю і ствараю розныя вырабы. Мне падабаецца, што можна працаваць з любым выглядам дрэва, – распавядае Кірыл. – Калі сам здабываеш дрэва – гэта адчыняе творчы шлях – можна рабіць любыя формы, працаваць з любымі аб’ёмамі”.

Па словах майстра, захапленне дрэвам перадалося ад дзядулі. Спачатку гэта было як хобі, якому надавалася некалькі гадзін у тыдзень, а пасля гэта ўсё перарасло ў больш сур’ёзнае рамяство, якому майстар надае, бывае па 12, а то і 14 гадзін за дзень.

“У планах у мяне адкрыць майстэрню і стварыць якія-небудзь навучальныя курсы, – дзеліцца Кірыл. – Працаваць з драўнінай пачынаюць многія людзі, але часта хутка кідаюць гэты занятак, бо ў іх нешта не атрымліваецца. Каб ім нешта зрабіць далей – ім трэба валодаць пэўнымі ведамі. Гэта можа стаць вельмі добрым захапленнем – медытатыўным працэсам. І для стварэння падобных вырабаў трэба ўсяго адзін станок і 2-3 разца. Але шмат хто не ведаю з чаго нават пачаць, таму і хочацца стварыць курс і навучыць, паказаць людзям, што гэтым можа займацца кожны”.

Адносна маладое хобі яшчэ ў аднаго майстра – Анастасіі Кажаненька, якая таксама год займаецца сваёй справай. А дадзеная выстава стала пятай выставай, дзе яна прэзентуе свае працы. Якія? Яна пляце вырабы з лазы. Але не са звыклай лазы, а са папяровай. Працы майстра не адрозніць ад сапраўдных вырабаў з лазы. У чым жа іх сакрэт?

“Для такіх вырабаў я выкарыстоўваю тонкую паперу, гэта важна, каб яна была тонкай, накручваю яе на тоненькую спіцу і атрымліваюцца тоненькія трубачкі. Пасля гэтыя трубачкі фарбуюцца ў марылку, сохнуць пару дзён і пакрываюцца лакам. Яшчэ праз некалькі дзён і з іх можна плесці розныя вырабы”, – дзеліцца Анастасія.

Па словах майстра на маленькі, напрыклад, плецены сподак сыходзіць гадзіны паўтары. А вось на самае вялікі выраб – майстар пляла кошык на замову вышынёй 90 см і ў дыяметры 40 см – у яе сышло 3000 трубачак і 4 дні.

“На такое захапленне мяне натхніў мой сын. А сам працэс займальны для мяне, занятак для душы, назаву гэта так”, – дзеліцца Анастасія.

Майстар-клас па абярэжнай ляльцы Параскевы Пятніцы паказвала майстар Ала Кірэй. У Магілёўскім раёне Параскева Пятніца лічыцца абаронцай жаночых сакрэтаў і сямейнага шчасця. Дзень Параскевы Пятніцы адзначаецца 10 лістапада ў аг. Палыкавічы. Па словах майстра, лялячка, якую яна стварае – засцерагае жанчын, з’яўляецца захавальніцай жаночага шчасця і дабрабыту.

Гэта не ўсё, што паказаў і прывёз да нас на творчую прэзентацыю Магілёўскі раён, на выставе таксама былі прадстаўлены: вязаныя цацкі з Вейна, вырабы са скуры з Буйнічы, работы Салтанаўскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната, выстава “Край, у якім я жыву”, прадстаўленая бібліятэкай і прысвечаная 100-годдзю раёна, карціны дзіцячай школы мастацтваў, пачастункі ад Вейнянскага і Сідаравіцкага сельсаветаў і іншае.

Другой пляцоўкай для творчай прэзентацыі стала канцэртная зала, дзе адбылася канцэртная праграма. Сваю творчасць дарылі вядомыя творчыя калектывы і салісты раёна: Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль народнай музыкі і песні “Світанак” раённага Цэнтра культуры; харэаграфічны ансамбль “Ірыскі” Вейнянскага філіяла, дзіцячы акадэмічны хор і ансамбль педагогаў Цішаўскага філіяла ДУА “Магілёўская раённая дзіцячая школа мастацтваў ім. Л.Л.Іванова”; народны вакальны ансамбль “Млечны шлях” філіяла “Вейнянскі Цэнтр культуры і вольнага часу”; народны ансамбль народнай песні “Славіца” раённага Цэнтра культуры і іншыя.

Канцэртная праграма апявала аб родным краі, зямлі на якой нарадзіліся і жывем. Лейтматывам усяго канцэрта, так бы мовіць сувязным звяном, стаў голас маленькай народжанай дзяўчынкі, якая марыла нарадзіцца на шчаслівай беларускай зямлі. У завяршэнні глядач пазнаёміўся з ёй і яе бацькамі на свае вочы.

Фестываль народнай творчасці “Беларусь родная, музычная, народная” прадоўжыць знаёміць магілёўскага гледача з багаццем нашага краю. Наступную творчую эстафету прыме Чэрыкаўскі раён, творчая прэзентацыя якога адбудзецца 4 красавіка. Чакаем вас, дарагія сябры на наступнай творчай прэзентацыі.

Крысціна БАШАРЫМАВА

вядучы рэдактар УК “Магілёўскі абласны метадычны цэнтр НТ і КАР”