На падмурку агульных каштоўнасцей

Апублiкавана: 01 красавiка 2024 Стужка Афіцыйна Мінск Дата

Аўтар: Аўтары

Неўзабаве, 2 красавіка, будзе адзначацца Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі. Гэтая дата сімвалізуе агульнасць гістарычных лёсаў, шматвяковае сяброўства і духоўнае братэрства беларусаў і расіян. У аснове трывалай сувязі, безумоўна, ляжыць блізкасць на культурным узроўні. 

Дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Дзмітрый Мезенцаў падкрэслівае, што Саюз Беларусі і Расіі — гэта пацвярджэнне шматвяковых традыцый славянскага братэрства, духоўнага адзінства, агульных падыходаў у разуменні подзвігу савецкага народа, што вызначыў перамогу над нацызмам цаной неверагодных страт і пакут, гераізму і бяспрыкладнай мужнасці. 

Немалаважныя ў беларуска-расійскіх адносінах культурныя сувязі. Штогод яны выходзяць на новы якасны ўзровень. Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Анатолій Маркевіч неаднойчы заўважаў, што падобнасць гістарычных лёсаў нашых народаў і цывілізацыйная блізкасць сталі трывалым падмуркам для непарыўнай сувязі, у аснове якой ляжаць духоўная роднасць і багатыя традыцыі. 

Выставачны праект "Саюзная дзяржава — адзінства праз культуру" ў Галерэі мастацтваў Зураба Цэрэтэлі Расійскай акадэміі мастацтваў

Выставачны праект "Саюзная дзяржава — адзінства праз культуру" ў Галерэі мастацтваў Зураба Цэрэтэлі Расійскай акадэміі мастацтваў

Стасункі між краінамі ўмацоўвае сумеснае захаванне памяці пра Перамогу. Так, у 2018-м пакладзены пачатак праекту Саюзнай дзяржавы па капітальным рамонце, рэстаўрацыі і музеефікацыі збудаванняў Брэсцкай крэпасці — унікальнай мясціны, якая патрабуе асаблівага клопату. Дарэчы, сёлета ў Музеі абароны Брэсцкай крэпасці ўжо дэманстравалася выстава з Расіі. Цэнтральны музей Вялікай Айчыннай вайны 1941—1945 гадоў прывозіў часовую экспазіцыю “Салют над Нявой”, прысвечаную 80-годдзю поўнага зняцця блакады Ленінграда. Важкі ўнёсак Саюзная дзяржава зрабіла ў стварэнне Ржэўскага мемарыяла Савецкаму салдату, які ў чэрвені 2020-га ўрачыста адкрылі Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін. 

— Мы не дазволім прыменшыць значэнне Вялікай Перамогі, сказіць праўду пра падзеі таго часу і рэабілітаваць нацызм, іначай трагедыя можа паўтарыцца. Беларусь і Расія, якія заплацілі мільёнамі жыццяў сваіх грамадзян за мір на зямлі, абсалютна адзіныя ў гэтым памкненні, — падкрэсліў тады Аляксандр Лукашэнка. 

Зазвычай расійскія творчыя дэлегацыі самыя вялікія і актыўныя на ўсіх фестывалях і конкурсах, што ладзяцца ў нашай рэспубліцы. Беларускія ж калектывы не менш заўзята і плённа ўдзельнічаюць у праектах на тэрыторыі суседняй дзяржавы. Актыўна абменьваюцца вопытам работнікі бібліятэчнай галіны. Дыялогу спрыяюць міжнародныя чытанні, навуковыя канферэнцыі, круглыя сталы, сумесныя праекты. 

Традыцыйна з вялікім поспехам праходзяць абменныя і супольныя экспазіцыі з фондаў вядучых мастацкіх, гістарычных і літаратурных музеяў. Айчынныя ўстановы падпісалі пагадненні аб супрацоўніцтве з Рускім музеем, Дзяржаўным Эрмітажам, Музеем Перамогі, Усерасійскім музеем А. С. Пушкіна і дзясяткамі іншых скарбніц суседняй краіны. 

Летась адбыўся І Беларускарасійскі музейны форум. Падзея сабрала кіраўнікоў і спецыялістаў вядучых устаноў абедзвюх дзяржаў. Пляцоўка дала магчымасць абмяняцца досведам, абмеркаваць дасягненні і наладзіць новыя кантакты. 

Зараз беларускім гледачам даступны шэраг экспазіцый, падрыхтаваных адмыслоўцамі дзвюх краін. У Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў праходзіць выставачны праект “Сто ўсмешак Гагарына. Усмешка для Свету”, рэалізаваны разам з Аб’яднаным мемарыяльным музеем-запаведнікам Ю. А. Гагарына. А ў замкавым комплексе “Мір” разгарнулася часовая экспазіцыя “Вялікая княгіня Вольга Аляксандраўна. Жыццё як на палатне” з гісторыка-культурнага цэнтра “Палацавы комплекс Альдэнбургскіх” Варонежскай вобласці. 

Кінематаграфісты дзяржавы-суседкі даўно з’яўляюцца стратэгічнымі партнёрамі беларусаў у вытворчасці фільмаў і тэлесерыялаў. Да таго ж навінкі расійскага кіно шырока прадстаўлены не толькі ў айчынным пракаце, але і ў праграмах міжнародных фестываляў “Лістапад” і “Анімаёўка”. 

Адным з галоўных арыенціраў у агульным культурным развіцці лічыцца падтрымка маладых талентаў. Добрай традыцыяй стаў фестываль “Творчасць юных”, на якім свае здольнасці дэманструе новае пакаленне Саюзнай дзяржавы. Летась ён упершыню адбыўся ў Музеі Перамогі. Форум сабраў больш за 200 чалавек — удзельнікаў мастацкіх калектываў і салістаў ад 7 да 18 гадоў. 

Яркім прыкладам пабудовы адзінай творчай прасторы можна назваць Беларуска-расійскі маладзёжны сімфанічны аркестр. У яго складзе — 60 студэнтаў музычных ВНУ Расіі і 30 студэнтаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, якія прайшлі конкурснае праслухоўванне. У розныя гады з унікальным аркестрам працавалі вопытныя дырыжоры з абедзвюх краін. Цяпер за справу ўзяўся маэстра сусветнага класа Юрый Башмет. Пад яго кіраўніцтвам калектыў паспяхова выступіў у Малым тэатры Расіі, Белдзяржфілармоніі ў лістападзе мінулага года. 

Агульныя духоўныя каштоўнасці, блізкасць традыцый і гісторыі дапамагаюць суседнім народам развіваць узаемавыгаднае супрацоўніцтва. Без сумненняў, у будучыні атрымаецца яшчэ больш эфектыўна выкарыстаць супольны патэнцыял і адкрыць новыя магчымасці інтэграцыі. Культурная дыпламатыя ў тым — выдатны памочнік.