Спо­ведзь ля ба­лет­на­га стан­ка

Апублiкавана: 26 сакавiка 2024 Стужка Тэатры Мінск Інтэрв'ю з нагоды

Аўтар: Аўтары

У лютым 55-гадовы юбілей адзначыў Уладзімір Далгіх — заслужаны артыст Нацыянальнага акадэмічнага тэатра оперы і балета, выкладчык класічнага танца Дзіцячай харэаграфічнай школы мастацтваў № 1 г. Мінска. Пра шлях да прафесійнага поспеху, асаблівасці працы з дзецьмі і важнасць хвалявання перад выхадам на сцэну — у інтэрв’ю з юбілярам.

З ДВАРА — ДА СЦЭНЫ 

Уладзімір Вітальевіч нарадзіўся ў 1969-м у Гродне. Дзяцінства будучага артыста праходзіла даволі звычайна: вучоба ў пачатковай школе, гульні на вуліцы з сябрамі. Але калі хлопцу споўнілася 10 гадоў, адбылася падзея, якая вызначыла яго лёс. Чацвёртакласніка Валодзю запрасілі на ўступныя экзамены ў Беларускае харэаграфічнае вучылішча (цяпер Беларуская дзяржаўная харэаграфічная гімназія-каледж). 

— У той час педагогі з Мінска ездзілі па ўсёй Беларусі і ладзілі прагляды ў школах. Шукалі таленавітых і падыходзячых па агульных дадзеных хлопчыкаў і дзяўчынак, клікалі на іспыты ў вучылішча. Вось і я атрымаў такое запрашэнне, хаця да гэтага танцамі не займаўся. Мае бацькі вырашылі, што трэба ехаць у сталіцу і спрабаваць паступіць. Конкурс на класічнае аддзяленне быў высокім, але я паспяхова прайшоў тры этапы адбору і быў залічаны. 

У 1987-м Уладзімір атрымаў дыплом аб сканчэнні вучылішча і пасля двухгадовай тэрміновай службы ў савецкай арміі размеркаваўся ў тэатр оперы і балета Беларусі. 

ПА ПРЫСТУПКАХ ПРЫЗНАННЯ 

Як і большасць нядаўніх выпускнікоў, якія трапілі ў Вялікі, Уладзімір Далгіх пачаў кар’еру з кардэбалету — пачатковай ступені балетнай іерархіі. У хуткім часе ён атрымаў першую ролю — Прынца ў спектаклі “Шчаўкунок”. Потым выканаў шэраг вядучых і сольных партый, у тым ліку Зігфрыда ў “Лебядзіным возеры”, Дэзірэ ў “Спячай прыгажуні” і Рамэа ў “Рамэа і Джульеце”. На пытанне аб самай любімай ролі наш герой адказвае, што наўрад ці можа вылучыць нейкую адну. 

— Справа ў тым, што артысту балета нельга ставіцца да рэпетыцый, партнёраў і выхаду на сцэну фармальна. Таму ў любы вобраз укладаецца сур’ёзная праца, не толькі фізічная, але і душэўная. У выніку кожная партыя становіцца самай дарагой і любімай. Але, калі ўсё ж такі прыйдзецца назваць ролю, якая найбольш блізкая майму ўнутранаму складу, гэта, безумоўна, будзе граф Альберт у спектаклі “Жызэль”. 

Шырокае прызнанне прыйшло да артыста пасля выканання партыі князя Яраполка ў “Страсцях” (“Рагнеда”) Андрэя Мдывані. Балетмайстар-пастаноўшчык і аўтар лібрэта — знакаміты беларускі харэограф і балетны педагог, Народны артыст СССР Валянцін Елізар’еў. Спектакль прадстаўлялі нават на сцэне Вялікай залы UNESCO ў рамках фестывалю Benois de la Danse. Менавіта за гэтую ролю ў 1996-м Уладзімір Далгіх стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь у галіне мастацтваў. 

ЗВОНКУ І ЎНУТРЫ 

Кажучы аб эмоцыях, якія адчувае артыст падчас выхаду на сцэну, Уладзімір адзначае, што пэўнае хваляванне — гэта норма, якую трэба ўлічваць і з якой можна працаваць. 

Балет "Страсці" ("Рагнеда"). Яраполк — Уладзімір Далгіх, Рагнеда — Інэса Душкевіч

Балет "Страсці" ("Рагнеда"). Яраполк — Уладзімір Далгіх, Рагнеда — Інэса Душкевіч

— Варта памятаць, што артыст балета — жывы чалавек, якому трэба выйсці да публікі, пад святло сафітаў. Таму нервовасць напярэдадні выступлення — частая з’ява, асабліва пры выкананні сольных партый. Да таго ж калі не перажываць за справу, то наўрад ці атрымаецца перадаць і данесці патрэбныя пачуцці да гледача. Зразумела і тое, што ў артыста не павінна быць панічнага страху ці моцнай трывогі — на сцэне гэта замінае. Асабіста мяне хваляванне адпускала толькі тады, калі закрывалася заслона. І толькі калі я спускаўся ў грымёрку, нарэшце наступала заспакаенне, нават лёгкае спусташэнне. Але гэта звычайныя эмоцыі. 

ПЕРАДАЮЧЫ ЭСТАФЕТУ 

У 2009-м, пасля 20-гадовай працы на сцэне Вялікага тэатра оперы і балета, перад нашым героем паўстала пытанне аб сканчэнні прафесійнай кар’еры. 

— Век артыста балета нядоўгі. З цягам часу выконваць некаторыя ролі стала цяжка фізічна, таму рашэнне аб сыходзе з тэатра было ўсвядомленым і своечасовым. Трэба даць дарогу маладым. 

Пасля кароткага адпачынку Уладзімір Вітальевіч пачаў выкладаць у Дзіцячай харэаграфічнай школе мастацтваў № 1 г. Мінска, куды яго паклікала даўняя знаёмая, Народная артыстка Беларусі Кацярына Фадзеева. 

— Дырэктар школы Ірына Дарохіна ўгаварыла мяне прыняць прапанову, пра што я зусім не шкадую. У пэўны момант спатрэбілася адпаведная кваліфікацыя, таму ў 2018-м я паступіў на аддзяленне опернай падрыхтоўкі і харэаграфіі вакальна-харавога факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, якую скончыў праз чатыры гады з чырвоным дыпломам. 

ДА СПРАВЫ — З ЛЮБОЎЮ 

Уладзімір Вітальевіч ад- значае, што шлях да паспяховага выкладання харэаграфіі ідзе праз індывідуальны падыход да кожнага вучня. 

— У першы год працы ў школе было сапраўды цяжка. Паступова прыходзіла разуменне, што артыст і настаўнік — розныя рэчы. Але з гадамі назапашваўся досвед, у тым ліку дзякуючы вучобе ў Акадэміі музыкі. Складанасць заключаецца яшчэ і ў тым, што дзеці прыходзяць з розным узроўнем падрыхтоўкі. Спрабуеш стаць ім дарадчыкам і сябрам. Дзесьці пажартуеш, раскажаш цікавую гісторыю з прафесійнага жыцця. Калі бачыш, што гарэзяць, — спрабуеш быць больш строгім. З кожным імкнешся знайсці агульную мову. Большасць вучняў хочуць навучыцца новаму, палепшыць навыкі. З такімі дзецьмі прыемна працаваць, менавіта ў іх ёсць вялікі патэнцыял. 

Але галоўнымі складнікамі поспеху ў харэаграфічным мастацтве, на думку нашага героя, з’яўляюцца апантанасць сваёй справай і стараннасць. 

— Па-першае, чалавек павінен сапраўды любіць балет. І пастаянна працаваць над сабой. Не мае значэння, ёсць у цябе сёння настрой ці не, — усё роўна трэба кожны дзень станавіцца да станка. Толькі праз самаадданасць і руплівасць можна разлічваць на годны вынік, бо ў харэаграфіі, зрэшты, як і ў любым мастацтве, іншага шляху да поспеху няма. 

Данііл ПІЎКАРЭЦ 

Фота з архіваў устаноў культуры