Шэдэўры Рускага ў Нацыянальным мастацкім

Апублiкавана: 29 сакавiка 2024 Стужка Выяўленчае мастацтва Мінск

Аўтар: ГАЎРЫШ Віктар

Да Дня яднання народаў Беларусі і Расіі ў Нацыянальным мастацкім музеі адкрылася мабільная планшэтная выстава “Шэдэўры Рускага музея”.

Ва ўрачыстым мерапрыемстве паўдзельнічалі першы намеснік міністра культуры Беларусі Валерый Грамада і дырэктар Дзяржаўнага Рускага музея Ала Манілава. 

— Саюз Беларусі і Расіі — гэта ўнікальны інтэграцыйны праект. Час даказаў яго мэтазгоднасць і эфектыўнасць, у тым ліку ў сферы культуры, — адзначыў Валерый Грамада на цырымоніі адкрыцця выставы. 

Мабільная экспазіцыя ўключае 23 жывапісныя творы рускіх майстроў XIV—XX стагоддзяў. Гэта хрэстаматыйныя работы І. Вішнякова, Д. Лявіцкага, А. Кіпрэнскага, К. Брулова, А. Іванова, І. Айвазоўскага, І. Рэпіна, А. Куінджы, П. Філонава, К. Пятрова-Водкіна, А. Дэйнекі ды іншых. 

Пазнаёміцца са спадчынай, якая адлюстроўвае асноўныя этапы развіцця рускага выяўленчага мастацтва, дазваляе мультымедыягід у бясплатным мабільным дадатку дапоўненай рэальнасці Artefact. Пры навядзенні камеры смартфона на карціну наведвальнікі выставы атрымліваюць інфармацыю аб экспанаце ў выглядзе “кропак цікавасці”, аўдыягіда, анатацыі, галерэі малюнкаў. Гэта могуць быць падрыхтоўчыя эскізы або накіды мастака, фатаграфіі шэдэўраў у працэсе рэстаўрацыі. Праграма дапамагае карыстальнікам перамясціцца ў залы Рускага музея і ўбачыць рэальныя памеры работ. Адмыслова распрацаваны дызайн планшэтаў выставы падкрэслівае мастацкую выразнасць жывапісных палотнаў, не ствараючы эфекту рэпрадукцый. 

Дзяржаўны Рускі музей — першы ў Расіі і найбуйнейшы ў свеце дзяржаўны музей нацыянальнага выяўленчага мастацтва. Яго калекцыя налічвае больш за 440 тысяч адзінак захоўвання і ахоплівае больш за тысячу гадоў — ад перыяду дамангольскай Русі да актуальнага мастацтва XXI стагоддзя. 

Сёння прагуляцца па залах Рускага музея можна, не выходзячы з дому. Новыя тэхналогіі робяць даступнымі і скарбніцу расійскага мастацтва, і ўнікальныя музейныя веды, назапашаныя адмыслоўцамі з брацкай краіны.