Зямля таленавітых людзей

Сёлетняя культурная сталіца Беларусі — гарадок невялікі. У Бялынічах жывуць каля 10 тысяч чалавек. Але райцэнтр можа пахваліцца важкімі набыткамі. “К” даведалася пра спадчыну і сучаснае творчае жыццё гэтага краю. 

ЛЕТАПІС ПАЧАЎСЯ З ЦУДАЎ 

У цэнтры ўтульнага населенага пункта размясцілася Манастырская плошча. Некалі на гэтым лапіку зямлі стаяў грандыёзны будынак манастыра, што быў апірышчам духоўнага жыцця рэгіёна. Сёння на плошчы красуецца памятны знак у гонар цудатворнага абраза Бялыніцкай Божай Маці, вядомага з першай паловы XVII стагоддзя. Гэта адна з хрысціянскіх святыняў Беларусі, што шануецца як праваслаўнымі, так і каталікамі. Гранітны анёл, крылы якога стылізаваныя пад беларускую выцінанку, трымае славутую бронзавую ікону. І няхай падчас Вялікай Айчыннай вайны каштоўнасць знікла, вернікі не забыліся пра цудатворную ікону. Абраз Бялыніцкай Божай Маці — гонар гэтай зямлі. Яго выява размешчана на гербах Магілёўскай вобласці і Бялынічаў, а копія святыні сёння знаходзіцца ў мясцовым храме. 

Як сведчаць паданні, менавіта з гэтым абразом звязана і назва населенага пункта. Манахі Кіева-Пячэрскай лаўры падчас татарскага нападу выправіліся з візантыйскай іконай Багародзіцы шукаць новае месца для манастыра. Спыніліся адпачыць уначы, а пакуль яны спалі, аблічча Божай Маці на абразе пачало зіхацець. Цудоўнае здарэнне вандроўнікі палічылі знакам: на гэтым пагорку на беразе Друці мусіць быць месца малітвы. Там і ўзнікла першая царква прарока Ільі. А “белыя ночы” ад дзіўнага святла, якое выпраменьвала ікона ўначы, далі назву новаму селішчу. Пра падзеі даўніх часоў нагадвае і ўзведзеная нядаўна капліца на той самай Ільінскай гары. Адсюль пачынаецца гісторыя горада. 

СЦЕЖКІ Ў ВЯЛІКІ СВЕТ 

Бялыніцкая зямля падарыла нашай краіне нямала выдатных творцаў. Там гадаваліся славутыя акцёры-купалаўцы Генадзь Аўсяннікаў і Уладзімір Рагаўцоў, літаратары Янка Шарахоўскі, Ігар Шклярэўскі, Рыгор Яўсееў і Вячаслаў Казакевіч, мастакі Віктар Альшэўскі і Ларыса Журавовіч. 

Самы ж вядомы ўраджэнец гэтай старонкі стаў адным з найвядомейшых пейзажыстаў свайго часу і спазнаў міжнароднае прызнанне. У сядзібе Крынкі ля Бялыніч у 1872 годзе з’явіўся на свет Вітольд Бялыніцкі-Біруля. Там, на ўзбярэжжы Друці, ён зрабіў першыя малюнкі. У гэтых ваколіцах хадзіў на прагулкі-пленэры з першымі фарбамі, што падарыла маці. І хоць пазней Вітольд Каэтанавіч шмат дзесяцігоддзяў правёў удалечыні ад роднага кута, ніколі не забываўся пра беларускія лясы, рэкі, азёры, бясконца блізкія яго сэрцу. 

На жаль, дом, дзе прабегла маленства творцы, не захаваўся. Аднак на радзіме ганарацца славутым земляком, зберагаюць памяць пра яго. З 1970-га ў райцэнтры працуе музей імя В.К. Бялыніцкага-Бірулі. Некалькі гадоў таму да Дня беларускага пісьменства ён займеў новы будынак, пашырыўшы плошчы амаль у два разы, і стаў філіялам Магілёўскага абласнога мастацкага музея імя П.В. Масленікава. 

Абноўленая ўстанова без перабольшвання адпавядае самым высокім стандартам, яна стала сапраўдным асветніцкім цэнтрам для дзяцей і дарослых. Высакакласнае абсталяванне, сучасныя тэхналогіі, безбар’ернае асяроддзе — гэты музей мае ўсё, каб зберагаць шэдэўры і рабіць мастацтва даступным для ўсіх ахвотных. 

Перлінай калекцыі па праве лічацца арыгінальныя работы Вітольда Бялыніцкага-Бірулі. Усяго ў зборах налічваецца 27 палотнаў, якія некалі перадала жонка майстра. Наведвальнікі могуць атрымаць асалоду ад прагляду работ 1920—1940-х. Сярод іх прадстаўлены лірычныя пейзажы, створаныя на дачы “Чайка” ў Цвярской вобласці і ў іншых маляўнічых мясцінах. 

Акрамя таго, у музеі працуюць залы па гісторыі краю і духоўнай спадчыне. Асабліва каштоўным экспанатам з’яўляецца фрэска “Узыходжанне на Галгофу”. Гэта ўнікальны помнік манументальнага жывапісу XVIII стагоддзя. Некалі роспіс упрыгожваў сцены Бялыніцкага кляштара кармелітаў, які не захаваўся да нашых дзён. 

ЦЭНТР АСВЕТЫ І ВЫХАВАННЯ 

Нямала для зберажэння гістарычнай памяці робяць супрацоўнікі Бялыніцкай цэнтралізаванай бібліятэчнай сеткі. Адзін з важных кірункаў іх дзейнасці — краязнаўства. Адмыслоўцы рупна шукаюць, захоўваюць і распаўсюджваюць каштоўную інфармацыю пра мінуўшчыну, матэрыяльную і нематэрыяльнай спадчыну, прыроду, працавітых людзей Прыдруцкага краю. 

Прыкладам, нядаўна на сайце ўстановы з’явілася фактаграфічная краязнаўчая база даных “Ганаровы грамадзянін Бялыніцкага раёна”. Яна прысвечана людзям, якія абаранялі і вызвалялі гэтую зямлю ў гады Вялікай Айчыннай вайны, праявілі гераізм у мірны час, дасягнулі значных поспехаў у розных сферах. Данінай памяці і знакам удзячнасці продкам стала фактаграфічная база “Электронная кніга памяці Бялыніцкага раёна”. У ёй увекавечаны імёны больш за 7 тысяч чалавек — воінаў Чырвонай арміі, партызан і падпольшчыкаў, мірных жыхароў, што сталі ахвярамі генацыду падчас вайны. А ў віртуальным “Музеі бабуліных слоў” сабраныя легенды і паданні, трапныя выслоўі, параўнанні, песенны фальклор. Так бібліятэкары выказалі сваю пашану роднай беларускай мове, якая працягвае жыць у штодзённай гутарцы, у цудоўных народных творах, што перайшлі да нас ад бабуль і дзядуль. І гэта толькі маленькая частка плёну, здабытага бялыніцкімі бібліятэкарамі. 

Зрэшты, не на адной мінуўшчыне яны сканцэнтравалі высілкі. Спецыялісты імкнуцца далучыць да кнігі як мага большую аўдыторыю, таму з 2016 года ва ўстанове дзейнічае праект “Бібліятэка без меж”, накіраваны на сацыяльную адаптацыю і рэабілітацыю людзей з інваліднасцю. Летась пачаўся яшчэ адзін значны праект — для асоб сталага веку. “Пажылыя людзі ў свеце новых магчымасцей” маюць на мэце навучыць камп’ютарнай пісьменнасці і сфарміраваць навыкі працы з камп’ютарам і смартфонам. 

Як бачыце, сядзець склаўшы рукі бялыніцкія культработнікі не прызвычаіліся. Не дзіва, што не раз прывозілі яны на радзіму ўзнагароды рэспубліканскіх конкурсаў “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры” і “Бібліятэка — цэнтр духоўнай асветы і выхавання”. Амбітныя задумы мае ўстанова і на гэты знакавы год. Запланаваныя духоўна-асветніцкі праект “Разам з кнігай па дарозе да храма”, кінаакцыя “Творы беларускіх пісьменнікаў у кінематографе”, цыкл творчых сустрэч з гісторыкамі, краязнаўцамі і пісьменнікамі. 

У СВЯТЛЕ САФІТАЎ 

Выступленні на конкурсах — выдатны шанц заявіць пра сябе і атрымаць стымул для далейшага развіцця. Вось чаму ў бялыніцкіх самародкаў ёсць добрая завядзёнка спаборнічаць у сцэнічным майстэрстве. Каб кожны мог паказаць свой патэнцыял, у раёне ладзяцца фестываль аматарскай творчасці “Палітра Бялыніцкага краю”, конкурс дзіцячай і юнацкай творчасці “Крынічкі”, агляд-конкурс творчых калектываў і выканаўцаў сярод арганізацый і прадпрыемстваў “Таленты сярод вас”. 

Сапраўдным брэндам стаў штогадовы фестываль “Бялыніцкая тэатральная восень”. Удзельнічаюць у ім аматарскія драматычныя калектывы з сельскіх населеных пунктаў. У самадзейных трупах — артысты рознага ўзросту: ад школьнікаў да пенсіянераў. Усіх яднае любоў да сцэны, жаданне дасягнуць выканальніцкага майстэрства. 

Увогуле ж падаецца, што нідзе так не любяць тэатральнае мастацтва, як на Бялыніцкай зямлі. У гэтым краі ёсць не толькі адмысловы фэст, але і некалькі вядомых аматарскіх труп. З 1968 года працуе Бялыніцкі народны тэатр юнага гледача. Яго рэпертуар уключае творы беларускай і замежнай класікі, п’есы мясцовых аўтараў. За гады існавання калектыў назбіраў мноства ўзнагарод абласных і рэспубліканскіх конкурсаў. Трупа шмат выступае як на раённай сцэне, так і ў сельскіх клубных установах. Нярэдка выязджаюць артысты ў маланаселеныя і аддаленыя вёскі. 

Народны тэатр мініяцюр “Імпульс” радуе публіку сваім разнапланавым рэпертуарам: гумарэскамі, інтэрмедыямі, маналогамі, музычнымі нумарамі. Удзельнікі гэтага аб’яднання — чаканыя госці калядных імпрэз, масленічных гулянняў ды іншых народных свят. Усяго ж у раёне дзевяць калектываў маюць найменне “народны”, тры — “узорны”. 

ПЕСНІ ДЫ ПАЧАСТУНКІ 

Бялыніцкі раён мае багатую спадчыну, якая фарміравалася стагоддзямі і перадавалася з пакалення ў пакаленне. Як тлумачыць загадчык сектара культуры райвыканкама Іна Віннікава, для работнікаў галіны надзвычай важна захаваць і папулярызаваць гэты скарб. З такой мэтай традыцыйна ладзяцца брэндавыя мерапрыемствы. 

“Кожны ручнік — гэта часцінка гісторыі нашай зямлі і неацэнны скарб”, — лічаць у Ланькоўскім сельскім Цэнтры культуры і вольнага часу. Каб зберагчы народную культуру, у аграгарадку ладзяць фестываль “Ільняныя крылы — ручнікі”. На свяце з паэтычнай назвай можна ўбачыць вырабы розных часоў. Некаторым тканінам больш за 200 гадоў. Побач з рарытэтамі прэзентуюць і сучасныя работы, створаныя мясцовымі майстрыхамі паводле даўніх узораў. А яшчэ ўсім ахвочым тут раскажуць пра функцыі ручніка. Летась, напрыклад, паказвалі рэканструкцыю вясельнага абраду, які колісь немагчыма было ўявіць без бялюткага палатна з арнаментам. 

Нямала гасцей збірае свята “Грай і спявай, гармонік любы!” у Алешкавічах. Застрэльшчык імпрэзы — мясцовая зорка Пётр Кудравец. Любоў да творчасці яшчэ ў дзяцінстве яму прывілі бацькі. Не дзіва, што выхадзец са спеўнай сям’і жыццё прысвяціў культуры і стаў вядомы як музыка-віртуоз ва ўсіх ваколіцах і нават за сотні кіламетраў ад сваёй вёскі: Пётр Фёдаравіч не раз прывозіў узнагароды з міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў ды фэстаў. Перадаць захапленне гармонікам ён імкнецца і гасцям Алешкавічаў. 

Як сапраўдныя гаспадары, жыхары Бялыніцкай зямлі шчодрыя на пачастункі. У календары брэндавых падзей ёсць гастранамічныя фэсты “Бліны з навіны” ды “Спадарыня Капуста”. На апошнім, да прыкладу, ахвотныя дэгустуюць усялякія стравы і галасуюць за самыя смачныя галубцы, самы духмяны пірог і самую хрумсткую капустку. А сёлета ў Бялыніцкі раён з’едуцца яшчэ і кулінары іншых раёнаў Магілёўшчыны: на смакоцце запрашае рэгіянальны фестываль “Традыцыйная кухня Падняпроўя”. 

Яшчэ мясцовыя жыхары ганарацца напоямі па эксклюзіўных рэцэптах. Кажуць, сакрэтаў прыгатавання бярозавіку ў тамтэйшых гаспадынь безліч. Столькі ж варыянтаў, колькі і падворкаў на вёсцы. Які найлепшы — на парэчкавых галінках, на лімонах ці апельсінах, — можаце абраць самі, калі наведаеце брэндавы фэст “Жывая крыніца Цяхцінскіх бяроз”. 

Бруіцца ў Бялыніцкім краі творчае жыццё. Культурныя паслугі жыхарам аказваюць раённы цэнтр культуры, бібліятэка, дзіцячая школа мастацтваў, сетка сельскіх устаноў. А ў маланаселеныя і аддаленыя пункты завітваюць аўтаклуб, бібліобус і кінавідэаперадзвіжка. Словам, умоў для якаснага адпачынку і развіцця здольнасцей дастаткова. Ёсць чым уразіць і гасцей з іншых куткоў Беларусі ці нават замежжа. Напрыклад, штогод ладзяцца сумесныя праекты з расійскім горадам-пабрацімам Рыльскам. 

Безумоўна, гэты год для Бялынічаў асаблівы. Яшчэ больш яркай будзе афіша канцэртаў, тэатралізаваных свят і абрадаў, выстаў. Мясцовыя творцы шчыра ўсцешаныя ўдзячнаму гледачу. З адкрытым сэрцам яны чакаюць суайчыннікаў у сваім горадзе: “Шчыра запрашаем!” 

Данііл ШЭЙКА