Святочная палітра

У правы Культурнай сталіцы Беларусі афіцыйна ўступілі Бялынічы — маляўнічы куток Магілёўшчыны з багатай гісторыяй. Для райцэнтра гэты год стане асаблівым: ён будзе напоўнены шматлікімі фестывалямі, канцэртамі і выставачнымі праектамі. Безумоўна, першы дзень у пачэсным статусе горад правёў ярка і незабыўна. 

Сімвалічна, што ганаровае званне райцэнтр носіць у 80-ю гадавіну вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Жыхары Бялыніцкай зямлі памятаюць пра мужнасць ды адвагу продкаў, якія самааддана абаранялі родны край. Таму ўрачыстасці, прымеркаваныя да атрымання статусу Культурнай сталіцы, пачаліся ў парку “Ліпавы гай” з ускладання кветак да брацкай магілы воінаў, што загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. 

Адной са святочных лакацый стаў Мастацкі музей імя В. К. Бялыніцкага-Бірулі. Там адбылося гашэнне канверта з арыгінальнай маркай “Бялынічы — культурная сталіца Беларусі 2024 года”. Выява музея ўпрыгожыла паштовы знак, а на канверце размясцілі герб горада і замалёўку скульптурнай кампазіцыі “З’яўленне іконы”, усталяванай у цэнтры Бялынічаў. 

У музеі імя В. К. Бялыніцкага-Бірулі таксама ўрачыста адкрылася выстава з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея. Яна змяшчае шэдэўры народных мастакоў Беларусі: Заіра Азгура, Івана Ахрэмчыка, Леаніда Шчамялёва, Васіля Шаранговіча і іншых майстроў. Куратары адабралі найбольш характэрныя для эпохі і значныя для кожнага з аўтараў творы. 

На пляцоўцы перад раённым Цэнтрам культуры віравала свята “Сустрэча вясны”. Гледачам прапанавалі выставу вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Бадзёры настрой падтрымлівалі выступленні творчых калектываў Бялыніцкага раёна. 

У фае і малой зале Цэнтра культуры разгарнуліся тэматычныя экспазіцыі. Нацыянальная бібліятэка прэзентавала перасоўную выставу “Лясная песня”, прымеркаваную да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Праект расказвае пра жыццё і барацьбу партызан у гады Вялікай Айчыннай вайны, дае магчымасць дакрануцца да гісторыі праз лістоўкі, газеты, фотаздымкі ды іншыя дакументы таго часу. 

З навінкамі беларускага кнігавыдання пазнаёміла выстава, падрыхтаваная Магілёўскай абласной бібліятэкай імя У. І. Леніна, а студыя “Беларусьфільм” прысвяціла сваю пляцоўку нацыянальным каштоўнасцям у сучасным кінематографе. Акрамя таго, наведвальнікі маглі наталіцца творчасцю мясцовай мастачкі Ларысы Журавовіч, адкрыць для сябе ўзоры народных рамёстваў Магілёўшчыны. 

Кульмінацыяй святочнай праграмы быў маштабны канцэрт “Палітра культурнай сталіцы”. На сцэну Цэнтра культуры выйшлі артысты і калектывы з розных куткоў Беларусі. Гэты дзень аздобілі выступленнямі народны сімфанічны аркестр Магілёўскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў, народная артыстка Беларусі Настасся Масквіна, вакальны ансамбль “Чысты голас”, удзельнікі вакальных і харэаграфічных гуртоў Магілёўшчыны.