З Палесся – з любоўю

Ансамбль народнай музыкі “Палешукі” – адзін з яркіх прадстаўнікоў культурнай спадчыны Брэстчыны. Вядомыя арыгінальнымі інтэрпрэтацыямі песень, артысты заваявалі сэрцы шматлікіх прыхільнікаў не толькі ў вобласці, але і далёка за яе межамі. Дваццаць гадоў “Палешукі” носяць званне “Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь”. Пра непераўзыдзены стыль і самабытнае выкананне нам расказаў кіраўнік ансамбля Іван Іванавіч Засімовіч.

У маляўнічым кутку Беларусі, дзе раскінуліся бязмежныя балоты і густыя лясы, у 1986 годзе на базе Іванаўскага Дома культуры зарадзіўся ўнікальны ансамбль. “Палешукі”, названыя ў гонар роднай зямлі, сабралі пад сваім крылом таленавітых артыстаў. Музыканты адразу паставілі перад сабой амбіцыйную мэту — стаць калектывам, непадобным на іншыя. Літаральна праз чатыры гады з дня ўтварэння ансамбль атрымаў званне “народны”, у 2004-м стаў “Заслужаным аматарскім”. 

Доўгі час нязменным кіраўніком “Палешукоў” была Людміла Стэфанаўна Каспяровіч. З сакавiка 2013 года ансамбль узначальвае Іван Іванавіч Засiмовiч. 

Калі Іван Іванавіч прыйшоў кіраваць “Палешукамі”, якія ўжо заслужылі павагу ў рэгіёне, яму толькі споўнілася 26 гадоў. Энергічны, са свежымі ідэямі, малады чалавек пастараўся ўдыхнуць у гучанне калектыву сучасныя матывы. Сёння рэпертуар багаты і разнастайны, як сама палеская прырода. Артысты выконваюць народную музыку, мелодыі і рытмы, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Галасы зліваюцца ў гарманічным хоры, ствараючы зачаравальную поліфанію, якая выносіць слухачоў у мінулае, да вытокаў культуры. 

Фальклор дае шмат магчымасцей для творчых эксперыментаў. Важна, падкрэслівае Іван, што музыканты не стаяць на месцы: падчас выступленняў яны рухаюцца, прытанцоўваюць — кожны нумар дынамічны. 

Аснову рэпертуару складаюць больш за сорак канцэртных нумароў, сярод якіх беларускія аўтэнтычныя песні з уласцівымі палескаму рэгіёну творчымі замалёўкамі, вакальна-харэаграфічныя кампазіцыі, жартоўныя песні, сюіта на тэму мясцовых танцаў. 

Слухачам падабаецца і асобны кірунак — “Музыка беларускіх замкаў”, у якім прагледжваюцца мелодыі ад грыгарыянскіх харалаў XI стагоддзя да высокага стылю барока. Аднак нельга сказаць, што аўтарская праграма калектыву абмежавана выключна традыцыйнай музыкай. “Палешукі” чэрпаюць натхненне ў папулярным фолку, змешваючы старажытныя матывы з мадэрновымі рытмамі і аранжыроўкамі, смела дадаюць новыя інструменты. Так у калектыве з’явілася бас-гітара. Эксперыментавалі з ударнай устаноўкай, клавішамі. Выступленні гэтага ансамбля — сапраўднае свята гуку, дзе традыцыя і наватарства пераплятаюцца ў маляўнічым карагодзе. 

Не менш яркі, чым музыка, і знешні выгляд артыстаў. Яны выступаюць у традыцыйных уборах, вышываных мудрагелістымі ўзорамі. Адзенне — сімвал сувязі з роднай зямлёй, з яе багатымі традыцыямі. 

Сёння ў пастаянным складзе калектыву — адзінаццаць чалавек: дзесяць мужчын і адна жанчына. Склаліся ў музыкантаў свае дуэты, трыа, вакальныя групы і інструментальны ансамбль, якія самастойна могуць прапанаваць гледачам канцэртныя праграмы. 

Асноўным кірункам дзейнасці з’яўляецца папулярызацыя і прапаганда народнай творчасці. Вялікая любоў удзельнікаў калектыву да беларускай песні і музыкі і нястрыманае жаданне зберагаць і развіваць культурную спадчыну Палесся, самабытныя элементы краю, арыгінальнасць найгрышаў народнай музыкі, напеваў, асаблівасці характару музычных твораў — усё гэта падкрэслівае індывідуальнасць гурта і яго дзейнасці. 

“Палешукоў” ведаюць не толькі ў родным Іванаўскім раёне, але і далёка за яго межамі. Яны заўсёднікі шматлікіх фестываляў і канцэртаў, пакараюць слухачоў сваім талентам і аўтэнтычнасцю. Калектыў, які захоўвае і адраджае старажытныя традыцыі ды натхняе новыя пакаленні на творчыя пошукі, стаў неад’емнай часткай культурнага жыцця Палесся. 

Іван Іванавіч разважае: 

— У свеце музыкі, дзе жанры пераплятаюцца, а густы пастаянна мяняюцца, вылучыць адну катэгорыю слухачоў— задача не з лёгкіх. Калі прадукт па-сапраўднаму якасны, незвычайны і непаўторны, ён атрымае водгук у сэрцах людзей. Ключ да поспеху — знайсці агульныя пункты судотыку. Музыка — універсальная мова, якая аб’ядноўвае людзей, таму важна камунікаваць са сваёй аўдыторыяй, улічваць яе пажаданні. Народныя матывы могуць быць прадстаўлены па-рознаму. Гэта не проста набор традыцыйных мелодый, а жывы арганізм, які можна адаптаваць і інтэрпрэтаваць у адпаведнасці з сучаснымі густамі. Трэба шукаць спосабы пашырэння аўдыторыі, не змяняючы пры гэтым сваёй сутнасці. 

Акрамя таго, павінен быць годны вядучы канцэрта, які можа захапіць публіку, а таксама праграма, што будзе трымаць у напружанні, светлавое і гукавое афармленне сцэны, касцюмы, якія створаць непаўторную атмасферу. У свеце мастацтва няма межаў. Якасная кампазіцыя знойдзе свайго слухача, незалежна ад узросту, полу, прафесіі ці музычных упадабанняў. 

Ганна САКАЛОВА 

Фота героя

Падчас выніковай калегіі Міністэрства культуры Беларусі Івану Засімовічу, кіраўніку народнага ансамбля народнай музыкі і песні "Палешукі" Іванаўскага РЦКНТ, аб'яўлена Падзяка Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь за шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм, значны асабісты ўклад у папулярызацыю нацыянальнай культуры.