Якім будзе памятны знак на мінскім замчышчы?

Апублiкавана: 03 красавiка 2024 Стужка Архітэктура Мінск Спадчына

Аўтар: РУДАК Антон

Яшчэ ў пачатку мінулага года сталі гаварыць пра выпрацоўку канцэпцыі мемарыялізацыі і магчымай музеефікацыі месца ў раёне станцыі метро “Няміга”, дзе знаходзіўся Мінскі замак. Меркавалася, што тут усталююць наземныя макеты збудаванняў, рэшткі якіх былі адшуканы падчас археалагічных даследаванняў. 

Сёлета 13 лютага на апаратнай нарадзе пад кіраўніцтвам міністра культуры Анатолія Маркевіча ўжо абмяркоўваліся рашэнні, якія будуць прыняты па выніках конкурсу эскізаў памятнага знака на мінскім замчышчы. Уздымаліся пытанні пра асноўныя этапы, тэрміны, крыніцы і аб’ёмы фінансавання работ у адпаведнасці з даручэннем аб выкананні плана мерапрыемстваў, звязаных з рэалізацыяй канцэпцыі па музеефікацыі помнікаў археалогіі гістарычнага цэнтра Мінска. 

Аэрафотаздымак тэрыторыі замчышча 24 чэрвеня 1941 года

Аэрафотаздымак тэрыторыі замчышча 24 чэрвеня 1941 года

Макеты старажытных гарадоў, забудоў візуалізуюць страчаную гісторыка-культурную і археалагічную спадчыну. Падобныя рэканструкцыі грунтуюцца на аўтэнтычных дакументах, часта з метрычнымі апісаннямі, планамі, чарцяжамі, перыяду Сярэднявечча і Новага часу. У дачыненні ж да Мінска, як адзначаюць навукоўцы, на жаль, такія крыніцы адсутнічаюць. Першыя планы адносяцца да канца XVIII стагоддзя, калі горад увайшоў у склад Расійскай імперыі. Таму гісторыкі звяртаюць увагу, што макет мінскага замчышча і наваколля будзе зборным вобразам летапіснага замчышча і пасадаў. Спатрэбіцца шырокае прыцягненне аналогій для візуальнага афармлення асобных элементаў. 

ШТО ТУТ РАНЕЙ БЫЛО 

Мінскі замак вядомы яшчэ з часоў першай летапіснай згадкі цяперашняй беларускай сталіцы ў ХІ стагоддзі. Драўляныя збу д а ван н і знаходзіліся на сутоцы Свіслачы і Нямігі (паміж Свіслаччу і школай № 44, схаванай сёння ў дварах праспекта Пераможцаў) і займалі плошчу каля трох гектараў. Замкавыя ўмацаванні стаялі на двухметровым узвышшы сярод балот правабярэжнай поймы Свіслачы каля вусця Нямігі. Замак быў абнесены пясчана-гравійным валам вышынёй прыкладна восем метраў. Даўжыня замчышча ад Свіслачы да процілеглага заходняга краю складала 300 метраў, шырыня — 120—150 метраў. 

Ужо ў XVII стагоддзі сцены ўмацаванняў страцілі абарончае значэнне і былі занядбаныя, а на тэрыторыі замка пачалі з’яўляцца новыя вуліцы і гарадскія кварталы — амаль усе яны зніклі ў Вялікую Айчынную вайну. Да таго ж немцы размясцілі на замчышчы доўгачасовы агнявы пункт з жалезабетону і зенітныя гарматы. Замкавая гара над берагам Свіслачы была канчаткова знішчана, калі пракладвалася траса сучаснага праспекта Пераможцаў у сярэдзіне 1950-х. Тады ж зніклі і старадаўнія вуліцы, сама планіроўка і назвы якіх нагадвалі аб тым, што тут некалі быў замак: Падзамкавая, Завальная (праходзіла за замкавым валам), а таксама Мясніцкая і Новамясніцкая. 

Выгляд мінскага замчышча ў пачатку ХХ стагоддзя

Выгляд мінскага замчышча ў пачатку ХХ стагоддзя

Захавалася толькі назва Замкавай вуліцы — самая старажытная ў Мінску. Пра колішнія ўмацаванні нагадвае і памятны знак на праспекце Пераможцаў, 2. На гэтым месцы знаходзілася царква, якую так і не дабудавалі ў ХІІ стагоддзі. Археалагічныя даследаванні мінскага замчышча праводзіліся ў 1945—1951 гадах пад кіраўніцтвам Васіля Тарасенкі, пазней, у 1957—1961 гадах, — пад кіраўніцтвам Эдуарда Загарульскага, а з 1974-га тэрыторыю вывучаў Георгій Штыхаў. Менавіта іх раскопкі дазваляюць меркаваць аб выглядзе старажытнага Мінска. 

СЭРЦА СТАЛІЦЫ 

Пасяджэнне журы конкурсу прайшло 16 лютага ў Камітэце архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта. На разгляд экспертаў былі прадстаўлены дзве работы, і пераможцу вызначылі аднагалосна. Найлепшым аказаўся эскіз ад прыватнага ўнітарнага прадпрыемства “Нефпраект”. Аўтарскаму калектыву прапануюць дапрацаваць твор у адпаведнасці з пажаданнямі арганізатараў. 

Паводле задумы, памятны знак уяўляе сабой дакладны макет у маштабе 1 : 300. Аб’ект адлюструе тапаграфію, планіроўку і наваколле старажытнарускага горада. Пры стварэнні эскіза выкарыстоўваліся шкло, сталь і медзь. Памятны знак арыентаваны па баках свету: праведзены лініі мерыдыяна і паралелі, якія працягваюцца на мясцовасці сцежкамі. Гэта дазваляе гледачу суаднесці выяву з рэчаіснасцю. Бакавыя грані пастамента макета паказваюць археалагічны зрэз культурных пластоў. Знаходзіцца памятны знак будзе непадалёк ад уваходу на станцыю метро “Няміга”. 

НЕ ПУСТОЕ МЕСЦА 

Мяркуецца, што новы мемарыяльны знак, які раскрывае выгляд мінскага замчышча, дапаможа ў працы экскурсаводаў і дасць магчымасць жыхарам і гасцям сталіцы ўявіць старажытны горад. Акрамя таго, праект прадугледжвае добраўпарадкаванне навакольнай тэрыторыі з выкарыстаннем малых архітэктурных формаў, якія распавядуць пра гэты гістарычны раён. Так могуць быць пазначаны месцы, дзе знаходзіліся замкавая брама, гродскі суд, Нізкі рынак, рачны порт і іншыя важныя аб’екты. 

Замчышча ў гады акупацыі

Замчышча ў гады акупацыі

Прапанавана і стварэнне шэрага прасторавых канструкцый, што адлюструюць вобразы замкавых збудаванняў і землянога вала. Плануецца паказаць на мясцовасці абрысы выяўленых падчас раскопак пабудоў, якія дапоўняць ужо існае абазначэнне контуру замкавага храма. Важнай часткай праекта і сродкам яго ўспрымання, як мяркуецца, стануць аўдыяфайлы і выявы, што можна будзе загружаць з дапамогай QR-кодаў на помніку. Агляд такой экспазіцыі, інтэграванай у гарадскую прастору, зробіцца захапляльным квэстам, які паслужыць папулярызацыі гісторыі Мінска. 

Антон РУДАК