Тут было гета

Апублiкавана: 03 красавiка 2024 Арт-блог Тэатры Мінск

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

Беларускі дзяржаўны маладзёжны тэатр 14 сакавіка выпусціў незвычайную прэм’еру. За немудрагелістай назвай спектакля “Тут была Клара…” па п’есе Ксеніі Шталенковай хаваўся цэлы шэраг актуальнай праблематыкі — і найперш тэмы Халакосту, Вялікай Айчыннай вайны і вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Сцэна са спектакля “Тут была Клара…”Сцэна са спектакля “Тут была Клара…”

Месца дзеяння абрана невыпадкова. Гэта “Яма”, дзе ў гады вайны знаходзілася Мінскае гета, а цяпер усталяваны мемарыял. Што ж да часу дзеяння, дык у п’есе і, адпаведна, у спектаклі, пастаўленым Таццянай Аксёнкінай, мудрагеліста спалучаны розныя перыяды: перадваенны, пасляваенны, сучаснасць, акрэсленая 1990-мі. І не зразумець адразу, дзе рэальнасць, а дзе ўспаміны-фантазіі-сны. Вайна наўпрост не прысутнічае на сцэне, яна жыве ў сэрцах усіх дзейных асоб — жывых і памерлых, загінулых. Вайна становіцца не проста водападзелам між тым, як было і як стала. Яна выступае своеасаблівай праверкай на чалавечнасць, магчымасць ці НЕмагчымасць здрады, на ўменне захоўваць гістарычную і сямейную памяць, берагчы яе. 

Адгалінаванняў цэнтральнай тэмы — безліч. І гэта не толькі каханне, але і пакуты творчасці маладога мастака. Нечаканая цяжарнасць яго дзяўчыны, у якой хворае сэрца, што можа не вынесці родаў. Чарвячкі сумлення, думкі пра ненаўмысную здраду, якія грызуць мастака ўсё жыццё, маўляў, быў далёка, не змог суцешыць родных у іх апошні час, застаўся жывы, калі маці і сёстры загінулі. Канфлікт пакаленняў: у героя расце ўнучка, таксама мастачка. Вечнае пытанне: хто я? А сярод лейт- матываў — фраза: мы ў абавязку перад імі. 

Адсутнасць звыклага лінеарнага аповеду, пастаянныя перакіды з аднаго часу ў іншы, сутыкненне рэчаіснасці з тагасветнасцю, асэнсаванні, хто ёсць хто, флёр таямнічасці, містыкі, недаказанасці літаральна ў кожнай фразе — усё гэта ператварае спектакль амаль у дэтэктыў. Глядач выступае тут у ролі гэтакага следчага, што збірае факты і намагаецца адбудаваць іх у адзіную лагічную лінію, звязаць раскінутыя ніткі са сваімі вузельчыкамі-зачэпкамі, якія складаюцца ў цэласны пазл хіба ў самым фінале — зноў-такі як у класічным псіхалагічным дэтэктыве. 

Сцэна са спектакля “Тут была Клара…”

Сцэна са спектакля “Тут была Клара…”

Сцэнаграфія Таццяны Мацэвіч узнікае амаль з анічога: так званы чорны кабінет, заднік якога — з сакрэтам. Перасоўны, бо на колцах, з усіх бакоў адкрыты куб, што становіцца гэтакім парталам сувязі часоў і сусветаў. І каменьчыкі, якія сімвалізуюць памяць, нагадваючы пра знакамітую фразу са Старога Запавета: час раскідваць камяні, час збіраць камяні. Касцюмы той жа мастачкі, калі прыгледзецца, утрымліваюць прамыя падказкі, дзе рэальны чалавек, а дзе яго душа. Немагчыма забыць, як у зялёнай сукенцы Клары, што вісіць на сцяне, павольна “прарастаюць” рукі, твар — і потым так жа павольна знікаюць. Ці як на трывожным жоўтым шаліку аказваецца выразана зорка, якую яўрэі мусілі прышываць на адзенне як апазнавальны знак. 

Спектакль стаў новай прыступкай майстэрства як для рэжысёра, так і для акцёраў, сярод якіх — Яўген Лук’янаў (ён жа паставіў і пластыку), Аляксей Вінаградаў, Яўген Іўковіч, Вольга Ліфпуц. Асабліва вылучаецца Лізавета Ільеўская: яна малюе сваю Клару кранальнай, усёдаравальнай і адначасова моцнай, з нязломным унутраным стрыжнем. 

Сцэна са спектакля “Тут была Клара…”

Сцэна са спектакля “Тут была Клара…”

Усё разам ператвараецца ў маленькі шэдэўр, дзе непарыўнае спляценне актуальных тэм прыпадносіцца нязвыкла, крэатыўна, шмат у чым эксперыментальна. І прыцягальна для гледачоў, якіх уцягваюць у разгадванне загадак і трымаюць у напружанні. 

Надзея БУНЦЭВІЧ 

Фота Уладзіміра ШЛАПАКА