Памяць у рухах, музыцы, страфе

Апублiкавана: 28 сакавiка 2024 Стужка Тэатры Мінск

Аўтар: ЮРКЕВІЧ Настасся

Паказы ваенна-патрыятычнага праекта “Лінія памяці. Код вайны” працягваюцца: 19 і 20 сакавіка канцэрт-спектакль прайшоў у спартыўна-культурным цэнтры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў для 1200 навучэнцаў школ і гімназій з Брэсцкай і Віцебскай абласцей.

Прэм’ера адбылася летась у красавіку, і з той пары спектакль паказалі больш за 10 разоў падлеткам з розных рэгіёнаў Беларусі. Праект быў рэалізаваны харэографам-пастаноўшчыкам Вольгай Наўроцкай за кошт гранта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у навуцы, адукацыі, ахове здароўя і культуры. У пастаноўцы ўдзельнічаюць студэнты кафедры харэаграфіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, выкладчыкі, аматарскія дзіцячыя калектывы. Сінтэзуючы асноўныя жанры эстрады — харэаграфічны, вакальны, інструментальны і тэатральны, — аўтары змаглі перадаць атмасферу жахаў таго жудаснага перыяду. 

— Важна, што пастаноўка зроблена не толькі рукамі рэжысёра, але і думкамі, эмоцыямі, пластыкай нашых дзяцей. Не толькі тых, якія прафесійна вучацца ва Універсітэце культуры, але і танцораў, што займаюцца творчасцю ва ўсіх кутках нашай краіны, — адзначыў намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка пасля прагляду. — Удзельнікі праекта распавялі праўду пра вайну, і ключавы пасыл гучыць так: не вайне! Юныя гледачы ўспрынялі дзеянне на сцэне эмацыянальна. Гэта яшчэ раз пацвярджае, што памяць аб той трагедыі будзе вечна жыць. Кожны трэці беларус — у памяці цяперашніх пакаленняў. Радуе, што гэты спектакль бачаць і мінчане, і маладыя людзі з усіх абласцей.

Рэктар Беларускага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Наталля Карчэўская падкрэсліла важнасць праекта: 

— “Лінія памяці. Код вайны” традыцыйна выклікае водгук на кожным паказе і ў дарослых, і, што самае важнае, у дзяцей. Пастаноўка нагадвае школьны ўрок — ідзе 45 хвілін і змяшчае важныя факты з гісторыі, якія дэманструюцца на экранах. Прычым з часу першых паказаў спектакля некаторыя лічбы змяніліся. Іх дадалі, калі была апублікаваная новая інфармацыя ад Генеральнай пракуратуры па слядах расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларусаў падчас Вялікай Айчыннай вайны. 

Як ішла праца над спектаклем распавяла старшы выкладчык кафедры харэаграфіі БДУКМ, харэограф-пастаноўшчык праекта Вольга Наўроцкая: 

— У пастаноўцы ўдзельнічаюць 74 чалавекі — студэнты кафедры харэаграфіі, выкладчыкі нашай ВНУ, найлепшыя аматарскія калектывы краіны — два з Мінска і калектыў з Рагачова. Артыстаў падбіралі па жанры, тэхніцы, у якой яны працуюць. І, вядома, стараліся ўзяць тых, хто можа справіцца з няпростай харэаграфіяй. Прычым так атрымалася, што дзеці з Рагачова выконвалі частку, звязаную з гісторыяй дзіцячага канцлагера ля вёскі Красны Бераг, які геаграфічна блізкі да іх горада. Дзякуючы падтрымцы Міністэрства культуры і Міністэрства адукацыі мы атрымалі магчымасць падзяліцца сваёй творчасцю з усімі абласцямі. Выдатна, што вучні, якія не маюць магчымасці самастойна выбрацца ў Мінск, арганізавана прыехалі і паглядзелі якасны спектакль, які садзейнічае патрыятычнаму выхаванню. Яшчэ два паказы запланаваны ў красавіку.

Крысціна Бугаева, СШ № 7 г. Баранавічы: 

— Спадабаўся пасыл гэтага мерапрыемства: беражліва захоўваць мінулае і распавядаць пра яго будучым пакаленням. Убачыла сваіх равеснікаў на сцэне і здзівілася: як яны справіліся з такой складанай задачай? Іх танец выклікаў у мяне і маіх сяброў слёзы на вачах. Больш за ўсё ўразіў эпізод “Красны Бераг”, дзе дзеці паўсталі ў вобразах донараў крыві.

Арсень Табашнікаў, гімназія № 2 г. Пінска: 

— Хачу звязаць сваё жыццё з Узброенымі Сіламі Рэспублікі Беларусь, а гэтая пастаноўка мяне натхніла і яшчэ раз пераканала ў правільнасці такога намеру. Танцоры перадалі праз пластыку тыя страшныя эмоцыі, якія адчувалі нашы продкі падчас Вялікай Айчыннай вайны. Такія спектаклі выхоўваюць у кожным з нас патрыятызм і нагадваюць, як важна шанаваць мірнае неба над галавой.

Аляксандра Панкратава, гімназія №5 г. Баранавічы: 

— Мяне ўразіў трагічны спектакль, які перадаў усе пакуты ваеннага часу. Цяпер нам цяжка ўявіць жахі, што перажылі беларусы падчас фашысцкай акупацыі, але вобразы з пастаноўкі “Лінія памяці. Код вайны” адклаліся ў маёй свядомасці. Варта рабіць такіх праектаў больш, каб паказаць і нагадаць сучаснаму пакаленню ўвесь боль таго ліхалецця.

Арцём Гром, СШ № 10 г. Пінска: 

— Вельмі зачапіў гэты пластычны спектакль. Адчувалася, што над ім працавалі сапраўдныя прафесіяналы. Нават калі ўзяць колераперадачу: спачатку было спакойнае цёплае святло, якое рэзка змянілася на чырвонае. Гэта прымусіла адчуць трывогу. Запомніўся маленькі хлопчык, які чытаў вершы. Яго радкі адклікаліся здзіўленнем і велізарным спачуваннем, бо ён распавядаў у тым ліку і пра падлеткаў, якія ў той час былі нашымі аднагодкамі і прынялі на сябе цяжкі ўдар гэтай катастрофы. На маю думку, гэтую пастаноўку павінен убачыць кожны: і дзіця, і дарослы.

Вадзім Барысевіч, педагог СШ № 10 г. Пінска: 

— Дзіўна, але менавіта сродкамі танца паказана трагедыя беларускага народа. Спектакль цяжка глядзець: асабліва моманты, дзе паказаны вобразы дзяцей з канцлагера “Красны Бераг”. Нават у мяне, дарослага мужчыны, настаўніка дапрызыўнай падрыхтоўкі, на вочы навярнуліся слёзы. Нашым падлеткам патрэбныя такія мерапрыемствы, бо яны распавядаюць пра новыя факты аб генацыдзе, тых жахлівых падзеях. І маладым людзям карысна гэта ведаць і памятаць, бо без мінулага няма будучыні.