Рухальная сіла таленту

Лаўрэат першай ступені XII Рэспубліканскага творчага радыёконкурсу “Маладыя таленты Беларусі” Анастасія Пачынчык залічана ў банк таленавітай моладзі Рэспублікі Беларусь пасля ўручэння спецыяльнай прэміі Прэзідэнта. У 21 год яна студэнтка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, ужо тры гады працуе педагогам дадатковай адукацыі ў СШ № 28 імя У.Д. Сакалоўскага г. Гродна. Як выгадаваць творцу ў сценах звычайнай школы і чым клас лепшы за сцэну, распавяла наша гераіня.

— Раскажыце пра этапы станаўлення вас як творчай асобы. 

— Мой шлях пачаўся з дзіцячага садка, калі да нас прыйшлі настаўнікі са школы з музычным ухілам, каб выбраць таленты — будучых першакласнікаў. І я трапіла ў іх лік. Затым паступіла ў Гродзенскую дзіцячую школу мастацтваў імя Антонія Тызенгаўза, дзе скончыла эстраднае аддзяленне і завяршыла навучанне дзяржаўным іспытам у форме сольнага канцэрта пад назвай “Задача X”, які паспяхова здала на 10. Наступнай прыступкай стаў Гродзенскі дзяржаўны каледж мастацтваў, дзе я атрымала дыплом аб сярэдняй спецыяльнай адукацыі (“мастацтва эстрады спеваў”). Гэты этап падарыў мне найлепшых педагогаў, прафесійныя веды, вялікую колькасць выступленняў на сцэнах гарадскога і абласнога маштабу, знаёмства з выдатнымі артыстамі. Я вырашыла працягнуць адукацыю і цяпер з’яўляюся студэнткай завочнай формы навучання БДУКІМ (“музычнае мастацтва эстрады, эстрадна-джазавы вакал”). 

— Кожнаму маладому таленту патрэбны вопытны настаўнік. Хто стаў для вас правадніком у свет музыкі? 

— Дзякую свайму першаму педагогу Алене Вячаславаўне Пракунінай. Менавіта з ёй упершыню выступіла на сцэне, а таксама стала ўдзельніцай гарадскіх канцэртаў. Хачу выказаць цёплыя словы Марыне Іванаўне Калантай, якая дала зразумець, што немагчымае магчыма, і стала для мяне галоўным прыкладам для пераймання. З ёй мы пачалі актыўную конкурсную дзейнасць: выступалі на ўсіх гарадскіх і абласных спаборніцтвах. Дзяўчынку са звычайнай школы не заўсёды заўважалі, але мы шмат працавалі, ішлі далей, не спыняліся. І аднойчы падчас канцэрта ў Маладзечне зоркі нашай эстрады адзначылі мой незвычайны голас. А педагог каледжа мастацтваў Святлана Мікалаеўна Стракалава пашырыла межы маіх магчымасцей: я стала ўдзельнічаць у рэспубліканскім радыёконкурсе “Маладыя таленты Беларусі” і дзяліла сцэну з аркестрам Міхаіла Якаўлевіча Фінберга. 

— Сярод такой вялікай колькасці яркіх выступленняў маглі б вылучыць самае значнае? 

— Кожны раз, выходзячы на сцэну, я перажываю. Але заўсёды стараюся перадаць увесь сэнс песні і эмоцыі слухачу, бо менавіта ўсмешка і апладысменты — узнагарода за нашу працу. Рэпертуар, які я выконваю, — гэта ўрачыстыя, патрыятычныя, а таксама забаўляльныя песні. Незабыўным лічу выступленне з аркестрам Фінберга ў 2022 годзе, таму што эмоцыі, якія адчувае вакаліст падчас выканання песні з аркестрам, — гэта нешта касмічнае. Жывое гучанне скрыпкі, гітары, талеркі ніколі не параўнуецца з фанаграмай. Яшчэ адна яркая падзея — урачыстае мерапрыемства, прысвечанае Дню Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь у 2023-м, і выкананне дзяржаўнага гімна. 

— А ў 2021 годзе вы сталі ўдзельніцай шоу “Х-фактар”. З якой мэтай пайшлі на праект? 

— Гэта быў вельмі незвычайны фармат спаборніцтва. У мяне не стаяла задачы перамагчы або прайсці ў прамыя эфіры: я хацела трапіць у першы адборачны тур, каб паехаць у трэніровачны лагер. У выніку даказала сабе, што шмат чаго магу. Я пачула словы прафесійных вакалістаў, музычных крытыкаў — і гэта стала для мяне галоўнай узнагародай. 

— Што значыць для вас перамога на XII Рэспубліканскім творчым радыёконкурсе “Маладыя таленты Беларусі”? 

— Яна дасталася не з першага разу, бо ў 2022-м я падавала заяўку і не прайшла, а ў 2023-м стала лаўрэатам першай ступені. Выпрабаванні праходзілі ў тры туры: спачатку я спявала кампазіцыю беларускіх аўтараў з рэпертуару Ірыны Дарафеевай “Озерцо” (словы Уладзіміра Пецюкевіча, музыка Дзмітрыя Далгалёва). Другі этап — песня на замежнай мове, дзе я выконвала “Skyfall” Adele. І для заключнага выпрабавання была абраная “Беларусь — это мы” (музыка Яўгена Алейніка, словы Ганны Сялук). 

— Зараз вы працуеце ў сярэдняй школе. Лічыце, што вучыць дзяцей — ваша прызначэнне? 

— Мне грэе душу тое, што я вярнулася працаваць у сваю родную школу, дзе вучылася з 6 па 11 клас. Я заслужыла павагу калег, якія раней былі маімі настаўнікамі. Ёсць такі выраз: знайдзі справу па душы — і табе не прыйдзецца працаваць ні дня ў сваім жыцці. Гэта пра мяне, і я ганаруся сваёй справай, мне падабаецца перадаваць падрастаючаму пакаленню тое, што калісьці ўклалі ў мяне.

Цяпер атрымліваю нашмат больш задавальнення ад выступленняў і перамог сваіх па- дапечных. Заўсёды кажу ім: імкніцеся паказаць сябе, праспяваць на добрай сцэне і ў вялікай канкурэнцыі. Сярод маіх выхаванцаў не толькі лаўрэаты гарадскіх і абласных конкурсаў, ёсць і прызёры міжнародных спаборніцтваў, такіх як Міжнародны фестываль-конкурс “Золотой орёл” (Санкт-Пецярбург, 2023 г.), III Міжнародны конкурс мастацтваў “Мир вдохновения” (Ліпецк, 2023 г.), III Міжнародны конкурс мастацтваў “Алые паруса” (Санкт-Пецярбург, 2023 г.). Лічу, што гэта вялікі поспех для школьнікаў без музычнай адукацыі. У мяне ёсць шмат таленавітых дзетак, якія пакуль праяўляюць сябе толькі на гарадскіх пляцоўках, але я думаю, што ў бліжэйшы час сітуацыя зменіцца. 

— Існуе меркаванне, што ў агульнаадукацыйнай школе нельга выгадаваць музыканта або спевака… 

— Для мяне менавіта гэтая навучальная ўстанова адкрыла дзверы каледжа мастацтваў. І дзякуючы сваёй настаўніцы Марыне Іванаўне я зразумела, што не варта баяцца цяжкасцей, а трэба іх пераадольваць. Таму і я паказваю сваім дзецям, што перашкоды існуюць толькі ў нас у галаве. 

— У будучыні вы бачыце сябе… 

— Выступоўцай на сцэне “Славянскага базару ў Віцебску”. Сярод майго атачэння ходзіць фраза: “Анастасія Пачынчык — народная артыстка Рэспублікі Беларусь”. Спадзяюся, праз 10-15 гадоў гэта спраўдзіцца. Я натхняюся сваімі педагогамі і сваімі вучнямі. Менавіта іх усмешкі кожны дзень даюць мне сілы для новых праектаў. 

Настасся ЮРКЕВІЧ 

Фота з архіва гераіні