Тры сястры па-андрэеўску

Апублiкавана: 27 сакавiка 2024 Арт-блог Тэатры Мінск

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя М. Горкага працягвае раней узяты курс на складаныя псіхалагічныя творы рускай класікі. Чарговым крокам у гэтым напрамку стала “Анфіса” Леаніда Андрэева. 

Драматургія дый увогуле творчасць Леаніда Андрэева не надта вядомыя шырокай публіцы. Убачыўшы ў афішы побач з назвай знаёмае слова “меладрама”, а ў сціслым апісанні спектакля — любоўны чатырохкутнік, дзе тры сястры закаханыя ў аднаго мужчыну, хтосьці прыйдзе паглядзець менавіта псіхалагічныя жарсці. І не памыліцца. А хтосьці, маючы ўяўленне пра размаітасць стылёвай палітры Сярэбранага веку, прыйдзе шукаць выкшталцоную сімволіку, якой пазначаны таямніцы чалавечай душы і светабудовы. І таксама будзе мець рацыю, бо знойдзе тое, чаго чакаў. 

Сцэна са спектакля "Анфіса"

Сцэна са спектакля "Анфіса"

Рэжысёр Валянціна Еранькова быццам прытрымліваецца ў гэтым спектаклі адразу дзвюх пастаноўчых тэндэнцый. З аднаго боку, відавочна дэманструе сваё прачытанне — праз тонкую працу з тэкстам, дзе ёсць амаль незаўважныя скарачэнні і, наадварот, некаторыя паўторы, у або- двух выпадках скіраваныя на больш яркае выяўленне агульнай канцэпцыі. З другога боку, рэжысёр тут літаральна раствараецца ў акцёрах, бо самыя галоўныя ідэі даносяцца праз іх ігру, трактоўку роляў. Сачыць за дыялогамі, углядацца ў кожную дэталь сцэнічных паводзін артыстаў, адкрываць для сябе патаемны сэнс сказаных імі слоў і фраз надзвычай цікава. 

У абліччы Фёдара Кастамарава нечакана для многіх выступіў Аляксандр Гіранок. Роля чалавека, які прыцягвае сваёй энергетыкай, ды сам кахаць не ўмее, стала новай прыступкай у яго акцёрскай кар’еры. Дагэтуль адной з яго най¬- больш запамінальных творчых прац быў бліскуча сыграны Любэн у камедыі Мальера “Падмануты муж”. Застаўся ў памяці і цалкам натуральны Рэпер у “Графе Монтэ-Крыста”. І раптам — зусім іншы полюс і нават полюсы. У залежнасці ад сітуацыі Фёдар паўстае розным: стрыманым — і выбуханебяспечным, жорсткім — і то капрызным, то разгубленым, то паслухмяным. Артыст робіць яго гэтакім “вялікім дзіцем”, што пры ўсёй сваёй разбэшчанасці прагне чалавечай цеплыні і спакою, атрымаўшы ўсё гэта толькі ў момант смерці. Невыпадкова рэжысёр тут не прытрымліваецца аўтарскіх рэмарак: замест раптоўнай агоніі смерць наступае быццам у сне — і поўны супярэчнасцяў герой становіцца падобны да анёлка-немаўлятка. 

Цэнтральная жаночая роля — Анфісы — дасталася Вользе Здзярскай. Актрыса прыйшла да яе праз раней створаныя вобразы Наталлі Пятроўны ў тургенеўскім “Месяцы ў вёсцы”, Аглаі ў “Ідыёце” Дастаеўскага, дзе былі добра прапрацаваныя і псіхалагічныя хістанні, і неадназначнасць жаночых характараў. Яе Анфіса мае той унутраны стрыжань, якога бракуе іншым. І атручвае каханка не праз рэўнасць ці помсту, а каб абараніць малодшую сястру, якой не жадае свайго лёсу. 

Сцэна са спектакля "Анфіса"

Сцэна са спектакля "Анфіса"

Аляксандру Паўлаўну, жонку Фёдара, сыграла Вераніка Пляшкевіч. І надарыла яе такой кранальнай цеплынёй і шчырай спагадлівасцю, што тыя не знікаюць нават у самыя напружаныя моманты супрацьстаяння з мужам і Анфісай. 

Малодшую Ніначку ўвасабляе студэнтка Акадэміі мастацтваў Лізавета Гаўрылава. І малюе яе не проста злёгку наіўнай, адданай свайму каханню дзяўчынай, але і будучай рашучай Анфісай, у чым пераконвае яе першая сцэна. 

Яркія, адметныя вобразы ствараюць Сяргей Жбанкоў (Татарынаў), Алег Коц (Разенталь) — ды ўсе задзейнічаныя артысты і студэнты. Правадніком з рэальнага сусвету да метафарычна-сімвалічнага становіцца Бабуля (Аксана Лясная), якая існуе быццам па-за часам: не толькі побач з героямі спектакля, становячыся нямой сведкай падзей, але і дзесьці ў мінулым і адначасова ў будучыні, ператвараючыся ў сталы, прымудроны жыццём двайнік Анфісы. 

Сцэна са спектакля "Анфіса"

Сцэна са спектакля "Анфіса"

Сімволікай прасякнутыя сцэнаграфія Алы Сарокінай, відэакантэнт Аляксандры Мацук, тэатральнае святло, праз якое часам ствараецца ірэальная карціна: поўны месяц, нейкія старадаўнія разваліны. Галлё падобнае дзе да перакуленага карэння, дзе да павуціння. Выдранае з зямлі сухое дрэва становіцца маятнікам-ківачом. І над усім — атмасферна-таямнічая музыка Аляксея Еранькова, дзе для пэўнага настрою патрэбныя, здараецца, усяго некалькі нот, што складаюцца ў своеасаблівы штрых-код сцэнічнай сітуацыі, ці нават адна-адзіная нота. Дый увесь спектакль пабудаваны па музычных законах. Пластычны пралог, які, бы оперная ўверцюра, акцэнтуе галоўныя тэмы. Навагодняе святкаванне пашырана, як гэта бывае ў музычна-тэатральных творах, працяглай каляднай сцэнай, дзе скарыстана беларуская абраднасць. Праз усё дзеянне праходзяць музычныя лейтматывы, адным з якіх становіцца дзіцячая песенька, што гучыць і ў момант смерці Фёдара. Усе гэтыя дэталі ўражваюць настолькі, ажно забываешся на некаторыя “праглытванні” тэксту ў асобных момантах першай дзеі. Натуральна, з часам гэта абавязкова выправіцца. 

Надзея БУНЦЭВІЧ 

Фота Уладзіміра ШЛАПАКА